Шырокай і насычанай была праграма Дня горада, які ў мінулую суботу адзначаў старажытны Полацк. На гэта свята традыцыйна прыязджаюць многія ўшачане, вось і зараз нашы землякі былі тут не толькі гледачамі, а і дзеючымі асобамі мерапрыемстваў.
Так, у відовішчным конкурсе “Кубак Прыдзвіння-2022” на памост разам з самымі дужымі мужчынамі краіны выйшаў Аляксандр Лабань. Былы выхаванец ушацкай спартшколы, які зараз жыве ў Наваполацку, неаднойчы выйграваў спаборніцтвы па сілавым экстрыме. Беларускія волаты ў чарговы раз захапілі бязмежнасцю чалавечых магчымасцяў: “бралі на буксір” аўтамабіль, уздымалі і пераносілі грузы ў некалькі соцень кілаграмаў, асабліва ж відовішчным быў трук, калі наш зямляк “пракаціў” на сваіх плячах адразу пяць гледачоў (на здымку). Менавіта Аляксандр узняў над галавой Кубак Прыдзвіння. На вышэйшай прыступцы п’едэстала ён стаяў разам з самай заўзятай балельшчыцай – сваёй дачушкай, а падтрымлівала яго падчас турніру ўся сям’я. Ганарацца асілкам і землякі!
* * *
А вось аматараў больш лірычных захапленняў запрасіў V літаратурны форум “Цэнтр Еўропы”. На ўдзел у ім было пададзена 120 заявак з 8 краін свету, і адразу тры прадстаўнікі народнага клуба “Муза” сталі фіналістамі праекта. Мастацкім перакладам і ўласным вершам прадставіла сваю творчасць Галіна Данілёнак, Дыплом глядацкіх сімпатый ІІІ ступені ў намінацыі “Мовай Купалы і Коласа” атрымала Тамара Барадзёнак, а Людміла Дунец узяла заахвочвальны прыз у конкурсе “Паэт-артыст”. А яшчэ нашы ўдзельніцы расказалі ганаровым гасцям і членам журы з Беларусі і Расіі пра багаты на таленты родны край і свой клуб, запрасілі іх завітаць на Ушаччыну.
Наталля БАГДАНОВІЧ.