Прыняцце прысягі – момант асаблівы. Назаўсёды запомняць гэты рытуал 40 ваеннаслужачых унутраных войск, якія клятву на вернасць Радзіме давалі на мемарыяльным комплексе “Прарыў”. У Год гістарычнай памяці асабліва сімвалічна і пачэсна.
Летась 7-я асобная спецыяльная міліцэйская брыгада ўпершыню прымала навабранцаў у свае рады на нашым “Прарыве”, а сёлета было вырашана зрабіць гэта традыцыяй.
У суботу яшчэ задоўга да афіцыйнага пачатку мерапрыемства на мемарыял прыбывалі дзясяткі аўтамабіляў – пабачыць сваіх салдатаў і раздзяліць урачыстасць ехалі родныя і сябры з розных куткоў нашай краіны. Многія з іх, дарэчы, на “Прарыве” былі ўпершыню.
Кіраўніцтва ваеннай часці, упраўлення ўнутраных спраў аблвыканкама, ветэраны ўнутраных войск і прадстаўнікі грамадскіх арганізацый віншавалі навабранцаў і выказвалі спадзяванне, што папаўненне будзе годна прадаўжаць традыцыі сваіх дзядоў і бацькоў, верна служыць Айчыне. Вітаў гасцей на гераічнай Ушаччыне і кіраўнік раёна С.С.Садоўскі: “Служба ва Узброеных сілах заўсёды была добрай жыццёвай школай, часам узмужнення, гэта нялёгкія ўрокі, але яны ідуць на карысць. Няхай вашы дзеянні спрыяюць падтрыманню бяспечнай абстаноўкі, спрыяльнай для працы і адпачынку ўсіх беларусаў. Мірных вам будняў і здароўя”. Божай дапамогі падчас нясення воінскай службы пажадаў благачынны Ушацкай царкоўнай акругі іерэй айцец Аляксандр Таляронак і акрапіў новае папаўненне святой вадой.
“Цяжка перадаць пачуцці, якія зараз мяне перапаўняюць – і хваляванне, і гонар, і адказнасць. Прызыўнікі прыкметна змяніліся з таго моманту, як мы іх адпраўлялі ад ваенкаматаў, форма ім да твару. Хоць і прыйшлося пераадолець кіламетры, аднак тут, на вашым “Прарыве” незвычайная атмасфера. І гэта самы лепшы ўрок патрыятычнага выхавання”, – падзялілася мама аднаго з навабранцаў Алена Мікалаеўна Жокіна.
За месяц папаўненне ваеннай часці 5524, што дыслацыруецца ў Віцебску, спазнала агульнавайсковыя асновы, атрымала веды па агнявой, медыцынскай падрыхтоўцы. Салдаты так зладжана маршыравалі на мемарыяле, што адразу кожны пераконваўся – першы вучэбны этап іх службы прайшоў паспяхова. І калі большасць хвалявалася, то ўраджэнец аграгарадка Кублічы Аляксандр Клопаў на роднай зямлі адчуваў сябе ўпэўнена. Да службы ў арміі ён паспеў атрымаць спецыяльнасць мікраэлектроніка ў Мінскім політэхнічным каледжы – філіяле БНТУ. У Аляксандра, а таксама яшчэ аднаго ўраджэнца нашага раёна Аляксандра Смаргуна ў гэты дзень, несумненна, былі самыя вялікія групы падтрымкі – на мемарыял прыехалі як родныя, так і сябры, якія не хавалі эмоцый і слёз радасці ад сустрэчы.
Назіралі за рытуалам не толькі ганаровыя госці, бацькі ваеннаслужачых, а і юнае пакаленне: на мемарыяле прысутнічалі прадстаўнікі ваенна-патрыятычных клубаў вобласці, вучні Ушацкай і Ільюшынскай школ.
Фіналам мерапрыемства сталі паказальныя выступленні спецыялістаў-кінолагаў і ўзвода спецыяльнага назначэння, якія прадэманстравалі, як затрымліваюць пешых злачынцаў і тых, хто перамяшчаецца на машыне. Свае ўменні паказалі і юныя прадстаўнікі ваенна-патрыятычнага клуба “Сокал” з Наваполацка. А вайскоўцы духавога аркестра вайсковай часці 5530 устроілі невялікі канцэрт. Радасным момантам для галоўных герояў прысягі стала атрыманне першай за час службы звальняльнай, якую яны правялі на Ушаччыне.
Вольга КАМАРКОВА.