Ушацкі раён адзін з самых маленькіх у Віцебскай вобласці, а таму можа здацца, што судоваму выканаўцу ў судзе Ушацкага раёна працаваць нескладана. Аднак гэта толькі на першы погляд, бо на двух судовых выканаўцаў ускладаецца вельмі шырокае кола абавязкаў: гэта спагнанне аліментаў, штрафаў, запазычанасцяў па камунальных плацяжах, крэдытах банкаў, сродкаў, выдаткаваных дзяржавай на ўтрыманне дзяцей, работа па зваротах грамадзян. Усяго на выкананні ў 2010 годзе знаходзіліся 4393 справы, з іх завершана 3963. Выкананы 1521 дакумент, а па месцы працы даўжнікоў для ўтрыманняў з заработнай платы іх накіравана 1900. Спагнана больш за 2 мільёны 800 тысяч рублёў.
Судовы выканаўца – службовая асоба, якая знаходзіцца на дзяржаўнай службе і з’яўляецца прадстаўніком улады. Работа яго пачынаецца там, дзе канчаецца добраахвотнае жаданне даўжніка аплачваць запазычанасць па якім-небудзь выканаўчым дакуменце. Грамадзяне павінны разумець, што законныя патрабаванні судовага выканаўцы абавязковыя для ўсіх грамадзян, у тым ліку службовых, юрыдычных асоб на ўсёй тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Невыкананне законных патрабаванняў судовага выканаўцы вядзе да адказнасці.
У сваёй рабоце судовыя выканаўцы кіруюцца Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, законамі, дэкрэтамі і ўказамі Прэзідэнта, іншымі нарматыўнымі актамі, якія рэгулююць грамадскія адносіны ў выканаўчай дзейнасці. Умовы і парадак выканання дакументаў вызначаны ў Інструкцыі па выканаўчай справе, апошнія змены і дадаткі ў якую занесены пастановай Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь № 18 ад 02.02.2011 года.
Пасля ўзбуджэння выканаўчай справы ў большасці выпадкаў у даўжніка яшчэ маецца магчымасць на працягу сямі дзён добраахвотна пагасіць доўг. Калі ж ён не выканае накладзены на яго абавязак, то судовы выканаўца прыступае да актыўных дзеянняў. Напрыклад, накладвае арышт на маёмасць і грашовыя сродкі даўжніка, абмяжоўвае яго выезд за межы Рэспублікі Беларусь. Да таго ж, у гэтым выпадку з яго спаганяюцца выдаткі за прымусовае выкананне ў памеры 5 працэнтаў ад сумы абавязку. У выпадку ўхілення даўжніка ад яўкі ў суд ён можа быць падвергнуты адміністрацыйнаму прыводу і вышуку праз органы ўнутраных спраў. За 2010 год пастанова аб прыводзе вынесена ў адносінах 75 чалавек, вышук аб’яўлены ў адносінах 45 грамадзян.
А.КАМІНСКАЯ,
судовы выканаўца суда Ушацкага раёна.