Піянерская дружына нашай школы з гонарам носіць імя Героя Савецкага Саюза Аляксея Фёдаравіча Данукалава. Кожны год 28 лютага настаўнікі і вучні ўстановы ўшаноўваюць памяць героя. Сёлета споўнілася б 95 гадоў з дня яго нараджэння.
Аляксей Фёдаравіч нарадзіўся ў лютым 1916 года ў вёсцы Новарасляеўка Дзергачоўскага раёна Саратаўскай вобласці. Вучыўся ў Балашоўскім сельгастэхнікуме і ў 1936 годзе стаў механікам. У кастрычніку 1937-га Аляксея прызвалі ў Чырвоную Армію. Служыў у артылерыі, а потым яго накіравалі ў Іркуцкае ваенна-палітычнае вучылішча.
Вайна… Як гром сярод яснага неба абрынулася яна на сям’ю Аляксея Фёдаравіча. Ён трапіў на фронт. Удзельнічаў у абароне гарадоў Лепель, Орша, Смаленск. У жніўні 1941 года трапіў у акружэнне, арганізаваў партызанскі атрад “Радзіма”, які дзейнічаў у Смаленскай, Віцебскай і Вілейскай абласцях.
У красавіку 1942 года была створана партызанская брыгада “Аляксея”, камандзірам якой стаў А.Ф.Данукалаў. У канцы 1943-га прыйшла радыёграма з Цэнтральнага штаба партызанскага руху за подпісам П.К.Панамарэнкі аб пераводзе брыгады «Аляксея» ва Ушацкі раён. Штаб брыгады размясціўся ў вёсцы Вялікія Дольцы, у доме Аляксандра Амбражэвіча.
На рахунку брыгады “Аляксея” шмат выдатных баявых эпізодаў. Нечаканыя налёты народных мсціўцаў на фашысцкія і паліцэйскія гарнізоны наводзілі жах на ворагаў.
На жаль, зберагчы ад смерці А.Ф. Данукалава партызанам не ўдалося. 27 красавіка 1944 года Аляксей Фёдаравіч знаходзіўся ў штабе, разам са сваімі намеснікамі і камандзірамі партызанскіх атрадаў распрацоўваў план прарыву блакады і выхаду з акружэння. Цішыню парушылі надрыўны гул самалётаў, выбухі бомбаў і трэск кулямётаў. Нехта клікаў на дапамогу. Туды кінуўся камбрыг. Асколак фашысцкай бомбы смяротна параніў камандзіра. На шляху ў шпіталь Данукалаў памёр.
3 усімі воінскімі ўшанаваннямі А.Ф. Данукалава пахавалі ў в.Вялікія Дольцы. Аднак і мертвага яго вельмі баяліся немцы, выкапалі цела Аляксея Фёдаравіча і ўзарвалі. Прах Данукалава мясцовыя жыхары сабралі і аднеслі на руках у Лепель, дзе быў пахаваны ў цэнтры горада, у скверы плошчы Свабоды.
Напярэдадні дня ўшанавання памяці героя піянеры дружыны добраўпарадкавалі тэрыторыю вакол помніка ў Вялікіх Дольцах. Па традыцыі 28 лютага ў школе прайшоў піянерскі збор, на якім вучні ўзгадалі старонкі жыцця і дзейнасці камбрыга А.Ф.Данукалава.
Крысціна АРДЫНСКАЯ,
старшыня савета дружыны
імя А.Ф.Данукалава
Вялікадолецкай школы.