День депутата в Сорочинском сельсовете

Саветы і жыццё

Такая форма работы з народнымі абраннікамі, як Дзень дэпутата, з’явілася нядаўна, але паспела ўжо апраўдаць сябе і даць плён. Нагадаем, што мерапрыемства ставіць на мэце вучобу дэпутатаў па асноўных нарматыўных актах, якія датычацца іх дзейнасці, а таксама вырашэнне існуючых праблем і абагульненне станоўчага вопыту. На мінулым тыдні Дзень дэпутата прайшоў у Сарочынскім сельсавеце. У яго рабоце прыняла ўдзел член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Алена Міхайлаўна Падаляк.

Старшыня раённага Савета дэпутатаў А.В.Пашковіч спынілася на асноўных момантах Законаў “Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні”, “Аб статусе дэпутата”, якія спатрэбяцца дэпутатам у паўсядзённай рабоце. Таксама на мерапрыемства былі запрошаны прадстаўнікі розных службаў, якія выступілі перад прысутнымі з патрэбнай і карыснай інфармацыяй.
Загадчык сектара па рабоце са зваротамі грамадзян і выкананні адміністрацыйных працэдур “адно акно” А.А.Семіоненка расказала аб дзеянні Дырэктывы №2 і прааналізавала звароты грамадзян па Сарочынскім сельсавеце. У 2010 годзе ў райвыканкам адсюль паступіла 33 звароты – 16 працэнтаў ад агульнай колькасці. Пытанні, з якімі звярталіся грамадзяне Сарочынскага сельсавета, датычыліся работы жыллёва-камунальнай гаспадаркі, дарожных службаў, аграпрамысловага комплексу, гандлю і паслуг. Непасрэдна ў Сарочынскі сельскі выканаўчы камітэт паступіла 56 зваротаў.
Аб тым, з якімі вынікамі раён завяршыў 2010 год, пра сацыяльна-эканамічнае развіццё і задачах на 2011 год расказала начальнік аддзела эканомікі райвыканкама Т.У.Дзямешка. Станоўчая дынаміка назіраецца ва ўсіх сферах, аднак не ўсе прагнозныя паказчыкі былі выкананы. Прагучалі планы на бягучы год па развіцці прамысловасці раёна, адкрыцці прадпрыемстваў і стварэнні новых рабочых месцаў.
Дэпутаты шмат працуюць з людзьмі і, па сутнасці, з’яўляюцца ідэолагамі. Часта трэба растлумачыць, данесці пэўную інфармацыю, паўплываць на свядомасць чалавека. А галоўнае – адкрыта ісці да людзей. Гэта і зазначыла ў сваім выступленні начальнік аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама В.М.Захарэнка. Трэба мабілізаваць людзей на выкананне пастаўленых задач і тлумачыць дзяржаўную палітыку.
Тэма стану законнасці і правапарадку на тэрыторыі Сарочынскага сельсавета гучала ў выступленні начальніка РАУС С.А.Алабіна, што падштурхнула прысутных да шырокага абмеркавання набалелых праблем. Сарочынскі сельсавет – адзін з самых крымінагенных пасля гарпасёлка. Гэта абумоўлена тым, што тут сканцэнтравана вялікая колькасць насельніцтва, пралягаюць дзве асноўныя аўтамабільныя трасы рэспубліканскага і абласнога значэння, ёсць азёры – улюбёныя месцы адпачынку, а таксама на тэрыторыі пражывае шмат асоб, якія злоўжываюць спіртнымі напіткамі. Са 170 здзейсненых за мінулы год у раёне злачынстваў 39 адбылося ў Сарочынскім сельсавеце. Асноўныя з іх – крадзяжы, браканьерства, кіраванне транспартам у стане алкагольнага ап’янення. У бягучым годзе на тэрыторыі сельсавета здзейснена 4 злачынствы. Каб кантраляваць абстаноўку, за сельсаветам дадаткова замацаваны другі ўчастковы інспектар. Па-ранейшаму вострай праблемай з’яўляецца п’янства.
Не менш ажыўлена ішло абмеркаванне тэмы папярэджання і прафілактыкі пажараў у раёне. Інспектар дзяржпажнагляду А.І.Полазаў у сваім выступленні адзначыў, што ў нашым раёне за 3 месяцы адбылося 13 пажараў, на якіх загінула 5 чалавек. Тым самым наш раён заваяваў непрыемнае лідарства ў вобласці. Непасрэдна ў Сарочынскім сельсавеце ў бягучым годзе адбыўся адзін пажар, у агні загінуў чалавек. Асноўнымі прычынамі пажараў з’яўляюцца неасцярожнае абыходжанне з агнём у нецвярозым стане і парушэнне правілаў эксплуатацыі электрапрыбораў.  
Старшыня Сарочынскага сельскага Савета дэпутатаў Л.Я.Птушка зрабіла аналіз работы дэпутатаў пярвічнага і базавага ўзроўняў у сваіх выбарчых акругах.
А.М.Падаляк адзначыла актуальнасць такога мерапрыемства, як Дзень дэпутата, і дзейснасць абранай формы работы. Яна параіла заўсёды быць уважлівымі да зваротаў грамадзян, кожнаму чалавеку дапамагаць у вырашэнні яго праблем. Алена Міхайлаўна паведаміла прысутным пра новыя законапраекты, над якімі зараз працуюць дэпутаты парламента, заклікала больш актыўна ўносіць свае прапановы па ўдасканаленні дзеючага заканадаўства.
В.ПОЛАЗАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *