С овациями, цветами и теплой атмосферой. В Ушачской ДШИ прошел отчетный концерт отделения народных инструментов

Культура

Канцэрты аддзялення народных інструментаў Ушацкай дзіцячай школы мастацтваў заўсёды праходзяць у вельмі цёплай атмасферы. Літаральна кожнага юнага артыста запоўненая зала суправаджае воклічамі “брава”, а немудрагелістыя п’ескі навічкоў атрымліваюць такую ж гарачую порцыю апладысментаў, як і віртуозныя опусы выпускнікоў.

У час праграмы “Музычны экспромт”, якую навучэнцы і педагогі прэзентавалі на мінулым тыдні, дэбютаў было некалькі. Упэўнена трымаўся на сцэне самы маленькі ўдзельнік праграмы – балалаечнік Арсеній Антуновіч, якому толькі днямі споўнілася 8 год. Справіліся з хваляваннем баяніст Ягор Дунік і дуэт гітарыстак Насця Гуль і Ульяна Карасцінская (на здымку) – апошняя, дарэчы, толькі заканчвае першы клас “музыкалкі”, а ўжо трапіла ў справаздачны канцэрт. Вядомую мелодыю з фільма “Службовы раман” бойка выканала на домры Жэня Мялешка – і складана было ўявіць, што яна ўпершыню выступае з сольным нумарам. Яркім атрымаўся выхад баяніста Колі Качана (на здымку), якому дапамаглі дзяўчынкі з харэаграфічнага аддзялення. Бліснулі майстэрствам і бывалыя выканаўцы. Сапраўдным хітом у рэпертуары цымбалістаў Івана Драгуна і Мікіты Крыжэўскага стала кампазіцыя “Паладыа”. Ну а ўзорны аркестр народных інструментаў і яго кіраўніка М.А.Грынберг публіка як заўсёды сустрэла авацыямі і кветкамі. Дарэчы, у гэты раз выхад на сцэну калектыву быў асабліва ўрачысты, бо кожнага з яго ўдзельнікаў персанальна прадставілі вядучыя. Што датычыцца апошніх, то дастойную кампанію педагогу Ірыне Коршун склалі юныя памочніцы Злата Клімашэўская і Любава Ціханенка.

“Мы ўпершыню пабывалі на канцэрце ў школе мастацтваў. Убачылі анонс у раённай газеце і спецыяльна прыехалі з вёскі, каб паглядзець выступленне нашага ўнука Данілы, які іграе ў аркестры, і іншых дзяцей, – расказаў жыхар Вашкова Валерый Сямёнавіч Юрэвіч. – Засталіся ў поўным захапленні і будзем цяпер чакаць наступнага канцэрта!”

Відэа ж выступленняў можна паглядзець на старонках “Патрыёта” і “ДШИ Ушачи” ў інстаграме.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *