У раёне, на жаль, няма ўжо асобнага прадпрыемства, якому да гэтай даты “Патрыёт” заўсёды прысвячаў старонку. Але ёсць вельмі многа людзей, якія па-ранейшаму святкуюць сваё прафесійнае свята. І няма на Ушаччыне такога куточка, дзе б узгоркі не пераразалі раўнюткія каналы, а на месцы балаціны не каласілася збожжа. І напярэдадні свята мы завіталі ў сям’ю меліяратараў Мікалая Аляксеевіча і Таццяны Васільеўны Гвоздзь, якія працавалі ў нашым ПМК-50 з 1988 па 2011 год, а ў часы яго кіраўніцтва прадпрыемства заставалася адным з самых запатрабаваных і моцных.
Кожны год – больш тысячы гектар
Пасля заканчэння ў 1982 годзе Горацкай сельгасакадэміі маладая сям’я, якая ўзаконіла адносіны яшчэ падчас вучобы на гідрамеліярацыйным факультэце, трапіла ў Верхнядзвінскае ПМК. А праз тры гады прараб становіцца спецыялістам Полацкага трэста па меліярацыі: паколькі ў сямідзясятыя распачалося масавае асушэнне зямель і ПМК адкрыліся літаральна ў кожным раёне, у вобласці іх існавала два – Віцебскі і Полацкі. Тры гады “стажыроўкі” ў апошнім аказаліся вельмі карыснымі для будучага галоўнага інжынера: пабачыў як што робіцца ў розных ПМК.
– На той час мы здавалі ў эксплуатацыю толькі новыя меліярацыйныя аб’екты, па 800-1200 гектараў у год, а абслугоўваннем раней узведзеных займаўся асобны ўчастак, – удакладняе М.А.Гвоздзь. – Працавала ажно адзінаццаць ЭТЦ-202 – асноўны агрэгат, з дапамогай якога рабіўся дрэнаж – укладаліся керамічная трубкі. Ну а калі пачалася перабудова і аб’ёмы работ значна скараціліся, проста вымушаны былі хапацца за любую прапанову і нават асвойваць нехарактэрныя для меліяратараў спецыяльнасці.
Выточвалі запчасткі і нават вязалі мётлы
Так спачатку “выбілі” дагавор з нафтаправодам “Дружба”, потым з “Віцебскгазам”, “Гомельгазбудам”, для якіх капалі каналы з папярэдняй выкарчоўкай хмызняку для будучых газаправодаў. Газ нашы меліяратары “вялі” практычна па ўсіх раёнах вобласці, а потым і ваду, прычым не толькі рыхтавалі аснову для закладкі труб, але і самі майстравалі сеткі, на той час ужо атрымаўшы адпаведную ліцэнзію. Больш таго, будавалі станцыі абезжалезвання. Для электрыкаў прачышчалі палосы пад лініямі электраперадач. А вось сертыфікат на права ўкладкі пліткі (яна на ўсіх тратуарах гарпасёлка) з’явіўся напярэдадні рэспубліканскіх “Дажынак” у Оршы. Вобласць даручыла заняцца добраўпарадкаваннем, вось і асвоілі новы від. Гэта быў першы і вельмі складаны ўчастак ля рынка з мноствам “астраўкоў”, але яна добра ляжыць і зараз, як і ўмацаванне набярэжнай на Віцьбе ў абласным цэнтры. Для “Нафтана” ў чыстым полі рыхтавалі пляцоўку для захоўвання нафты, за экалагічныя сродкі вывозілі арганіку. Бралі нават дзялянкі лесу на карані і вязалі мётлы, ствараючы практычна безадходную вытворчасць. Аднак з апошнімі “прагарэлі”, затое ўсе сур’ёзныя аб’екты здаваліся з прыбыткам, што дазваляла пашыраць машынны парк і заставацца ў выйгрышным становішчы перад іншымі.
– Нельга будаваць сур’ёзныя аб’екты без тэхнікі, якой ужо не было ў калег. Вось і выконвалі профільныя заказы на тэрыторыі Полацкага, Чашніцкага і нават Пастаўскага раёнаў, – прыгадвае Мікалай Аляксеевіч. – Мы ж і свае зламаныя машыны не выкідвалі, і дзе можна прыглядаліся, каб узяць на тыя ж запчасткі. Быў час, што па дамоўленасці з МТЗ выраблялі для іх дэталі, а ў абмен атрымалі некалькі трактароў. Не было маніпулятара для пагрузкі лесу, Уладзімір Бародзіч рабіў гэта кранам, а Міхаіл Цыбульскі на К-700 са счэпкай вывозіў адразу буйную партыю лесу. У аб’ёме ўсіх работ меліярацыйныя (за бюджэтныя сродкі) складалі толькі 7-10 працэнтаў. На той час займаліся ўжо і рэканструкцыяй аб’ектаў, што складаней, чым будаваць новыя, вельмі дапамагло абсталяванне, якое знаходзіла на палях “забітыя” ўчасткі, а потым набылі машыну, каб пад ціскам прачышчаць дрэнаж.
Ушачане працуюць – як ніхто
Пра што б ні казаў Мікалай Аляксеевіч, падкрэслівае, што ў калектыве працавалі прафесіяналы. “З любым аб’ектам спраўляліся, ды і поўнасцю за яго адказвалі вопытныя прарабы Юрый Анатольевіч Сазанкоў і Уладзімір Віктаравіч Напрыенка. Заўсёды моцнай заставалася брыгада Івана Іванавіча Шамшуры. Выдатныя экскаватаршчыкі Сяргей Гарбаценка і Аркадзь Высоцкі, трактарысты Васіль Васільевіч Лёля, Пётр Данілавіч Прытыка, Аляксандр Васільевіч Чэвідаеў, выключныя працаголікі Васіль Мікалаевіч Сарокін, Анатоль Фёдаравіч Лёля, Уладзімір Аляксеевіч Лявонцьеў, Генадзь Анатольевіч Камаркоў. Вельмі моцнымі былі МАЗісты Дзіма Чарнышоў, Толя Каваленка. А які вопытны галоўны бухгалтар Ганна Аркадзьеўна Палячэнка. Называю імёны, якія першымі паўстаюць у памяці, бо працавалі выключна добра літаральна ўсе. Былі нават чэргі, каб да нас уладкавацца, таму дрэнных не трымалі б. Ведаючы, што людзі працуюць у холадзе, пад адкрытым небам, з частымі камандзіроўкамі, мы імкнуліся стымуляваць іх рублём. Паколькі былі аднымі з першых у вобласці па паказчыках, дабіваліся, каб нам дазвалялі павысіць тарыфную стаўку, бясплатна кармілі абедамі. І людзі гэта цанілі. Наогул ушачане ўмеюць працаваць як ніхто. Прывяду такі прыклад. Калі ўжо быў першым намеснікам генеральнага дырэктара “Віцебскмеліявадгаса”, субпадрадчыкамі на рэканструкцыі сталовай воінскай часці былі некалькі будаўнічых арганізацый, у тым ліку і Ушацкая ПМК-66 (тады пад кіраўніцтвам А.Л.Фамёнка). І менавіта іх якасць выканання аказалася лепшай”.
◆ М.А.Гвоздзь на працягу многіх гадоў з’яўляўся старшынёй камісіі па прыёме дзяржаўных экзаменаў і абароне дыпломаў, а таксама размеркаванні выпускнікоў у Лепельскім аграрна-тэхнічным каледжы, а потым на сваім меліярацыйна-будаўнічым факультэце Беларускай сельгасакадэміі.
Таццяна Васільеўна дадае, што ў канцы дзевяностых спецыялісты планава-тэхнічнага аддзела асвойвалі камп’ютары, а потым і шмат праграм: для “Нафтана”, газавікоў, энергетыкаў, па водаправодзе і ўсіх іншых работах яны былі абсалютна розныя.
І ў час, калі працавалі ў Віцебску, і зараз яны застаюцца вернымі некалі чужой для сябе Ушаччыне. Амаль увесь час праводзяць на дачы ў Праніках. Там у іх поўны парадак, а “планіроўка” не прасцей, чым на крутых схілах Віцьбы: па складаным рэльефе пралягае спуск ад дома да лазні з навесам, разбіты газон і мноства кветнікаў. Таццяна Васільеўна разводзіць ружы, вырошчвае петуніі, што ўжо ва ўсю цвітуць, з вялікіх плантацый чорнай парэчкі варыць каралеўскае варэнне з цэльнымі ягадамі. Тут рай на зямлі. “Калі нас з Полацка пераводзілі ва Ушачы – плакала. І яшчэ больш, калі мужа накіравалі ў Віцебск…, – усміхаецца абаяльная жанчына, паказваючы ўчастак. – Тут мы дома”. І разам з Мікалаем
Аляксеевічам перадаюць прывітанне ўсім меліяратарам раёна. І, канечне, віншуюць іх са святам.
Здымкі з архіва рэдакцыі.
Вольга КАРАЛЕНКА.