Каб у школьнай сталовай было багата, на ўчастку – прыгожа, а ў рэзерве ўстановы заставаліся сродкі на розныя здзяйсненні, у Арэхаўскай школе традыцыйна займаюцца агародніцтвам – ужо з лютага вырошчваюць расаду розных культур не толькі для сябе, але і на продаж.
Як нам расказала дырэктар навучальнай установы Л.А.Булаўка, якая сёлета курыравала “насеннае” пытанне, для пасадкі выкарыстоўваўся матэрыял самых розных вытворцаў: правераных і новых на рынку. Спецыяльна куплялі нізка- і высакарослыя гатункі, раннія і познія – каб і самім ацэнку культурам даць, і патэнцыяльных пакупнікоў парадаваць. Для таго ж, каб мінімізаваць рызыку няўсходжасці, ішлі ў розныя гандлёвыя кропкі, прычым, не толькі ўшацкія.
– У нас нямала пастаянных кліентаў з ліку педагогаў, бацькоў школьнікаў, знаёмых, якія закупляюцца цэлымі “партыямі”, – удакладняе Ларыса Аляксандраўна. – Сёлета падабралі ажно 40 гатункаў таматаў і 30 – перцаў. Сярод навінак – “Шакаладны кубак”, які здзіўляе прыгожым колерам пладоў, “Волечка”, што з улікам “пузатасці” і мясістасці выдатна падыдзе для фаршыроўкі, а сярод памідораў – “Ціграня” з паласатай афарбоўкай, “Самурай”, “Разалія”, “Суперперцавідныя”.
Дарэчы, расаду перцаў тут ужо цалкам рэалізавалі. Для набыцця ж таматаў варта паспяшацца: засталося няшмат. Гэта ж датычыцца і суніц, капусты, кветак. З выбарам апошніх праблем дакладна не ўзнікне – у наяўнасці петунія розных колераў, лабелія, браткі, агератум, гацанія і іншыя. Такая прыгажосць у хуткім часе будзе высаджана і непасрэдна ля школы.
А вось капусту можна набыць толькі ранніх гатункаў, познія і сярэдняпознія вырошчваюцца выключна для ўласных патрэб. Да таго ж плошчы пад гэтую культуру сёлета зменшаны – каб пасадзіць больш бульбы, патрэбнай для забеспячэння харчавання школьнікаў.
– Вельмі ўдзячна калектыву, які дапамагае спраўляцца з усімі агародніцкімі справамі, – кажа Л.А.Булаўка. – Пасадкай насення, напрыклад, займаліся сёлета вартаўнік Галіна Аляксандраўна Коршун і аператар ЭВМ Любоў Віктараўна Лабань (на здымку). Апошняя да таго ж цяпер рэалізуе вырашчанае. У вольны ад работы час на ўласнай тэхніцы пракультываваў участак, паставіў гранкі вартаўнік Генадзь Фёдаравіч Брыкун, а Аляксандр Фёдаравіч Антопуш прывёў у парадак – падварыў, завастрыў – агародніцкі інвентар. Увесь тэхперсанал на чале з загадчыкам гаспадаркі Васілём Пятровічам Спірчонкам шчыруюць на ўчастку.
Не застаюцца ў баку ад агародніцтва і школьнікі. На ўроках грамадска карыснай працы яны займаюцца палівам, праполкай, падкормкай расады. Частыя госці ў цяпліцах вучні 10 і 11 класаў, якія навучаюцца ў класе аграрнага профілю і атрымліваюць спецыяльнасць “агароднік”.
Між тым, пасяўная кампанія ў Арэхаўскай школе яшчэ не завершана. На чарзе – агуркі. Час для іх яшчэ не прыспеў: трэба, каб далі ўраджай не летам, а да пачатку новага навучальнага года.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.