В Ушачском районе наградили победителей олимпиад, спортивных соревнований и творческих конкурсов

Общество

З галоўнымі героямі ўрачыстасці, што ладзілася на мінулым тыдні ва Ушацкай школе, нашы чытачы добра знаёмыя. Нягледзячы на юны ўзрост, яны далі нават не па адной падставе аказацца ў ліку лепшых навучэнцаў раёна, гучна заявіць пра сябе на ўзроўні вобласці і рэспублікі.

Выхаванцы «Залатой саломкі» з Г.Бабянок (справа) і бацькамі.

На мерапрыемстве пад сімвалічнай назвай “Сузор’е надзей” вучняў, іх педагогаў, бацькоў вітала старшыня раённага Савета дэпутатаў Наталля Мікалаеўна Марковіч. Яна падкрэсліла, што ўлады традыцыйна падтрымліваюць, у тым ліку матэрыяльна, адораную моладзь – вось і сёлета для юнакоў і дзяўчат, якія дасягнулі вышэйшых перамог у 2021-2022 вучэбным годзе, прадугледжаны грашовыя прэміі.

У намінацыі “Зоркі навукі” адзначана дзесяцікласніца Ушацкай школы Кацярына Мартынюк – уладальніца дыпломаў І ступені абласнога і заключнага этапаў рэспубліканскай алімпіяды па біялогіі, пераможца VII біялагічнай інтэрнэт-алімпіяды пры Беларускім дзяржаўным універсітэце, выдатніца вучобы. Кампанію ж дзяўчыне на інтэлектуальных спаборніцтвах па названым прадмеце склала васьмікласніца з гэтай жа навучальнай установы Ксенія Барысёнак, якая дэманстравала веды за курс 9 класа! Як вынік – заваяванае “срэбра” на вобласці і “золата” на рэспубліцы. Ксенія – гэтак жа выдатніца вучобы, шмат чытае навуковай і навукова-папулярнай літаратуры, займаецца на аддзяленні харавога дырыжыравання ў дзіцячай школе мастацтваў. Падрыхтавала ж абедзвюх дзяўчат да алімпіяды настаўнік-метадыст, кіраўнік раённага клуба “Інсайт” Вольга Анатольеўна Жыткая.

Лаўрэаты намінацыі «Спартыўны алімп»

Такі ж феерычны вынік сёлета і ў дзесяцікласніцы з Глыбачанскай школы Лізаветы Казловай – яна заваявала дыпломы І ступені на абласным і заключным этапах рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры. Дапамагла ж ёй у гэтым Алена Сцяпанаўна Герцык. У скарбонцы дасягненняў дзяўчыны, выдатніцы вучобы – шэраг самых розных перамог: на навукова-практычных канферэнцыях, інтэлектуальных і творчых конкурсах.

Паспяховы ўдзел ва ўсім пералічаным – нагода трапіць у намінацыю “Пашыраючы магчымасці школьных прадметаў…” Сёлета ў ліку ўзнагароджаных – адразу тры прызёры абласнога фестывалю міжкультурных камунікацый. Так, дзесяцікласнікі з Ушацкай школы Ягор Обух і Ангеліна Мядзведзева ў намінацыях “Фабрыка зорак” і “Прэзентацыя газеты” адпаведна заваявалі дыпломы ІІІ ступені. Лепшай у намінацыі “Я – гід” стала цяперашняя навучэнка гімназіі №2 г.Віцебска, а годам раней, калі праходзіў фестываль, – дзевяцікласніца з райцэнтра Паліна Сазонава. Падрыхтавалі гэтых школьнікаў Вольга Аляксандраўна Мартынюк і Таццяна Уладзіміраўна Плікат.

Адразу два прызёры абласнога конкурсу навуковых эколага-біялагічных работ прадставіла Арэхаўская школа. У іх ліку – сямікласніца Аляксандра Аўтух, якая цікавіцца не толькі біялогіяй, але і музыкай, спортам, фатаграфіяй, любіць чытаць, піша вершы, удзельнічае ў творчых конкурсах, а таксама яе аднакласніца Вікторыя Праннік – актывістка грамадскага жыцця школы, ініцыятар і арганізатар розных акцый, удзельніца аб’яднання па інтарэсах “Юны эколаг”. Дапамагла дзяўчатам дасягнуць такога поспеху Таццяна Уладзіміраўна Ліленка.

… і «Пашыраючы магчымасці школьных прадметаў».

У намінацыі “Спартыўны алімп” узнагароды атрымалі васьмікласніца Маргарыта Стрыжонак, сямікласнік Мікіта Жаваранак і дзевяцікласнік Раман Лабэцкі з Вялікадолецкай школы (Уладзімір Мікалаевіч Лапіцкі). На абласных спаборніцтвах па біятлоне “Снежны снайпер” дзяўчына заваявала дыплом І ступені, хлопцы – ІІІ.

Больш прадстаўнічай аказалася сёлета намінацыя “Ідзі за натхненнем”. Віншаванні прымалі выхаванцы раённага цэнтра дзяцей і моладзі, якія ўваходзяць у склад творчай групы пераможцаў абласнога этапу рэспубліканскага праекта “Спрадвечнае заўтра”, а гэта Дар’я Бабенка, Дар’я Бабянок, Улада Міхаль, Паліна, Аляксандра і Святлана Крупені, Анастасія Папко, Ягор Рудзёнак, Арцём Спірчонак, Вікторыя Шарлай, Лізавета Касцюк, Алег Міхейка, Цімафей Майсяёнак, Ульяна Свірко. Усе яны наведваюць аб’яднанне па інтарэсах узорнай студыі “Залатая саломка” пад кіраўніцтвам Ганны Аляксандраўны Бабянок. Для таго ж, каб стварыць калекцыю вырабаў дэкаратыўна-прыкладной творчасці і аб’яднаць іх адной ідэяй, давялося вывучыць культурную спадчыну Ушацкага рэгіёну, не аднойчы наведаць этнаграфічны музей, праштудзіраваць дадатковую літаратуру.

Л.Р.Карабань: “Часта чую ад былых калег з абласнога цэнтра, сталіцы віншаванні з нагоды перамогі ўшацкіх школьнікаў на спаборніцтвах высокага ўзроўню. А сёлета адбылася сапраўдная феерыя. Думаю, што Ушацкай школе даўно час прысвоіць статус гімназіі: настолькі таленавітыя тут вучні і высокапрафесійныя педагогі!”

Не першы год у рэспубліцы праводзіцца конкурс чытальнікаў “Жывая класіка”. Ушачане традыцыйна спрабавалі ў ім свае сілы, аднак толькі ў 2021-м удача нам усміхнулася. Дыпломам ІІІ ступені на вобласці адзначана самая юная ўдзельніца “Сузор’я надзей”, чацвёртакласніца з райцэнтра Яна Сакалова. Любімы прадмет дзяўчынкі – беларуская літаратура, рыхтавалася ж да конкурсу яна разам з настаўніцай Вольгай Пятроўнай Несцярэнка.

Цёплыя словы ў адрас галоўных віноўнікаў урачыстасці, педагогаў і бацькоў гучалі ў гэты дзень ад начальніка аддзела па адукацыі райвыканкама М.В.Варава, а таксама Л.Р.Карабань, якая ўзначальвала аддзел з 1985 па 2013 гады. Дарэчы, апошняя прыйшла на мерапрыемства не з пустымі рукамі – уручыла адзначаным у “навуковай” намінацыі школьнікам і настаўнікам кнігі. Не засталася і сама без падарунка – за тое, што працягвае жыць справамі сістэмы адукацыі раёна і краіны, ёй уручаны новы Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адукацыі.

Прэміі, прыгожыя нумары ў выкананні школьнікаў падарылі ўсім прысутным выдатны настрой.  І ўсё ж, напэўна, больш за ўсіх уражанняў атрымалі бацькі – гонар за сваіх дзяцей. Спадзяемся, што гэтыя вучні парадуюць нас сваімі поспехамі і на наступны год, а ў спісе юных ушацкіх “зорачак” з’явяцца новыя імёны.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *