Усе мы ведаем, што высакароднае слова “патрыятызм” азначае перш за ўсё глыбокія пачуцці чалавека да свайго роду, да свайго кутка, яго гісторыі. Любоў да Радзімы пачынаецца з любові да родных. Улічваючы гэта, работнікі раённага Дома культуры наладзілі сустрэчу вучняў Ушацкай школы з прадстаўнікамі старэйшага пакалення пад назвай “Дзядуля, раскажы пра сябе”.
Не збалаваны такімі мерапрыемствамі жыхар гарпасёлка Том Іванавіч Пугачоў, які прайшоў няпросты шлях ад вясковага хлопчыка, у чыё жыццё ўварвалася вайна, да былога лепшага вадзіцеля лясгаса, наведаўся ў РДК, надзеўшы пінжак з прычэпленымі ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалём “Ветэран працы”, трыма знакамі “Ударнік пяцігодкі”. Не многія школьнікі бачылі такія ўзнагароды, таму зацікавіліся.
А поспехі ў жыццё Тома Іванавіча прыйшлі невыпадкова. Была ў характары такая жылка, якая не рвалася ні пры якіх абставінах. Вучням цікава было даведацца аб пакутах хлопчыка ў час вайны, як хаваўся ад захопнікаў разам з мірным насельніцтвам, а пасля яе, па словах ветэрана, асвойвалі вучобу: пісалі на мяшках з-пад цэменту, замест чарніла выкарыстоўвалі сок бурака. Хлопец пайшоў у 8 клас, але матэрыяльнае становішча бацькоў было цяжкім. Таму не скончыў юнак школу. Стаў вучыцца на механізатара. Там кармілі, давалі жыллё, плацілі стыпендыю. Пасля нядоўгай работы ў Вялікадолецкай МТС была служба ў арміі. 36 гадоў аддаў Том Іванавіч лясной гаспадарцы, вазіў лес, ставіў працоўныя рэкорды. Багатая біяграфія.
Зусім іншы шлях па жыцці Івана Іванавіча Ярмоша з Градзянца. У школу ён пайшоў у 1953 годзе. Класным кіраўніком у яго была Аляксандра Сямёнаўна Муша. Вучні ўсё больш даведваліся пра яе сына, лётчыка. У аэраклубе Віцебска займаўся сын другой настаўніцы. Іван загарэўся марай пра неба. Праз рэспубліканскую газету даведаўся, дзе ёсць аэраклубы. Так паступіў у Магілёўскі машынабудаўнічы тэхнікум і заадно ажыццяўляў задуманае – скакаў з парашутам. Усяго 99 разоў атрымаў задавальненне ад таго, што лунаў над зямлёй. Потым лётаў на дэльтаплане. Служыў у дэсанце. Калі апынуўся ў аэраклубе Мінска, здзейсніў яшчэ тры скачкі з нябеснай вышыні. Пазней працаваў у райсельгастэхніцы. Ліквідатар чарнобыльскай аварыі. Школьнікі з захапленнем слухалі Івана Іванавіча.
Яшчэ адзін герой сустрэчы – Дзям’ян Уладзіміравіч Крупеня з Глыбачкі. Ён часты госць на падобных мерапрыемствах. У сваім выступленні на гэтай ветэран вайны і працы, наш паважаны мастак таксама расказаў пра сябе. З успамінаў дзяцінства выбраў самае смешнае: што вельмі любіў творы Кандрата Крапівы, аднойчы стаў цытаваць яго “Ціт заводзіць новы быт”, а Цітам звалі яго дзядзьку, дык атрымаў ад маці “на арэхі” за дэкламаванне. Далей жыццё было далёка не радаснае. Калі пачалася вайна, юным змагаром трапіў у атрад імя Суворава брыгады Панамарэнкі. Пасля Вялікай Айчыннай каля 5 гадоў служыў у паветрана-дэсантных войсках. На Ушаччыне працаваў у культуры, старшынёй рабачкама саўгаса “Глыбачаны”, на іншых работах. Займаўся выяўленчай творчасцю, вучыў гэтаму вясковых дзяцей. Школьнікі пазнаёміліся з карцінамі мастака: на экране былі прадстаўлены слайды.
Госць сустрэчы дырэктар раённага Дома рамёстваў Міхаіл Аляксандравіч Багдановіч нарадзіўся ў 1951 годзе ў Бешанковічах. Бацькі былі настаўнікамі. Пасля 8 класаў хлопец пайшоў працаваць афарміцелем. Потым быў інстытут культуры, мастацка-графічны факультэт. Дзецям цікава было даведацца, што Міхаіл Аляксандравіч нават на ВДНГ атрымаў дыплом за сваю багатую калекцыю этыкетак ад запалак. З 1974 года ён працуе на Ушаччыне. Увесь час займаецца афарміцельствам, піша карціны. Вучні ўбачылі слайды яго твораў выяўленчага мастацтва, тлумачэнні даваў сам мастак.
Павучальнай і цікавай была сустрэча. Цёплую атмасферу стварала вядучая і адна з арганізатараў вечарыны, кіраўнік народнага клуба “Адраджэнне” РДК Ала Васільеўна Кузусёнак.
Г.ВАРАТЫНСКАЯ.
На здымку: Т.І.Пугачоў з дзецьмі.