Такога ўрагану, які пранёсся па частцы нашай краіны ў сярэдзіне мая, лесаводы Магілёўскай вобласці не прыпомняць. Сказаць, што лясны фонд атрымаў пашкоджанні – гэта мякка сказаць. Усяго за паўгадзіны ўраган наламаў такіх дроў, што разбіраць іх прыйдзецца ўсё лета. На многіх участках ствараецца ўражанне, што дрэвы тут як быццам касілі касой.
Нарабіў клопатаў вецер і ў Гомельскай вобласці, але больш за ўсіх пацярпела ад непагадзі менавіта Магілёўшчына, самая няпростая сітуацыя склалася ў трох раёнах – Горацкім, Чэрыкаўскім і Клімавіцкім. У апошнім, напрыклад, стыхія злажыла больш гадавога аб’ёму нарыхтоўкі. Па папярэдніх даных, на зямлі ляжыць больш за 500 тысяч кубічных метраў драўніны. Зразумела, што ў такім выглядзе яна губляе свае таварныя якасці. Каб навесці парадак і выратаваць кожны кубаметр лесу, планавая высечка пастаўлена на паўзу, а ўсе сілы кінуты на разборку буралому. Але з такім аб’ёмам мясцовым лесаводам самім аператыўна не справіцца, і Міністэрства лясной гаспадаркі накіравала на дапамогу Магілёўскай вобласці аж 80 лясгасаў з іншых рэгіёнаў краіны. У іх ліку і наш: ушачане ўжо паўтара тыдня працуюць у Клімавіцкім лясгасе. Туды адправіліся 1 харвестар, на якім пазменна працуюць машыністы Васіль Мамонаў і Уладзімір Урбан, 2 фарвардары, на якіх заняты Міхаіл Пермякоў і Сяргей Дрозд. На чатырох лесавозах МАЗ вывозяць лесаматэрыялы вадзіцелі Аляксей Яцкевіч, Аляксей Селявёнак, Максім Дуброўскі, Мацвей Максак.
Кожны лясгас ачысціць мінімум па 40 гектараў пашкоджаных насаджэнняў, Ушацкаму вызначана планка ў 41,7 гектара. І трэба сказаць, нашы землякі на перадавой, штодня асільваюць па 350-400 кубаметраў.
Адпраўляючы сваіх работнікаў у няблізкую камандзіроўку, Ушацкі лясгас паклапаціўся пра жыллё і ўмовы пражывання, харчаванне, наяўнасць усіх неабходных сродкаў аховы працы. Нядаўна спецыялісты прадпрыемства пабывалі на Магілёўшчыне, каб на месцы высветліць многія арганізацыйныя моманты.
◆ Па стане на 30 мая лясгасы Беларусі на бураломных лесасеках нарыхтавалі ўжо 334 тысячы кубаметраў драўніны на плошчы 6,7 тысячы гектараў, пры гэтым нераспрацаваны астатак ацэньваецца яшчэ прыкладна ў 1,7 млн кубоў – такія лічбы прыводзіць прэс-служба Мінлясгаса. Наперадзе ж чакае не менш важная і складаная справа – аднаўленне лесу.
– За сваю прафесійную дзейнасць у лясной гаспадарцы даводзілася многае бачыць, але гэтая сітуацыя сапраўды ўражвае. Майскі ўраган стаў ужо трэцім з пачатку года і самым маштабным па колькасці паваленых дрэў. Іх у 40 разоў больш, чым у папярэднія бураломы. Нялёгкі фронт работ выконваюць зараз нашы хлопцы, працуюць без выхадных. Праманіторылі многія пытанні – ад выканання працоўнай дысцыпліны да маральна-псіхалагічнага клімату. Гэтую брыгаду пасля падменіць другая, работы яшчэ шмат, – расказвае начальнік бюро аховы працы Ушацкага лясгаса І.Я.Ардынскі.
Вольга КАМАРКОВА.