Профессиональный праздник отмечают работники бытового обслуживания населения и жилищно-коммунального хозяйства

К профессиональному празднику Общество

Напэўна, гэтых людзей ва Ушачах ведае кожны. З дня ў дзень яны працуюць, каб забяспечыць нас неабходнымі камунікацыямі, зрабіць наша жыццё найбольш камфортным. Заўтра – 27 сакавіка – сваё прафесійнае свята адзначаюць работнікі жыллёва-камунальнай гаспадаркі.
Ушацкія камунальнікі асвоілі і самастойна выконваюць многія работы жылфонду. Працоўная брыгада, кіраўніком якой з’яўляецца Ніна Мікалаеўна Маковіч (на здымку), заўсёды паказвае высокія вынікі сваёй дзейнасці. Аснову калектыву складаюць добрасумленныя, адказныя людзі, прафесіяналы сваёй справы. На іх уменні і вопыце, штодзённай карпатлівай і адданай працы ў многім трымаецца прэстыж прадпрыемства. 

****

У жыллёва-камунальным сектары раёна працуюць 312 чалавек: 45 – інжынерна-тэхнічных работнікаў і служачых, 267 рабочых. Да свайго прафесійнага свята калектыў падышоў з неблагімі паказчыкамі. За 2010 год прадпрыемства выканала такі аб’ём паслуг: адпусціла насельніцтву 396,7 тысячы кубаметраў вады (114,5 працэнта да папярэдняга года), прыняло 284,1 тысячы кубаметраў сцёкаў (рост 12 працэнтаў), адпусціла 23,03 тысячы гігакалорый цеплаэнергіі, рост спажывання склаў 15 працэнтаў, вывезена 27,2 тысячы кубаметраў цвёрдых бытавых адыходаў – зноў жа пераўзышлі пазалеташні вынік на 21,4 працэнта.
Аб’ёмы і маштабы нашага прафесійнага клопату даволі вялікія. На абслугоўванні знаходзяцца 9 кацельняў, з іх 7 на сяле, 27,13 кіламетра цеплавых сетак, 53 артэзіянскія свідравіны, 33 воданапорныя вежы, 176 кіламетраў водаправодных сетак, 5 каналізацыйна-помпавых станцый і амаль 60 кіламетраў каналізацыйных сетак, 7 ачышчальных збудаванняў.
Вельмі важны ўчастак нашай работы – абслугоўванне 136 жылых дамоў, 2024 кватэр з колькасцю пражываючых 4,8 тысячы чалавек. А яшчэ 98,5 тысячы квадратных метраў абслугоўваемага жылога фонду ва Ушачах і шэрагу іншых населеных пунктаў раёна.
На пакрыццё мяркуемых выдаткаў па жылым фондзе і аб’ектах добраўпарадкавання, па кампенсацыі льгот і іншых артыкулах расходаў прадпрыемству было выдзелена больш за 4,5 мільярда рублёў бюджэтных асігнаванняў, што паспрыяла паспяховай рабоце калектыву.
Выкананне паказчыкаў бізнес-плана развіцця на 2010 год такое: аб’ём рэалізацыі работ і паслуг склаў 11316 мільёнаў рублёў або 117,6 працэнта. Узровень рэнтабельнасці рэалізаванай прадукцыі – 7,1 пры заданні 5,5 працэнта.
Тэмпы росту прадукцыйнасці працы супраць планавых 108,8 склалі 126,3 працэнта. Дасягнута звышпланавае зніжэнне затрат на вытворчасць прадукцыі. Платных паслуг аказана на 109,5 працэнта пры намячаемых 105. Сярэднямесячная зарплата склала 839 тысяч рублёў.
Вялікі аб’ём работ выкананы па капітальным рамонце жылля. На гэтыя мэты было выдаткавана летась 440,12 мільёна рублёў. Значныя сродкі ўкладзены ў бягучы рамонт жылога фонду. Перавыкананы заданні па энергазберажэнні, па інвестыцыях у асноўны капітал. Праведзены цэлы комплекс мерапрыемстваў па паляпшэнні выкарыстання мясцовых відаў паліва. Шмат зроблена па добраўпарадкаванні вуліц, дарог, зон адпачынку і могільнікаў.
Пра канкрэтныя вынікі працы ў першым квартале гэтага года гаварыць яшчэ ранавата, аднак з задавальненнем магу засведчыць станоўчую дынаміку выканання прагнозных паказчыкаў. А вытворчая праграма на год у нас вельмі напружаная. І вырашаць усе задачы, вядома ж, будуць людзі, якія працуюць у нашым калектыве. Хочацца напярэдадні свята адзначыць нашых лепшых работнікаў. Гэта майстар па нарыхтоўцы драўніны Г.Чульба, майстар жылфонду Н.Маковіч, машыністы-качагары А.Белавусаў, М.Захарэнка і К.Красноў, экскаватаршчык У.Лук’янёнак, вадзіцель вытворчай базы Ю.Барадулька, электрагазазваршчык В.Тарасевіч, трактарысты В.Цароў і Я.Ярмош, апаратчыца (ХВО) С.Курбака, кантралёр водаправоднай гаспадаркі Т.Кісялёва, аператар цэнтральнай кацельні В.Герасіменка, вальшчык лесу В.Ярмош, майстар участка “Ільюшына” В.Волкаў і многія іншыя, каму будуць выказаны ўшанаванні і шчырыя словы падзякі падчас святочных урачыстасцей.
У 2011 годзе калектыў прадоўжыць работу па інавацыйнай праграме “Чыстая вада”, пачатак якой быў пакладзены ў папярэднія гады, па ўкараненні новай тэхнікі і абсталявання, паляпшэнні якасці паслуг і па многіх іншых накірунках. Карацей кажучы, будзем імкнуцца належна выконваць нарматывы сацыяльных стандартаў абслугоўвання насельніцтва ў галіне жыллёва-камунальнай гаспадаркі.  
С.ШУЛЬЦ,
дырэктар жыллёва-камунальнай гаспадаркі Ушацкага раёна.

****

У гэтыя дні дырэктар камбіната бытавога абслугоўвання Т.Л.Кулак знаходзіцца ў водпуску, але жыве клопатамі аб вытворчасці. Вось і ў намячаемы дзень інтэрв’ю з ёю ледзьве трапіла ў рэдакцыю да пяці гадзін вечара, бо ездзіла ў абласное ўпраўленне, вырашала шэраг пытанняў, у тым ліку і аб заахвочванні работнікаў у сувязі з прафесійным святам. Усхваляваная пасля паездкі, кіраўнік калектыву адказала на пытанні.

– Тамара Леанідаўна, як даверанае Вам прадпрыемства выглядае ў бягучым, першым квартале года?
– Скажу, перш за ўсё, што па выніках мінулага года асноўны вытворчы паказчык па КБА, аб’ём бытавых паслуг насельніцтву, выкананы на 115,3 працэнта, у тым ліку па сяле – на 104,1. А вось першая чвэрць 2011-га складаная. Закончана абласная пяцігадовая праграма, а новая галіновая яшчэ распрацоўваецца з улікам сённяшняга становішча ў нашай сферы. У сувязі з гэтым пакуль што не маем фінансавага паслаблення. У той жа час па-ранейшаму аказваем патрэбныя людзям паслугі. Гэта рамонт адзення і абутку, мыццё бялізны, рамонт тэлевізараў, гадзіннікаў, а таксама халадзільнікаў (выклікаем майстра з Віцебска), паслугі цырульні і рытуальныя.
– Што прадпрымаецца, каб палепшыць фінансавае становішча?
– Магчымасцей для кардынальных рашэнняў не шмат, і ўсё ж нешта вышукваем. Напрыклад, акрамя рамонту ў швейным цэху наладжаны пашыў рабочага адзення з матэрыялу заказчыка. Карыстаецца папулярнасцю новы від паслуг – хімчыстка і замена насыпак падушак. Прымаем заказы на выраб калодзежных кольцаў і копку студняў, нямала жадаючых, каб зрабілі гэта, асабліва летам. Пашыраны спектр рытуальных паслуг: цяпер прадугледжваецца і копка ям, звяртаюцца многія.
– Як вядзецца абслугоўванне сельскіх жыхароў непасрэдна на месцах?
– Важна тое, што мы захавалі ўсе восем комплексных прыёмных пунктаў у сельскай мясцовасці. Нашы работнікі вядуць там прыём заказаў.
– Назавіце, калі ласка, лепшых работнікаў прадпрыемства.
– Не толькі хачу іх назваць, але і падкрэсліць тое, што якраз на зацікаўленых, адданых справе працаўніках трымаецца камбінат. Якія перамены ні пераадольвала наша сфера, любоў закройшчыцы Марыі Мікалаеўны Пацэйка да сваёй прафесіі і вернасць свайму калектыву трымае яе на сваім месцы. Выказваю ўдзячнасць і іншым работніцам швейнага цэха. Гледзячы на тое, як працуе цырульнік Фаіна Аляксандраўна Мялешка, за ёй цягнуцца і маладыя Кацярына Спірыдзёнак і Ганна Сабін. Калектыў ганарыцца прыёмшчыцамі Вялікадолецкага і Вяркудскага комплексных прыёмных пунктаў Алай Сяргееўнай Бабровай і Наталляй Іванаўнай Бандарэнка. Заслугоўвае добрых слоў наш нязменны вадзіцель Васіль Ягоравіч Хамёнак… А вось работнікам, якія займаюцца рамонтам абутку і звязаны з хімчысткай адзення, трэба раўняцца на нашых лепшых бытавікоў.
– Што б Вы хацелі пажадаць калектыву?
– Хачу, каб кожны наш работнік глыбока ўсвядоміў, што ў прадпрыемства няпростае становішча. Трэба аддаваць даўгі, якія ўтварыліся ў мінулыя гады і, аказваючы такія неабходныя насельніцтву паслугі, напрацоўваць сродкі на зарплату, на паступовае абнаўленне вытворчасці. Гэта патрабуе агульных намаганняў і старання на кожным участку. Дык будзьце ж, мае дарагія, вернымі абранай справе, цярплівымі і шчырымі. Поспехаў вам, сардэчных адносін з калегамі, любові да родных, здароўя і шчасця.
Гутарку вяла Г.ВАРАТЫНСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *