Хоць вельмі нясмела ўступае сёлета ў свае правы цёплы сезон, ушацкія аграсядзібы і турбазы ўжо амаль падрыхтаваліся да больш інтэнсіўнага прыёму гасцей. Упэўніліся ў гэтым, калі разам са спецыяльнай камісіяй адправіліся ў аб’езд па турыстычных кропках раёна. У яе склад уваходзяць прадстаўнікі зацікаўленых службаў, якія даюць гаспадарам аб’ектаў кампетэнтныя парады, звяртаюць іх увагу на недахопы і ставяць сваёй мэтай, каб адпачынак на Ушаччыне быў не толькі цікавым і камфортным, а і бяспечным.
Ужо на працягу немалога часу аграсядзіба “Мікалаеўскі пасад” утрымлівае раённае лідарства па колькасці прынятых за год кліентаў, што і зразумела, бо аб’ект спецыялізуецца на групавым турызме. Адначасова тут можа размясціцца да паўсотні чалавек, для якіх абсталявана 10 пакояў – гэта максімум, дазволены для аграсядзіб. Хоць апошнія два гады не былі спрыяльнымі для турыстычнай сферы, гаспадар М.Д.Падрэз не толькі не страціў сваіх кліентаў, а і здолеў умацаваць матэрыяльна-тэхнічную базу: летась, напрыклад, зрабіў электраацяпленне, набыў і ўстанавіў кандыцыянеры, пасадзіў дэкаратыўныя дрэвы, абсталяваў альтанку, а якраз перад нашым візітам павесіў на валейбольнай пляцоўцы новую сетку. З задавальненнем правёў нас гаспадар у адрамантаваную сталовую і кухню гасцявога дома, якія па зразумелых прычынах асабліва цікавілі галоўнага ўрача цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Я.У.Талалуева. Уважліва абследаваў памяшканні і начальнік райаддзела па надзвычайных сітуацыях І.В.Кошкін, які, у прыватнасці, звярнуў увагу на тое, што аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі павінны быць ва ўсіх жылых пакоях. Прыемна было ўбачыць на сядзібе карту нашага раёна з пазначанымі на ёй славутасцямі. Цікава, што склалі яе самі адпачываючыя – каб новыя госці ведалі, як шмат на Ушаччыне прыродных і гістарычных помнікаў. Як паведаміў Мікалай Дзмітрыевіч, на ліпень і жнівень на сядзібе зарэзерваваны літаральна ўсе месцы. Ну а пакуль яшчэ ёсць крыху часу, каб улічыць заўвагі і давесці ўсё да ладу.
Парады аб тым, як лепш змагацца з баршчэўнікам, даў начальнік раённай прыродаахоўнай інспекцыі М.А.Шук гаспадарам аграсядзібы “Марусіна хата”. Круглы год парадак у пакоях і на тэрыторыі стараюцца падтрымліваць работнікі лясгаса на паляўнічым комплексе “Ушацкі” ў Мірным. Канечне, эпідэмічны фактар паўплываў на яго леташнюю запаўняльнасць, аднак са зняццем абмежаванняў тут разлічваюць на прыток турыстаў: вось і напярэдадні нашага візіту, дачакаўшыся адкрыцця палявання на казулю, у Мірны прыбылі госці з Расіі. Стабільны ўзровень не першы год трымае аграсядзіба “Апельсін”, якая абзавялася пастаяннай базай кліентаў. Да новага сезона яе гаспадар В.Л.Стэльмах абсталяваў у катэджы яшчэ адну ўтульную зону для адпачынку. І, канечне, узрадаваўся рэканструкцыі пляжа на Вечаллі, побач з якім размешчаны аб’ект. Натуральным вясковым каларытам прываблівае гасцей у вёску Белае аграсядзіба “Рыбакова хата”. Захоўваючы абраны этна-напрамак, гаспадыня І.Ф.Навагродская дадала да пераліку паслуг новую лазню і альтанку.
Плануе ў гэтым сезоне пачаць прыём кліентаў і зарэгістраваная нядаўна аграсядзіба “Ціханяты”, размешчаная ў аднайменным населеным пункце. Пакуль тут ідуць рамонтныя работы, і калі аб’ект будзе гатовы, мы больш падрабязна раскажам пра яго.
Паўночны рэгіён Беларусі лічыцца адным з самых прывабных для турыстаў. Вытрымаць канкурэнцыю ў гэтай сферы няпроста, і апроч маляўнічых мясцін, якімі багата Ушаччына, паспрыяць запаўняльнасці аб’ектаў павінны дастойныя ўмовы для адпачынку. Прыемна, што гаспадары гэта разумеюць, не пасуюць перад выпрабаваннямі і імкнуцца паляпшаць якасць паслуг.
Наталля БАГДАНОВІЧ.
Тэме выкарыстання культурнай и прыроднай спадчыны Беларусі ў развіцці турыстычнай сферы быў прысвечаны нядаўні Адзіны дзень інфармавання.
- Турыстычная галіна ўзята пад асаблівую апеку дзяржавы. Калі ў 2004-м годзе доля турызму ва УВП Беларусі складала 0,06 працэнта, то ў дакавідным 2019-м дасягнула 2,2.
- Апошнім часам імпульс для развіцця атрымаў унутраны турызм. Так, летась колькасць арганізаваных турыстаў і экскурсантаў узрасла ў параўнанні з 2019-м на 7,3 працэнта.
- У Беларусі распрацавана каля 2 тысяч турыстычных маршрутаў, 470 з іх – у Віцебскай вобласці.
- Перспектыўным напрамкам для Прыдзвіння з’яўляецца экалагічны турызм. На асабліва ахоўваемых тэрыторыях, якія займаюць 10 працэнтаў плошчы рэгіёну, арганізуюцца пешыя і конныя прагулкі, фотапаляванне.