У “прамой лініі”, што адбылася 30 сакавіка ў рэдакцыі па пытаннях аховы фаўны і флоры нашага рэгіёна, прынялі ўдзел намеснік начальніка Полацкай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету У.М.ВЛАСАЎ і начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя І.М.ПАДГОЛ. Званкі на “прамую лінію” не былі нечаканымі, хоць і не заўсёды па адрасе.
Пытанне жыхара Ушач Ф.Р.Пацэйкі і двух іншых тэлефонных субяседнікаў (мабыць, вялікіх аматараў рыбнай лоўлі) датычылася магчымасці змяніць тэрміны забароны вылаву рыбы. Пазваніўшыя матывавалі свае прапановы тым, што нібыта лёд на Заходняй Дзвіне і на іншых вадаёмах яшчэ даволі моцны і рыбакі не надта жадаюць іх пакідаць.
– Але ж вы знаёмыя з прагнозам надвор’я, – зазначыў У.М.Власаў. – А ён такі: у наступныя дні чакаецца значнае пацяпленне, і лёд рэзка пачне траціць сваю трываласць. Да таго ж, час забароны лоўлі рыбы на нашых вадаёмах прымеркаваны да перыяду яе нерасту, і задача ўсіх нас – і работнікаў аховы прыроды, і рыбаловаў адзіная: забяспечыць у гэты час на рэках і азёрах цішыню і спрыяльныя ўмовы для паспяховага аднераставання рыбы і ўзнаўлення за кошт гэтага яе запасаў.
Ф.Р.Пацэйка пацікавіўся таксама, як можна завабіць больш буслоў у нашы мясціны. У прыватнасці, прывёў прыклад, што бачыў пры паездцы ў Польшчу ў асобных месцах цэлыя калоніі гэтых птушак.
– А ці мэтазгодныя скапленні вялікай колькасці буслоў у адным рэгіёне? – задаў сустрэчнае пытанне тэлефоннаму субяседніку У.М.Власаў. – Бо арэал распаўсюджання таго ці іншага віду дзікіх птушак або жывёлы перш за ўсё залежыць ад наяўнасці натуральнага корму. Менавіта багацце прыродных кармавых рэсурсаў прадвызначае колькасць пражывання дзікіх прадстаўнікоў фаўны ў любой мясцовасці.
Нібы ва ўнісон гэтым довадам прагучала падчас “прамой лініі” наступнае пытанне. Пенсіянерка вёскі Ліпавец Л.М.Лавейка паскардзілася на тое, што на яе пасевы збажыны і пасадкі бульбы перыядычна робяць набегі дзікі, пакідаючы сям’ю гаспадыні без ураджаю.
Падобныя прыклады ў нашай вобласці і раёне не адзінкавыя і сведчаць аб узнікшым дысбалансе паміж колькасцю дзікай жывёлы і натуральнымі кармавымі ўгоддзямі. Напрошваецца вывад аб неабходнасці рэгуляваць наяўнасць дзікіх звяроў у рэгіёнах адпаведнымі органамі і арганізацыямі.
Начальнік райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя І.М.Падгол паабяцаў пазваніўшай чытачцы звязацца з прадстаўнікамі мясцовага аддзялення Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў, каб падключыць іх да рэагавання на гэты і аналагічныя сігналы чытачоў. Аб магчымых заходах да зняцця праблемы мы пастараемся расказаць у бліжэйшых нумарах газеты.
П.ПРАТАСЕВІЧ.