Хутка ў сельскагаспадарчых арганізацыях пачнуцца гарачыя дзянькі, будзе дадзены старт пасяўной кампаніі. На своечасовасць і якасць яе правядзення ўплываюць многія фактары, у тым ліку і спраўная тэхніка, якая прайшла тэхагляд.
Ва Ушацкім раёне дзяржтэхагляд на сённяшні дзень прайшоў ва ўсіх сельскагаспадарчых арганізацыях. Другое пытанне, як яны вытрымалі гэты экзамен перад пасяўной.
Прыемна парадавалі ў гэтым годзе лінейкай гатоўнасці і агульнай падрыхтаванасцю працаўнікі ААТ “Агра-Селішча” (в.а.дырэктара – М.М.Таргонскі). 78 працэнтаў трактароў і амаль усе прычэпы прайшлі тэхагляд адразу, не была забаронена эксплуатацыя ніводнай адзінкі тэхнікі.
Нядрэнная падрыхтоўка тэхнікі ў КУСГП “Вялікадолецкае”, 93 працэнты трактароў дапушчана да эксплуатацыі (дырэктар – І.Ф.Дарошчанка, галоўны інжынер – Ю.Ф.Васілевіч).
Добра справіліся з пастаўленымі задачамі ў ААТ “Ільюшынскі” (дырэктар С.А.Халімоненка, галоўны інжынер В.П.Аўсіевіч). З 34 трактароў, якія ёсць у гаспадарцы, на тэхагляд было прадстаўлена 30, і ўсе яны без праблем прайшлі агляд, па ўсіх патрабаваннях былі падрыхтаваны і прычэпы. У выніку 88 працэнтаў трактароў і 58 працэнтаў прычэпаў прайшлі тэхагляд і дапушчаны да эксплуатацыі.
Стараннасць пры падрыхтоўцы праявілі і ў “Кублічах” (дырэктар – А.В.Есіпаў, галоўны інжынер – М.Ю.Нічыпар). На тэхагляд было выстаўлена 15 трактароў і 2 прычэпы, і ўсе дапушчаны да эксплуатацыі. Пакуль ёсць крыху часу, тут імкнуцца падрыхтаваць астатнія адзінкі.
74 працэнты трактароў дапушчаны да эксплуатацыі ва “Ушацкім райаграсэрвісе”, дзе самая вялікая колькасць тэхнікі. А вось прычэпы тут падрыхтаваны нездавальняюча – з 11 на тэхагляд было выстаўлена толькі 2.
У некаторых гаспадарках напярэдадні пасяўной сітуацыя з гатоўнасцю тэхнікі зусім нярадасная і выклікае занепакоенасць. Так, у КУСГП “Арэхаўна” пакуль прайшлі тэхагляд толькі палова трактароў і адзін з трох зарэгістраваных прычэпаў. Яшчэ горшая сітуацыя на льнозаводзе, дзе з 19 трактароў на тэхагляд было выстаўлена толькі 5, прайшло тэхагляд 4 і ніводнага прычэпа.
Як зазначыў начальнік Ушацкай раённай інспекцыі дзяржтэхнагляду І.М.Пухальскі, у ходзе агляду не толькі праводзіцца ацэнка тэхнічнага стану машын, але і правяраецца наяўнасць у механізатараў пасведчання, медыцынскай даведкі аб допуску да работы, страхоўкі. Удакладняюцца прыналежнасць машын, іх рэгістрацыйныя дадзеныя, папярэджваецца і спыняецца магчымасць злачынстваў і адміністрацыйных правапарушэнняў, звязаных з эксплуатацыяй машын. Таксама тэхніка павінна мець эстэтычны выгляд і адпавядаць патрабаванням правілаў дарожнага руху.
Усяго па раёне 177 трактароў прайшлі тэхнічны агляд, што складае 75 працэнтаў ад агульнай іх колькасці.
Падчас тэхагляду з механізатарамі сельгаспрадпрыемстваў праведзены інструктаж па тэхніцы бяспекі.
В.ПОЛАЗАВА.