«Звание лучшей будем поддерживать». В деревне Гута каждый житель принимает участие в содержании порядка на территории

Общество

У Гуце цяжкавата вызначыць цэнтр, паколькі вёска падзелена ракой. Аднак умоўна ім можна лічыць скрыжаванне дзвюх вуліц перад мостам, дзе спыняецца аўтакрама, стаіць лавачка, ну а зусім нядаўна з’явіліся альтанка і Дошка аб’яў. На ёй нязвыкла выглядае грамата ў рамцы. Аднак яна там абсалютна дарэчы, паколькі сведчыць пра калектыўную заслугу сяльчан. Старэйшына Эрыджан Арывіч Сабіраў прывёз яе з раённага агляду-конкурсу, дзе менавіта іх вёска прызнана лепшай па добраўпарадкаванні. За гэта ж населенаму пункту і была падорана альтанка.

– Ужо не адзін дожджык у ёй перачакалі, справа добрая, – усміхаецца Галіна Паўлана Кузаўлева. – Хата побач, аднак выходжу заўсёды загадзя, каб пагутарыць з сяброўкамі. Цяпер наогул тут можна затрымацца на пасядзелкі.

– Ды і ад пякучага сонейка ўлетку схавацца, – дадае Лідзія Еўдакімаўна Арцюх. – Аўтакрама прыходзіць хоць і па графіку, аднак не хвіліна ў хвіліну, таму на вуліцы мы праводзім пэўны час.

А людзей да аўтакрамы сабралася багата. Адны чакалі сваёй чаргі, другія спяшаліся да яе. Нават сацыяльны работнік Васіль Літвіновіч падышоў з усімі павітацца. Мы ж рашылі прагуляцца па працяглай вуліцы, што ідзе ўздоўж рэчкі. Цэнтральная, заасфальтаваная год таму ў такую ж пару, добра праглядаецца. Дамы сапраўды адзін пад адзін. Няхай і няновыя, аднак дагледжаныя. З альтанкамі, кветкамі, пафарбаваныя. А што ж робіцца на перыферыі?

А там аказалася не горш. Бойкая гравійка падымалася і спускалася, перш чым давяла да прыгожага распісанага дома. За ім ужо поле, ды і міні-лясок, аднак усё выкашана і па-гаспадарску дагледжана. З яго ўладаром Уладзімірам Іванавічам Мотранка пазнаёміліся яшчэ ля аўтакрамы, да якой ён спяшаўся з рыбалкі і засмучаўся, што не пераапрануўся для фотасесіі.

Побач з ім некалькі такіх жа ўзорных дамоў дачнікаў. А вось Віктар Іванавіч Шарлай хоць і доўга жыве, але не спыняецца, штогод паляпшае як выгляд сядзібы, так і наваколля. Відны дом абрамляла новая агароджа з металаштыкетніку, такой жа акуратнай была і другая, даваенная хатка, за хлявамі на газоне – баскетбольнае кола. Цяпер жа мужчына збіраецца ўстанаўліваць альтанку. І дзірван, што зняў для бетанавання, роўнай дарожкай заслаў на нізкім участку дарогі. А абкошаную вакол дома траву ўбіраў малады чалавек у навушніках. Унук Іван прыехаў на госці, пятнаццаць гадоў жыве ў Аўстраліі, але шчыра сказаў, што тут лепей.

Дарэчы, на вулічнай дарозе няма выбоін не таму, што тут не ездзяць, якраз ва ўсіх транспарт. Аднак даглядаюць пастаянна. “Самі ездзім, самі і ўмацоўваем нізінкі бітай цэглай ці камянямі, – дадае Міхаіл Міхайлавіч Рацько, на сядзібе якога таксама два дагледжаныя дамы. У старым дзедаўскім зараз майстэрня, а выглядае ён як казачны домік, з мноствам кветак побач. А дапамагала яму з жонкай наводзіць парадак зноў жа моладзь. Сын у перапынку паміж экзаменамі ў ВНУ прыехаў і ўзяў у рукі трымер.

– Вёска ў плане добраўпарадкавання асаблівая. Няма дрэнных сядзіб. Кожны, гледзячы на суседзяў, падтрымлівае парадак, – расказвае старшыня Жарскага сельвыканкама Святлана Цімафееўна Міхейка. – Было раней, што прасілі разабраць трухлявы хлеў, аднак усё выконвалася аператыўна і без спрэчак. Я ж усе пытанні вырашаю праз Эрыджана Сабірава. Хоць і некарэнны жыхар, аднак людзі яго паважаюць. А грамадскую нагрузку не лічыць цяжарам і сам што можа, робіць, бо з залатымі рукамі, і не напорыста, тактоўна, аднак не пасаромеецца агульныя інтарэсы адстойваць.

Менавіта старэйшына прыходзіў на прыём да У.П.Андрэйчанкі наконт пракладкі асфальту праз вёску. Па ёй праходзіў аб’езд, калі ў гарпасёлку будаваўся мост, хадзіла літаральна ўся тэхніка, і пыл у прамым сэнсе стаяў слупом. І наш дэпутат палічыў пытанне абгрунтаваным. Каб зняць праблему, вуліцу спачатку “пралілі” палоскамі асфальту. І вось ужо год, як ён ляжыць суцэльна. “Нам бы пад’езды да вёскі ўсё ж заасфальтаваць і на скрыжаванні з’езд, – агучвае Эрыджан Арывіч агульную просьбу. – Ды і гравій, прывезены для падсыпкі абочыны, разраўняць. Я ля сябе сам рыдлёўкай зрабіў, аднак не ўсім гэта па сілах.

Калі не патрэбна дапамога, рукасты старэйшына спраўляецца з вясковымі справамі сам. Адзін устанаўліваў альтанку, забетанаваўшы апору, каб ветрам не знесла. Устанавіў дошку аб’яў. А наогул адзначае, што людзі ідуць насустрач, заўсёды дапамогуць, калі трэба. Не даводзіцца ўгаворваць. “Вось летась мы на могілках падсыпалі дарогу і месца паркоўкі машын. Спачатку я вывесіў аб’яву, што на гэтыя мэты патрэбны сродкі. І ўшацкія, і іншагароднія прывозілі, хто колькі мог. Мы заказалі дзве машыны гравію, кіраўнік ААТ “Ільюшынскі” выдзеліў “Амкадор” для разраўнівання, ну а ўручную “падчышчаць” мне дапамог Уладзімір Дук. Гравіем на аснову пад альтанку падзялілася Юлія Якаўлеўна Зелянік. Людзі ў Гуце жывуць выдатныя, і званне лепшай вёскі мы, канечне, будзем падтрымліваць”.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *