“Я намалюю сонейка, каб стала яшчэ цяплей! А я кветкі і марожанае! А я ўжо намаляваў машыну – стану вадзіцелем і буду на такой ездзіць!” – менавіта з конкурса малюнкаў на асфальце распачалося ў сераду ва Ушачах святкаванне Міжнароднага Дня абароны дзяцей.
Жадаючых намаляваць лета і не толькі было столькі, што на тратуары ля ўваходу ў сквер ужо праз паўгадзіны не хапала месца для шэдэўраў. Дарэчы, хоць быў заяўлены раённай бібліятэкай конкурс, лепшых не выбіралі, прэзент атрымлівала кожнае дзіця. А вось сапраўдныя карціны юных ушацкіх мастакоў былі прадстаўлены ў скверы, дзе можна было прама там сесці за мальберт і адлюстраваць свой настрой.
◆ На 1 студзеня 2022г у краіне пражывала 1,8 мільёна беларусаў ва ўзросце да 18 гадоў, гэта каля 20% насельніцтва. Большасць дзяцей – гараджане, толькі менш 20% маюць сельскую прапіску.
Асаблівай папулярнасцю карысталіся пляцоўкі, дзе рабіўся аквагрым. Калі б і задаўся мэтай падлічыць, колькі малюнкаў нанеслі на тварыкі дзяцей педагогі цэнтра дзяцей і моладзі, школы мастацтваў Любоў Прашкевіч і Айгуль Смык, не атрымалася б. Чарга да гэтых кропак была аж да заканчэння свята.
Зацікавіла дзяцей лоўля рыбы і стральба з рагаткі. І калі яны былі ўмоўнымі, то гульні ў шашкі на спартпляцоўцы – рэальнымі. А вось работнікі аддзела дзіцячай і юнацкай кнігі запрашалі паўдзельнічаць у разнастайных квестах, пазнавальных віктарынах, адгадванні загадак. Забаўлялі дзяцей падчас гульнявой праграмы Карласан і Малыш, а таксама іншыя казачныя персанажы.
Скарысталіся момантам і ў гульнявой форме нагадалі аб правілах пажарнай бяспекі і дарожнага руху супрацоўнікі райаддзела па надзвычайных сітуацыях і аддзялення ДАІ, а актывісты БРСМ частавалі ўсіх цукеркамі. Дапаўнялі атмасферу свята атракцыёны і гандлёвыя кропкі з разнастайнымі цацкамі, шарамі, салодкай ватай і іншымі прысмакамі.
Тых жа, хто больш любіць спяваць, танцаваць, дэкламаваць вершы сабраў канцэрт “Вясёлка талентаў”. Паказаць дзецям сапраўды было што: напрыклад, выхаванцы ясляў-сада №2 разагрэлі публіку вясёлымі танцамі, не раз выходзіў на сцэну гурт “Капрыз” цэнтра дзяцей і моладзі, у ролі зайчыкаў выдатна глядзеліся малодшыя навучэнцы харэаграфічнага аддзялення школы мастацтваў, а іх старэйшыя “калегі” з танцам бабак-ёжак ужо выступалі на многіх раённых канцэртах, але ўсё роўна выклікалі прыхільнасць гледачоў. Арыгінальнымі былі і сольныя нумары, да прыкладу Яна Сакалова пранікнёна расказала верш ваеннай тэматыкі, а Аня Александровіч пераўвасобілася ў Чырвоную Шапачку.
Прыгожым фіналам свята дзяцінства стала конкурсная праграма “Міні-міс Ушачаначка-2022”, якая ўвечары ладзілася ў раённым цэнтры культуры. Пяцёра дзяўчынак 8-10 гадоў не пабаяліся заявіць аб сабе і выйсці на галоўную сцэну раёна. Ужо толькі за гэта ім трэба было ўсім прысуджаць перамогу. Зусім не хваляваліся, дэфіліруючы па сцэне і расказваючы пра сябе падчас “візітоўкі”. А якія таленавітыя ўдзельніцы, кожнай можна прысвячаць асобны артыкул у газеце.
◆ За мінулы год у краіне нарадзілася больш хлопчыкаў. На 1000 прадстаўнікоў моцнага полу прыходзіцца 949 дзяўчынак. Самымі папулярнымі імёнамі сталі Максім і Марк, Аліса і Ганна.
Як усё паспявае Аліса Пінчук, здзіўляліся ўсе гледачы ў зале: дзяўчынка скончыла другі клас, а ўжо добра валодае англійскай мовай, з’яўляецца навучэнкай харэаграфічнага аддзялення школы мастацтваў, вучыцца спяваць у цэнтры дзяцей і моладзі, не супраць пазаймацца на стадыёне. А яшчэ шмат часу ўдзяляе малодшай сястрычцы і дапамагае маме на кухні. Дарэчы, уся сям’я прыйшла падтрымаць Алісу. Па шматлікіх відэасюжэтах было бачна, што ўсе родныя дапамагалі ёй рыхтавацца да конкурсу.
Васьмігадовая Ліза Жук таксама асвойвае танцы ў школе мастацтваў, а яшчэ любіць пячы разам з мамай пірагі. Як гэта ў яе атрымліваецца, яна прапанавала ацаніць членам журы і паднесла не толькі смачны, а і прыгожа аформлены торт.
Аня Бехава пакарыла ўсіх ігрой на цымбалах, да таго ж і праспявала песню – дзяўчынка займаецца адразу на двух аддзяленнях школы мастацтваў.
Несумненна творчым чалавекам можна назваць Віку Качан. На гульні ў тэлефоне ў яе яўна не хапае часу. Сказаць, што яна прыгожа малюе – нічога не сказаць! Цудоўныя карціны яна стварае не толькі пры дапамозе фарбаў і алоўкаў, а і з бісеру, захапляецца алмазнай вышыўкай. Да таго ж наведвае гурткі ў Доме рамёстваў і шые цацкі. “З сабой на конкурс прынеслі толькі некаторыя вырабы, з усёй калекцыі Віка прыдзірліва выбірала асобныя экземпляры, хаця ўсе яны прыгожыя”, – падзялілася мама Святлана, якая, пэўна хвалявалася больш за дачку. Зрэшты, менавіта ад мамы дзяўчынка захапілася выпечкай і, прадэманстраваўшы працэс прыгатавання кексаў на відэа, таксама пачаставала журы. Цікава, што сапернічаць Вікторыі прыйшлося з дваюраднай сястрычкай Ленай Александровіч. Яна даволі ўпэўнена трымалася на сцэне, бо з яшчэ дашкольных гадоў ужо спявала песні на розных мерапрыемствах. “Лена ў нас актыўная, узяла прыклад са старэйшай сястры Ані і таксама захапілася спевамі. А пазней яшчэ і народнымі танцамі стала займацца”, – расказала нам мама Вольга. Гэтыя таленты і прадэманстравала дзяўчынка на конкурсе. Падтрымаць адразу дзвюх сваіх унучак прыйшлі на мерапрыемства бабуля і дзядуля.
Няпроста прыйшлося журы, бо кожная з дзяўчынак дастойная перамогі, а таму ні адна з іх не засталася без падарункаў і тытула. Так, Аліса стала “Міні-міс арыгінальнасць”, Лізавета – “Міні-міс дабрыня”, “Міні-міс талент” – Вікторыя, а Лена – “Міні-міс артыстычнасць”, а тытул “Міні-міс Ушачаначка” дастаўся Ані Бехавай.
Завяршылася свята дзіцячай дыскатэкай.
Вольга КАМАРКОВА.