Нядаўняя трагедыя ў Талачынскім раёне прывяла ў жах многіх. У агні згарэлі чатырохгадовы хлопчык і яго двухгадовая сястрычка. Бацькі пакінулі без нагляду маленькіх дзяцей адных дома. Вяртаючыся з работы, маці ўбачыла, што з дома ідзе дым, пранікнуць у памяшканне не ўдалося з-за моцнага задымлення і полымя. Выратавальнікі ліквідавалі пажар, а пад канструкцыямі, якія абваліліся, былі знойдзены целы загінуўшых дзетак…
Чамусьці мы робім вывады толькі пасля вось такіх страшных трагедый, калі ўжо нічога не вярнуць. Ды і то пэўныя высновы робяць далёка не ўсе. Многія перакананы ў тым, што ў іх сям’і такога не можа здарыцца. Асаблівую трывогу выклікаюць праблемныя сем’і, у якіх ёсць дзеці: для бацькоў самым дарагім з’яўляюцца не яны, а купленая бутэлька спіртнога, калі дарослыя ставяць пад пагрозу не толькі сваё жыццё, а і ні ў чым невінаватых дзяцей, часта яшчэ зусім маленькіх і безабаронных.
Стан пажарнай бяспекі ў домаўладаннях некаторых такіх грамадзян выявіўся падчас чарговага сумеснага рэйду аддзела па надзвычайных сітуацыях і рэдакцыі.
Трэба сказаць, што не ва ўсіх наведаных сем’ях назіралася крытычная сітуацыя, аднак парушэнні правіл пажарнай бяспекі, безумоўна, былі. Напрыклад, печ у доме грамадзянкі з Ліпавак эксплуатуецца са шчылінамі, што можа прывесці да пажару, а ў сям’і выхоўваюцца маленькія дзеці. Адзін з іх, дашкольнага ўзросту, сустрэў гасцей з сумнымі і не па-дзіцячы сур’ёзнымі вачыма. Дом пабудаваны ўсяго некалькі гадоў таму, а гаспадыня лічыць, што ён ужо знаходзіцца ў аварыйным стане. Плаціць за яго ў месяц вельмі сімвалічную суму і ўпэўнена, што рамонт павінен рабіць не хто іншы, як сельгаспрадпрыемства, якому належыць дом. Такі стэрэатып склаўся чамусьці ў многіх нашых грамадзян, якія замест таго, каб з радасцю абсталёўваць і ўладкоўваць атрыманы новы дом, праводзяць час у чаканні, што ўсё за іх зробіць гаспадарка.
Сітуацыя ў доме грамадзян у вёсцы Загор’е, дзе выхоўваецца пяцёра малалетніх дзяцей, з часу мінулага наведвання супрацоўнікамі МНС значна змянілася ў лепшы бок, аднак дарослыя час ад часу не супраць пакурыць у доме.
Тое ж любяць рабіць і ў адным з дамоў аграгарадка Ільюшына. Яшчэ на парозе адчуўся пах дыму, а ў пакоі бавіла час за застоллем цэлая кампанія. Маці яўна праяўляе больш клопату аб сваім сужыцелі, чым аб маленькай дачцэ-школьніцы. У ацяпляльнай печы выяўлены шматлікія парушэнні, з-за чаго ў доме і прысутнічае пах дыму. Гаспадыня нават не змагла патлумачыць, чаму эксплуатуе печ у такім стане. Больш таго, жанчына ўпэўнена, што гэта не можа стаць прычынай пажару, а яна і яе родныя – ахвярамі. Выяўленыя парушэнні каштавалі ёй штрафу ў памеры з палову зарплаты.
У яшчэ адной сям’і з Ільюшына абстаноўку ў доме нельга назваць нядобранадзейнай, аднак без парушэння не абышлося. У электралічыльніку выкарыстоўваўся засцерагальнік тыпу “жучок” з дроту. Сям’я нядаўна здымае дом і нават не здагадвалася аб такім парушэнні.
Ні ў адным з правераных домаўладанняў не ўстаноўлены аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі, якія папярэджваюць узнікненне бяды. Асноўнымі ж парушэннямі, якія выявіліся падчас рэйду, сталі эксплуатацыя печаў са шчылінамі, складзіраванне на печах і каля іх лёгка ўзгараемых прадметаў, эксплуатацыя керамічных, азбестацэментных і металічных труб замест труб з цэглы, эксплуатацыя разбітых разетак, выключальнікаў і неізаляваных правадоў.
У бліжэйшы час рэйды супрацоўнікаў МНС па домаўладаннях названай катэгорыі грамадзян працягнуцца. Пры выяўленні фактаў парушэння правіл пажарнай бяспекі да вінаватых будуць прыменены меры адміністрацыйнай адказнасці. Нагадаем, што за парушэнне правіл пажарнай бяспекі прадугледжаны штраф да 30 базавых велічынь, а ў выпадку ўзнікнення пажару – ад 30 да 50. Кожнаму з нас ёсць над чым задумацца і варта паклапаціцца пра сваю бяспеку: у многіх выпадках бяды можна пазбегнуць.
С.АВАДНЁЎ,
старшы інспектар
дзяржпажнагляду.
В.ПОЛАЗАВА,
карэспандэнт рэдакцыі.