В Витебской области проходит месячник Красного Креста «Про100 помогаем»

Общество

Пад такім дэвізам сёлета з 8 мая па 1 чэрвеня праходзіць месячнік Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа. Актыўны ўдзел у ім прымае і Ушацкая раённая арганізацыя.

– Галоўная наша місія – добраахвотна дапамагаць людзям, займацца сацыяльным забеспячэннем адзінокіх пажылых, інвалідаў, дзяцей у сацыяльна ненадзейным становішчы, – зазначае старшыня грамадскай суполкі К.В.Коршун. – Там, дзе здарылася бяда, патрабуецца падтрымка, заўсёды можна ўбачыць эмблему Чырвонага Крыжа. У час распаўсюджання каранавіруснай інфекцыі асаблівую ўвагу надаём інфармацыйнай кампаніі; землякам, якія знаходзяцца ў зоне павышанай рызыкі заражэння, аказваем садзейнічанне ў дастаўцы лекаў і прадуктаў на заказ. Такую работу не будзем спыняць і на працягу месячніка.

Актыўны ўдзел раённая арганізацыя БТЧК прымала ў святкаванні 78-годдзя прарыву варожай блакады брыгадамі Полацка-Лепельскай партызанскай зоны – на мемарыяльным комплексе 5 мая працавала пляцоўка, на якой усе жадаючыя змаглі бясплатна атрымаць чыстую пітную ваду. Не засталіся валанцёры ў баку і ад падзей Дня Перамогі, ушанавання ветэранаў.

На сённяшні дзень у складзе Ушацкай раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа – 20 пярвічак, а гэта 1158 актыўных, міласэрных, нераўнадушных да чужой бяды чалавек.

Яшчэ больш годных спраў – наперадзе. Далучайцеся! У час месячніка грамадская арганізацыя працягне таксама заклікаць у свае рады новых членаў і валанцёраў, адшукваць карпаратыўных партнёраў і матэрыяльныя рэсурсы для новых добрых здзяйсненняў.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *