Дефицит желания или Синдром хронического безработного

Общество

Ільнозавод ці КУСГП “Арэхаўна”. Рабочай змены ці аператарам машыннага даення кароў. Такі рэальны выбар працаўладкавання стаяў перад зусім маладой дзяўчынай, якая перад Новым годам вярнулася з месцаў заключэння. На заводзе яна папрацавала ўжо і кінула – складана так рана дабірацца з Арэхаўна да райцэнтра. На аператара ж вучылася і не толькі тэарэтычна ведае, па чым хлеб даяркі.
– Калі б толькі ў другую змену, – ідзе торг за паляпшэнне ўмоў “пад сябе”. Атрымаўшы тлумачэнні, што змены мяняюцца праз тыдзень, і што ёсць рабочыя, якія дабіраюцца не за пяць, а нават за 20 кіламетраў, мяняе накірунак размовы: распытвае, ці будуць падвозіць да фермы.
Намеснік старшыні райвыканкама Вольга Іванаўна Карчэўская тут жа тэлефануе дырэктару КУСГП “Арэхаўна” і дае дзяўчыне поўны расклад: яе могуць узяць на комплекс у вёсцы Слабада (лепшая мадэрнізаваная ферма гаспадаркі), усіх даярак да месца працы і назад падвозяць, заробкі, канечне, залежаць ад надояў.
– Я буду ў кабінеце дырэктара сёння, – упэўнена абяцае дзяўчына, пасля чаго агаворваецца канкрэтны час.
Так праходзіць пасяджэнне наглядальнай камісіі пры райвыканкаме, якая сочыць за рэсацыялізацыяй асоб, што адбылі пакаранне, вярнуліся з месцаў заключэння. Паасобку з кожным канкрэтным чалавекам, улічваючы літаральна ўсё: сямейнае становішча, стан здароўя, месца жыхарства, рэгістрацыі ці іх адсутнасці, адукацыі і схільнасцяў. Паколькі ў складзе камісіі прадстаўнікі цэнтра занятасці насельніцтва, бальніцы – усіх неабходных службаў, то адбыўшыя пакаранне людзі атрымліваюць і поўную кансультацыю, і рэальнае працоўнае месца, і пакрокавую інструкцыю, што, дзе і як рабіць. Метад работы ў старшыні камісіі В.І.Карчэўскай просты і дзейсны: цесны кантакт з кіраўнікамі прадпрыемстваў, якія практычна заўсёды ідуць насустрач. Пашпарты, від на жыхарства, інтэрнат плюс працоўнае месца, група інваліднасці – гэта рэальна аказаная дапамога ў апошні час у залежнасці ад таго, каму што патрэбна.
Не могуць даць ім толькі аднаго – жадання працаваць.
Дзяўчына, пра якую распавядалі раней, не напісала заяву на працу ні ў той дзень, ні назаўтра. Усе пытанні былі хітрыкамі толькі дзеля таго, каб хутчэй пакінуць кабінет, дзверы якога яна пераступала, маючы даволі рэальныя матэрыяльныя перспектывы прадаць бацькоўскі дом і, пэўна, жыць на гэтыя “дывідэнды”.
Ды і трапляюць на камісію не ўсе ўшачане, што адбылі пакаранне, а толькі тыя, хто на працягу некалькіх месяцаў так і не знайшоў работу, а дакладней – не шукаў, не хацеў знайсці.
Слесар, вальшчык, трактарыст, токар, вадзіцель, грузчык, швачка, аператар на перспектыўнае прадпрыемства “Твестуба”…. – няпоўны пералік вакансій для людзей без вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Сітуацыя рухомая: адна вакансія знікае, другая з’яўляецца, тым не менш у цэнтры занятасці насельніцтва пастаянна каля 60 вакантных працоўных месцаў. Ды і на старонках раённай газеты аб’явы запрашаюць на работу практычна ў кожным нумары. Больш таго, на шэрагу прадпрыемстваў спецыяльна браніруюцца месцы для былых асуджаных, “абавязаных”. Можна нарэшце перавучыцца, атрымаць кваліфікацыю з наступным працаўладкаваннем.
Пэўныя абмежаванні, канечне, існуюць. Напрыклад, не можа былы вадзіцель, што стаіць на ўліку ў нарколага, за адзін дзень вярнуць правы кіравання і сесці за баранку. Не можа быць матэрыяльна адказнай асоба, што прыцягвалася за крадзеж ці махлярства. Не можа працаваць аграномам чалавек, скончыўшы 9 класаў. Аднак гэта “ўскладненні”, якія пры жаданні лёгка здымаюцца. Пры жаданні, якога, на жаль, у многіх няма. 20 працэнтаў людзей прыкладна з 230 асоб, што пэўны час стаяць на ўліку ў аддзеле міліцыі пасля адбывання пакарання, не лічаць працу неабходнай складаемай нармальнага жыцця. У некаторых і ў 30-40 гадоў ніколі не было працоўнай кніжкі.
За год малады чалавек папрацаваў на кацельні бальніцы, грузчыкам райспажыўтаварыства, вальшчыкам лесу… і ў агульнай складанасці не больш месяца. Дзе-небудзь усяго па некалькі дзён. Працаўладкавацца не праблема – ды вось парадокс, перш чым атрымаць аванс ці зарплату, трэба працаваць. А прыхільнасць да “змія” і вольнага баўлення часу мацней. Ды і навошта, калі яшчэ жывыя бацькі, якія атрымліваюць пенсіі. Гэта асноўная крыніца даходаў “працаздольных непрацуючых”.
“Малыя заробкі”. “Мне трэба, каб дзень быў свабодны, таму толькі вартаўніком”. “Там жа цэлы светлавы дзень за баранкай.” Гэта вытрымкі з адказаў толькі тых васьмі грамадзян, што прыйшлі на наглядальную камісію ў адзін дзень. Маладыя, здаровыя людзі, якім далёка да пенсіі, і на якую яны наўрад ці заробяць. Сфарміравалася цэлая праслойка, ім лепш быць бамжом, перабівацца выпадковымі падпрацоўкамі і вымагаць грошы ў бацькоў, чым працаваць, жыць у інтэрнаце і атрымліваць заробленыя 400 і больш тысяч рублёў.
Канечне, людзей з сіндромам хранічнага беспрацоўнага не так і многа. Большасць былых асуджаных працаўладкоўваюцца ці працягваюць працаваць у сваіх калектывах, вяртаюцца да нармальнага жыцця самастойна. Астатнім прадстаўнікі ўлады прапануюць дапамогу, ад якой не адмовіўся б ні адзін чалавек, які думае, за што жыць. Было б жаданне.
В.КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *