На совместном заседании Ушаского райисполкома и Совета депутатов

Общество

У мінулую пятніцу, 25 сакавіка, адбылося сумеснае пасяджэнне раённага выканаўчага камітэта і прэзідыума раённага Савета дэпутатаў.

Дырэктыва №3
на кантролі

Асноўнае пытанне, якое выносілася на парадак дня, датычылася выканання Дырэктывы №3 “Эканомія і беражлівасць – галоўныя фактары эканамічнай бяспекі дзяржавы” ў 2010 годзе. З асноўным дакладам выступіла намеснік старшыні райвыканкама В.В.Дзямешка, у якім змяшчалася агульная карціна выканання раёнам запланаваных паказчыкаў па Праграме энергазберажэння, а таксама прыклады з канкрэтных прадпрыемстваў. Так, мэтавы паказчык па энергазберажэнні выкананы на мінус 7,7 пры заданні мінус 7. Доля мясцовых відаў паліва і другасных рэсурсаў у агульным аб’ёме кацельна-пячнога паліва склала 53,6 працэнта, у тым ліку па УП ЖКГ – 59. Выканана 31 мерапрыемства па энергазберажэнні замест 23 запланаваных. Затраты на адзін рубель аб’ёму вытворчасці зніжаны з 1,036 да 1,013.
Разам з тым, павелічэнне прамых абагульненых затрат адбылося на ветстанцыі – 134 працэнты, райспажыўтаварыстве – 115,5, у “Глыбачанах” – 123,3, аддзеле культуры – 126, санаторыі “Лясныя азёры” – 112,8, АТП №6 – 120,7. Не выканана заданне па павелічэнні выкарыстання мясцовых відаў паліва (замест 1600 тон умоўнага паліва толькі 168), па пастаўцы шкляных адыходаў, тэкстыльных і палімерных матэрыялаў, зношаных шын, толькі на 89,3 працэнта – па здачы макулатуры.
Наколькі важна скарачаць затраты, як гэта адбіваецца на ўсёй эканоміцы краіны, красамоўна давёў да прысутных начальнік абласнога ўпраўлення па рацыянальным выкарыстанні паліўна-энергетычных рэсурсаў А.Я.Краўчанка. Калі ў Беларусі на выпуск тавараў на тысячу долараў патрэбна 290 кілаграмаў паліва, то, напрыклад, у Аўстрыі толькі 120 (!!!), а ў БССР былі ўсе 720. І таго, хто ўмее лічыць, не трэба ўгаворваць эканоміць. Задоўга да прыняцця Дырэктывы №3 пачалі скарачаць энергазатраты на ПУП “Сарочына” і ПМК-66. Уцяпленне сцен, замена лямп, перавод кацельняў на дровы… – няхітрыя прыёмы, якія служаць скарачэнню страт (напрыклад, па дастаўцы цяпла ад носьбітаў па сістэме УП ЖКГ яны застаюцца вялікімі – 20 працэнтаў, а былі 38).
І калі ў 2001 годзе, каб атрымаць тысячу тон умоўнага паліва, дастаткова было затраціць 100 долараў, то зараз не меней 800. Простыя прыёмы эканоміі знойдзены і выкарыстаны, сёння перш чым атрымаць, трэба ўкласці. Дзяржава стымулюе ўкараненне энергазберагаючых тэхналогій. Разумеючы, што прадпрыемствам складана знайсці вялікія сродкі, выдзяляецца палова патрэбнай сумы. Прадпрыемству варта толькі прадставіць разлікі – праз колькі гадоў акупіцца і пачне прыносіць эканомію ноў-хаў. Комплексная Праграма дзейнічае на працягу 10 гадоў, кожнаму прадпрыемству можна і варта падаваць свае праекты.
Кожнаму ж кіраўніку трэба сачыць за выкананнем мэтавага паказчыка па энергазберажэнні, мерапрыемстваў Праграмы энергазберажэння Ушацкага раёна на 2011 год, устанавіць кантроль за зніжэннем спажывання нафтапрадуктаў не менш чым на 3 працэнты ў параўнанні з 2010 годам.

У кожнай вёскі
будуць шэфы

Ажыўлена праходзіла абмеркаванне пытання па добраўпарадкаванні населеных пунктаў Ушацкага раёна ў 2011 годзе. Старшыня раённага Савета дэпутатаў А.В.Пашковіч паведаміла, якія сродкі сёлета запланаваны на гэтыя мэты: 33,3 мільёна на добраўпарадкаванне населеных пунктаў і 190 – дарог (супраць 40 мільёнаў летась). Гэта дае падставу меркаваць, што ўдасца многае зрушыць, у тым ліку і самае праблемнае – дарожнае пытанне. На гэтыя ж мэты ідуць ахвяраванні жыхароў: летась сабрана 8,5 мільёна рублёў, а сёлета плануюцца паступленні ў памеры 21 мільёна рублёў. Будуць накіраваны на добраўпарадкаванне і сродкі, атрыманыя ад продажу зямельных участкаў. У мінулым годзе ў выніку правядзення аўкцыёнаў было выручана 170 мільёнаў рублёў – другі паказчык у вобласці, сёлета запланавана атрымаць 86, хоць і гэтая лічба, напэўна, акажацца вышэйшай, паколькі ўжо ад продажу ўчасткаў Вялікадолецкім сельвыканкамам атрымана 30 мільёнаў.
У лютым сумеснай пастановай прэзідыума абласнога Савета дэпутатаў і абласнога выканаўчага камітэта за 19 населенымі пунктамі Ушацкага раёна, дзе пражывае больш за 100 чалавек, замацаваны прадпрыемствы і арганізацыі горада Полацка, якія будуць аказваць шэфскую дапамогу па добраўпарадкаванні. Была прынята адпаведная пастанова прэзідыума раённага Савета дэпутатаў і райвыканкама: за кожным прадпрыемствам і арганізацыяй раёна таксама замацаваны вёскі раёна, дзе будзе аказвацца пасільная дапамога ў пытаннях добраўпарадкавання. Не застануцца ў баку і спецыялісты інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, землеўпарадкавальнай службы,
адпаведнымі прадпісаннямі яны будуць “нагадваць” гаспадарам дамоў, вакол якіх не будзе належнага парадку, што гэта трэба зрабіць. У маі і верасні пройдуць месячнікі па добраўпарадкаванні, пры сельвыканкамах будуць створаны адпаведныя штабы, наводзіць парадак у грамадскіх месцах будуць таксама беспрацоўныя, якія стаяць на ўліку ў службе занятасці.

Падзяка
за працу

Разглядалася на пасяджэнні яшчэ шмат пытанняў. А самым святочным і шчымлівым былі провады адразу дзвюх адказных работніц райвыканкама на заслужаны адпачынак. Грамату раённага выканаўчага камітэта А.А.Кавалёнак уручыў начальніку аддзела культуры Таццяне Міхайлаўне Малак, якая 38 гадоў працоўнай біяграфіі прысвяціла гэтай галіне, а з 1984 года ўзначаліла работу ўсіх устаноў культуры. Алег Анатольевіч падзякаваў ёй за работу, якая праходзіла ў няпростых умовах слабай аснашчанасці матэрыяльна-тэхнічнай базы, аднак усё, што было ажыццявіма, зроблена менавіта пры Т.М.Малак. Таццяна Міхайлаўна ў адказным слове паабяцала, што па-ранейшаму будзе займаць актыўную жыццёвую пазіцыю, узначальваць раённае аддзяленне добраахвотнага Фонду міру.   
Літаральна ўсе кіруючыя кадры раёна прайшлі праз рукі Валянціны Антонаўны Чырвонай, якая ўзначаліла аддзел арганізацыйна-кадравай работы ў снежні 1985 года. Дваццаць пяць год таму ён называўся не так, аднак менавіта Валянціна Антонаўна ведала ўсімі зваротамі грамадзян, правядзеннем самых важных дзяржаўных кампаній – выбараў, вяла персанальныя справы кіраўнікоў. Старшыня раённага Савета дэпутатаў Алена Васільеўна Пашковіч уручыла Валянціне Антонаўне грамату раённага Савета дэпутатаў, а таксама сказала аб ёй шмат цёплых, шчырых слоў не толькі як аб адказным, добра ведаючым сваю справу работніку, але і аб мнагадзетнай маці, якая выхавала траіх дастойных дзяцей.
В.КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *