Ушачская райветстанция провела в хозяйствах жителей района вакцинацию домашней птицы от болезни Ньюкасла

Общество

Дамашняя птушка з’яўляецца самай папулярнай гаспадарчай жывёлай: на пачатак года жыхары раёна гадавалі на сваіх падворках 12,7 тысячы курэй, качак ды індыкоў, а летам гэта лічба павялічваецца, бо нават дачнікі ды старэнькія бабулі заводзяць некалькіх курачак, каб быць пры справе і мець свойскія яйкі. Але крылатых гадаванцаў могуць падсцерагаць непрыемнасці – такія, напрыклад, як вірусная хвароба Ньюкасла, здольная ў імгненне вока знішчыць усё пагалоўе. Лячэнню яна не паддаецца, таму адзіны надзейны спосаб засцерагчыся – правакцынаваць птушку.

Старэйшына вёскі Анікеўшчына В.Жаваранак і ветурач У.Бурак.

Клопат пра гэта бярэ на сябе дзяржава: Ушацкая райветстанцыя закупіла прэпарат і праз раённую газету прапанавала ўсім жадаючым бясплатна прышчапіць курэй. Вакцына ўводзіцца ў арганізм птушкі праз пітную ваду, імунітэт фарміруецца праз два тыдні і дзейнічае каля паўгода.

У выпадку захворвання і гібелі птушкі трэба тэрмінова паведаміць аб гэтым у ветслужбу раёна па тэлефонах: 5-75-38 і 5-72-84.

Актуальнасць кампаніі абумоўлена тым, што хвароба, як кажуць, стаіць ля нашага парога: яе выпадкі былі зарэгістраваны ў прылеглых да беларускай мяжы рэгіёнах Расіі. Супрацоўнікі райветстанцыі правялі тлумачальную работу, раздавалі памяткі ў сельсаветах, тэлефанавалі старэйшынам населеных пунктаў, аднак у некаторых вёсках і аграгарадках людзі не спяшаліся адгукацца на прапанову – маўляў, на маім падворку і так усё нармальна, а раптам пасля прышчэпкі стане горш?

Жыхарка Мажуек Г.Ключонак.

Лічыцца, што пераносчыкі хваробы – пералётныя птушкі, а яе асноўныя сімптомы – павышэнне тэмпературы, млявасць, страта апетыту, кашаль і каркаючыя гукі. Каб зменшыць рызыку захворвання, варта дэзінфекаваць памяшканні, выкарыстоўваць для догляду спецыяльны інвентар і вопратку, запарваць кармы і захоўваць іх у месцы, недаступным для птушак і грызуноў, не дазваляць курам гуляць па наваколлі.

Зрэшты, прыкладаў, калі гаспадары сур’ёзна ставяцца да небяспекі страціць сваю птушку, было больш. “Нямала заявак паступіла з Ушач, Ільюшына, Глыбачкі, да некаторых мы самі зазірнулі на падворак з прапановай – так было, напрыклад, у Вяркудах, дзе папярэдне нам патэлефанаваў толькі адзін чалавек, а ў час абходу далучыліся і іншыя, – расказвае ветурач Вольга Зелянік. – Ад нашых жа супрацоўнікаў патрабавалася так спланаваць маршрут, каб разведзены прэпарат (а яго ў адной ампуле на 4000 доз) быў выкарыстаны да заканчэння непрацяглага тэрміну вартасці”.

Вельмі арганізавана прайшла кампанія ў вёсках Кубліцкага сельсавета. “Справу правялі на выдатна, ахапілі 17 населеных пунктаў, – зазначыла старшыня сельвыканкама Марыя Ярмош. – Многія вакцынавалі курэй і летась, таму іх не трэба было пераконваць. Асобна хочацца падзякаваць старэйшынам за дапамогу ў арганізацыйнай рабоце і, канечне, супрацоўнікам райветстанцыі, якія не толькі зрабілі прышчэпкі, а і далі рэкамендацыі, адказалі на хвалюючыя пытанні”.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *