Служба в армии закалила характер и дала жизненный ориентир для ушачан Алексея Пятницы и Евгения Бойченко

Общество

Калі сонечным майскім ранкам Аляксей Пятніца і Яўген Бойчанка (на здымку) крочылі па вуліцах райцэнтра, ушачане праважалі іх захопленым поглядам. Пазнаць у падцягнутых, статных вайскоўцах колішніх хлапчукоў, што раслі ў суседнім двары, было няпроста. Між тым, першы такой павышанай увагі нават не заўважыў: пасля дэмабілізацыі спяшаўся дамоў, каб пабачыцца з блізкімі. Крыху раней вярнуўся на радзіму другі юнак, але “развітацца” з вайсковай формай адразу не стаў – яна яму і па душы, і да твару. Апране яе, напэўна, і сёння – у Дзень пагранічніка.

Тэрміновую службу Я.Бойчанка нёс у Лідскім пагранатрадзе на заставе “Геранёны”, пад кантролем якой – участак у 30 кіламетраў на мяжы з Літвой. Прычым, выконваў не характэрныя дагэтуль для сябе функцыі кінолага. “Ніколі блізка не кантактаваў з сабакамі, з гадаванцаў дома быў толькі кот, – расказвае малады чалавек. – Але новага “амплуа” не напужаўся. Пасля чатырох дзён “размарозкі” (так званага працэсу прывыкання) у вучэбным цэнтры Смаргоні такіх як я пачалі знаёміць з нашымі нямецкімі аўчаркамі. Ранкам беглі 1,5 кіламетра да гадавальніка, у якім размяшчаліся чатырохлапыя, кармілі іх, займаліся, ну а потым – у зваротны шлях, каб паспець на вучобу. І гэта толькі ў першай палове дня!”

У такім рэжыме Яўген жыў першыя пяць месяцаў. Пасля ж “вучэбкі” і пяцідзённых збораў быў размеркаваны ў прыгаданы вышэй пагранатрад, дзе даслужыўся да звання сяржанта. Быў камандзірам аддзялення, інструктарам службы сабак.

“Да жніўня мінулага года ўсё было адносна спакойна, – расказвае ўшачанін. – Трэцяга ж чысла пачаўся наплыў мігрантаў, бежанцаў – перайшлі на ўзмоцнены рэжым нясення службы, які зацягнуўся аж да 23 красавіка. Заступалі на дзяжурства па 13 гадзін у суткі, пешшу праходзілі за гэты час па 40 кіламетраў. І практычна заўсёды некага затрымлівалі!”

Найбольш частыя парушэнні, з якімі даводзілася сутыкацца, – незаконнае перасячэнне дзяржаўнай мяжы і “перапраўка” праз яе цыгарэт. За час службы Я.Бойканка затрымаў ажно каля паўтысячы бежанцаў. Спачатку, як прызнаецца, крыху шкадаваў іх. Але потым зразумеў, што бягуць тыя не ад дрэннага жыцця – многія ў брэндавых рэчах, з наварочанымі гаджэтамі… За высокія службовыя паказчыкі наш зямляк узнагароджаны нагрудным знакам “Удзельнік затрымання” ІІ ступені.

Дарэчы, гэта не адзіная яго армейская адзнака. Яўген стаў лепшым кінолагам вайсковай часці, а таксама атрымаў знак “Кіналагічны цэнтр” – у краіне такіх усяго 61.

“Напэўна, цяжэй за ўсё пакідаць службу менавіта кінолагам, – разважае Я.Бойчанка. – Трэба ж развітвацца са сваім гадаванцам, які стаў надзейным сябрам, памочнікам. Дакладна буду сумаваць па ім! Дарэчы, такая “спецыфіка”, як і армія ў цэлым, дала мне сур’ёзны жыццёвы арыенцір – сваю кар’еру цяпер мяркую звязаць з кіналогіяй”.

Нягледзячы на ўсе цяжкасці, найлепшыя ўспаміны пра вайсковыя будні засталіся і ў А.Пятніцы. Служыў ён у Віцебску, у знакамітым дэсантным падраздзяленні. За 1,5 года аб’ездзіў усю Беларусь, прымаў удзел у розных вучэннях. Пэўнае дачыненне меў і да органаў пагранічнай службы – накіроўваўся для ўзмацнення аховы мяжы.

Але, вядома, самым яркім, запамінальным момантам са службы стаў для Аляксея першы скачок з парашутам. Усяго ж іх было чатыры. “Калі не ведаеш, што цябе чакае, зусім не страшна, нават цікава, – усміхаецца малады чалавек. – А вось калі садзішся на борт у другі і наступныя разы, сэрца так калоціцца, што здаецца: чуюць усе. Так, былі сярод нас тыя, хто самастойна адправіцца ў палёт не мог… У такім разе хітра адцягвалі ўвагу старэйшыя вайскоўцы. Ад нечаканасці салдат адпускаў ад сцен рукі – і аказваўся ў палёце”.

Свае карэктывы ў вайсковую службу А.Пятніцы ўнесла эпідэмія каранавіруса. Наведванні ў часці былі забаронены, таму з блізкімі, сябрамі давялося пабачыцца толькі аднойчы – падчас 15-дзённага водпуску. Безумоўна, сумаваў. Аднак на якасць нясення службы гэта не ўплывала – стаў яфрэйтарам, заваяваў аўтарытэт сярод саслужыўцаў і камандавання часці. На наша пытанне, што дала яму армія, Аляксей прызнаўся: “Адчуў сябе больш адказным, навучыўся вытрымцы – маральнай і фізічнай. Лічу, што пасля службы стаў зусім іншым чалавекам”.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *