Летась у сферы сямейна-бытавых адносін у нашай рэспубліцы здзейснена 22 забойствы і 59 фактаў наўмыснага нанясення грамадзянам цяжкіх цялесных пашкоджанняў. Здзекам падвергся 131 чалавек, у адносінах 102 былі ўзбуджаны крымінальныя справы за нанясенне лёгкіх цялесных пашкоджанняў, якія прывялі да пэўных расстройстваў здароўя.
Сёлета адзначаецца зніжэнне такіх відаў злачынстваў. Аднак цяжар іх вынікаў не дазваляе лічыць, што становішча нармалізуецца. Таму з 1 па 30 красавіка ў вобласці аб’яўлена прафілактычная рэспубліканская акцыя “Дом без насілля”. Каб рэалізаваць запланаванае на рэспубліканскім узроўні і ў нашай вобласці, з мэтай мінімізацыі вынікаў правапарушэнняў, здзейсненых у сферы сямейна-бытавых адносін, кожным раёнам распрацаваны комплекс мерапрыемстваў.
У іх ліку – паляпшэнне прапаганды здаровага ладу жыцця, пашырэнне інфармавання насельніцтва праз інтэрнэт, сродкі масавай інфармацыі, наглядную агітацыю аб заканадаўстве, якое рэгулюе адносіны ў сям’і, пытанні папярэджання правапарушэнняў. Прадугледжана атрыманне грамадзянамі юрыдычнай, псіхалагічнай, медыцынскай і іншай дапамогі па найбольш хвалюючых пытаннях.
Пастаўлены канкрэтныя задачы перад органамі мясцовага кіравання, усімі службамі, арганізацыямі і ўстановамі па паслядоўнай рабоце, скіраванай на выкараненне такой з’явы, як правапарушэнні ў сферы сямейна-бытавых адносін.