В Поставах прошла областная спартакиада «Сельские игры». Команда Ушачского района заняла на ней 5-е место

Общество

Усе мы лічым наш раён спартыўным. Сведчыць пра гэта і статыстыка, паводле якой каля чвэрці ўшачан рэгулярна займаюцца фізкультурай. Ну а як мы выглядаем на ўзроўні рэгіёну? Добрай нагодай праверыць гэта стала абласная спартакіяда “Сельскія гульні”, якая праходзіла напрыканцы мінулага тыдня на базе пастаўскага спартыўна-турыстычнага комплексу “Азяркі”.

На працягу трох дзён каля 600 аматараў здаровага ладу жыцця з 19 раёнаў Прыдзвіння змагаліся за камандную перамогу. Для гэтага трэба было паказаць сябе ў дзевяці відах праграмы. Міні-футбол, валейбол і стрытбол замацавалі нашу зборную ў сярэдзіне выніковай табліцы. Тут за сабой сяброў па камандзе вялі капітаны – прадстаўнік ФСК Ігар Коршун, супрацоўнікі райаддзела па надзвычайных сітуацыях Ілья Крывапушчанка і Мікалай Шустроў. Варта зазначыць, што майстэрства ўшачан дазваляла разлічваць і на больш высокія перспектывы ў гульнявых відах, аднак жараб’ёўка на ранняй стадыі звяла нас з будучымі пераможцамі. Не дабралі мы балаў і ў настольным тэнісе.

А вось астатнія спартыўныя дысцыпліны ўзнялі нашы шансы. Пятым месцам парадавалі гіравікі: каманду ў розных вагавых катэгорыях прадставілі яе капітан, загадчык сектара спорту і турызму райвыканкама Сяргей Ціханёнак і выратавальнікі Сяргей Собаль і Віталь Баркоўскі. І калі ў некаторых зборных кіраўнікі спартыўнай галіны, прысутнасць якіх у складзе была абавязковай, ключавой ролі не адыгрывалі, то Сяргей Іванавіч быў моцным звяном каманды і здабыў для яе “бронзу” ў кулявой стральбе.

“Хочацца падзякаваць усім працоўным калектывам, прадстаўнікі якіх адстойвалі гонар раёна на “Сельскіх гульнях”. Асобна ж вылучу райаддзел па надзвычайных сітуацыях, які дэлегаваў у зборную 10 супрацоўнікаў. Зрэшты, гэта і нядзіўна, бо арганізацыя ўзначальвае раённы рэйтынг па выніках удзелу ў спартыўна-масавых мерапрыемствах”, – зазначае дырэктар фізкультурна-спартыўнага клуба А.Жыткоў.

Ну а самы бліскучы вынік ўшачане паказалі ў найбольш складаным выпрабаванні – паласе перашкод, дзе трэба было прайсці па канатнай дарозе, прапаўзці праз “мышалоўку”, даставіць у медпункт “пацярпелага” і пры гэтым не зарабіць штрафных ачкоў. Дакладна распланаваў стратэгію праходжання дыстанцыі выратавальнік Сяргей Бугай. На гэты від ушачане выставілі таксама прадстаўнікоў Дэпартамента аховы Андрэя Бутоўскага і Віталя Жогаля: для апошняга – былога спецназаўца і ўладальніка крапавага берэта – гэта паласа перашкод у параўнанні з армейскай, напэўна, паказалася лёгкай прагулкай. Дастойную кампанію хлопцам склала інструктар ФСК Юлія Казак. І наша маладая чацвёрка заваявала “срэбра”, саступіўшы толькі гаспадарам трасы, якія ведалі кожны яе метр.

Дадаліся ў залік таксама балы за “візітоўкі” – у гэтым конкурсе, дзе ролю лідара ўзяў на сябе культработнік Кірыл Шалыга, ушачане занялі 9 месца. Яшчэ больш высока было ацэнена паходнае кулінарнае майстэрства – тут нашы землякі ўвайшлі ў пяцёрку лепшых. У выніку сума атрыманых балаў прынесла камандзе высокае пятае месца – найлепшы вынік за ўвесь час удзелу ў абласной спартакіядзе! Перамога ж у гэты раз дасталася сельскім спартсменам з Глыбоччыны.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *