От дубликата ключей до ремонта одежды и обуви. Сергей Подрез делает работу любой сложности и постоянно развивает свое ремесло

Общество

Каб распачаць размову з майстрам Сяргеем Падрэзам, давялося пачакаць, пакуль ён абслужыць некалькіх кліентаў. Так, дзве пары абутку прынесла ў рамонт ушачанка Анастасія Полазава. “Вельмі патрэбная кропка! І абслугоўванне добрае, і да якасці пытанняў няма”, – зазначыла дзяўчына.

Сваю справу малады чалавек распачаў каля 10 год таму: вывучыўшы сітуацыю на рынку паслуг, выбраў незанятую нішу, аформіў прадпрымальніцтва і адкрыў ва Ушачах майстэрню па вырабе дублікатаў ключоў. Гэтым жа рамяством займаўся ў сталіцы яго брат, што спрасціла працэс навучання і набыцця патрэбнага абсталявання. І хоць узятае ў арэнду месца на першым паверсе КБА было бойкім, у стартавы год работы чэргі да маладога майстра не стаялі: ці то ключы ўшачане рэдка гублялі, ці рэклама не адразу падзейнічала. Аднак ён старанна напрацоўваў аўтарытэт і пашыраў пералік сваіх паслуг: пачаў чыніць сумкі і парасоны, устаўляць клёпкі і мяняць бегункі, заточваць і рамантаваць ланцугі ў бензапілах. І своеасаблівым “маркёрам” прызнання стаў візіт у рэдакцыю кліенткі, якая прасіла адзначыць у газеце ветлівага і ўмелага хлопца.

Сяргей жа працягваў развіваць справу і вырашыў асвоіць рамонт абутку. Браў урокі ў вопытных майстроў, дапаўняў веды праз інтэрнэт-курсы, набыў якаснае абсталяванне – і зараз можа даць другое жыццё лічы што любой пары ботаў ці туфляў з істотным “прабегам”. Ды што там далёка хадзіць за прыкладам, сама днямі забрала з майстэрні чаравікі, якія хацела выкінуць, бо праз два месяцы нашэння іх падэшвы “папрасілі кашы”. Аднак майстар наклаў знутры латкі, падклеіў, прашыў звонку – і пара стала як новая, ды і цану назваў невялікую.

Дарэчы, ажыццяўляць падобныя паслугі можна і ў статусе самазанятага. Як вядома, з прыняццем у 2017 годзе адпаведнага прэзідэнцкага ўказа быў пашыраны пералік відаў дзейнасці, для якіх неабавязкова афармляць прадпрымальніцтва. Самазанятым не трэба весці справаздачнасць, выдаваць чэкі і квіткі, а ўзнос у фонд сацыяльнай абароны, у адрозненне ад прадпрымальнікаў, яны плацяць па жаданні. Усе гэтыя прэферэнцыі стымулявалі актыўнасць насельніцтва: за 2021 год колькасць самазанятых беларусаў павялічылася ў 2,5 раза. Але гэту сферу чакаюць рэформы: так, з наступнага года замест адзінага падатку будзе ўведзены збор “на прафесійны даход” – сістэма стане больш гібкай і дыферэнцыраванай.

“Некаторыя кліенты нават з Мінска абутак вязуць: кажуць, што тыя ж набойкі тут дзешавей рублёў на 5, – распавядае Сяргей. – Выконваю рамонт любой складанасці. Бывае, напрыклад, што пажылыя людзі прыносяць туфлі, стаптаныя да дзірак: раблю ім новыя падэшвы – дарагавата, затое любімы абутак зноў на нагах. Пенсіянеры ўвогуле часта завітваюць, просяць нажніцы завастрыць, батарэйку ці раменьчык у гадзінніку памяняць ­– вядома ж, усім стараюся дапамагчы”.

Выйсці на прыбытковую дзейнасць у такой сферы няпроста. Неабходна пастаянна набываць матэрыялы, дэталі – а адна толькі фрэза для станка, на якім вырабляюцца дублікаты, каштуе каля 70 еўра. Больш трохсот рублёў трэба штомесяц аддаць за арэнду і ў фонд сацыяльнай абароны насельніцтва, павялічыўся сёлета і памер адзінага падатку, па якім працуе С.Падрэз. І хоць дэфіцыту ў кліентах няма (на цяперашні момант ва Ушачах гэта адзіная кропка, дзе рамантуюць абутак), каб выйсці “ў плюс”, працаваць яму прыходзіцца вельмі інтэнсіўна. Але Сяргею гэта па сілах, цяжкасцей ён не баіцца і настроены аптымістычна.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *