Рэдакцыя газеты і аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама запрашаюць моладзь Ушаччыны ва ўзросце ад 14 да 31 года паўдзельнічаць у фотаконкурсе “Маладзёжнае фота – у аб’ектыве “Патрыёта”. Не абмяжоўваем фантазію маладых пэўнай тэмай – на фота могуць быць адлюстраваны самыя розныя моманты: працоўныя будні, творчыя захапленні, здаровы лад жыцця ці адпачынак у культурных месцах, на ўлонні ўшацкай прыроды. У Год гістарычнай памяці асабліва вітаюцца здымкі патрыятычнай накіраванасці.
Дасылайце свае работы да 20 чэрвеня на адрас электроннай пошты smi@belpatriot.by з паметкай “Фотаконкурс”, размяшчайце ў групах “Патрыёта” ў сацыяльных сетках “ВКонтакте” і “Аднакласнікі” або прыносьце непасрэдна ў рэдакцыю. Дапускаюцца апрацоўка фатаграфій з дапамогай камп’ютарных праграм (графічных рэдактараў), а таксама калажы. Не забудзьце падпісаць фота і ўказаць свае кантактныя даныя.
Вынікі фотаконкурсу мы падвядзём напрыканцы чэрвеня – да Дня моладзі. Пераможцаў чакаюць прызы.
* * *
Распачнём жа конкурс вось гэтым творчым фота Анастасіі Клопавай. Інжынер па якасці Ушацкага лясгаса, а зараз маладая мама ў дэкрэце захапляецца маляваннем, асабліва ў стылі поп-арт, а таксама пры дапамозе эпаксіднай смалы вырабляе арыгінальныя рэчы. Вось над гэтай незвычайнай карцінай, якая ўпрыгожыла інтэр’ер маладой сям’і, Анастасія чаравала не адзін дзень, вынік жа работы і марская ідэя, канечне, уражвае. Дыяметр карціны 70 см, такі аб’ём, прызнаецца Насця, яна асіліла ўпершыню, па задуме там яшчэ і шмат міні-дэталяў – вадапад, домікі, маяк, мельніцы і інш. Дарэчы, менавіта гэтае фота ўразіла і журы фотаконкурсу “Маладзёжны фармат”, які нядаўна праводзіла Віцебская абласная арганізацыя Беларускага прафсаюза работнікаў лесу і прыродакарыстання. У намінацыі “Моладзь і творчасць” А.Клопава была прызнана пераможцай. Несумненна, гэтае пазітыўнае фота дастойна трапіць і ў аб’ектыў “Патрыёта”.