Иван Харитонович Басуев

Общество

Розныя людзі сустракаюцца на нашым шляху. Адны расказваюць аб добрых справах сваіх шмат і гучна. Іншыя ж – маўчаць і з яшчэ большай стараннасцю шчыруюць кожны дзень. Менавіта такім з’яўляецца Іван Харытонавіч Басуеў, які на працягу многіх гадоў “трымае” вартавы пост у райвыканкаме.  

Ушацкі край, з якім непарыўна звязана жыццё гэтага няўрымслівага чалавека, з’яўляецца менавіта тым асяроддзем, дзякуючы якому найбольш чуйна і яскрава раскрылася яго душа. Іван Харытонавіч закончыў Селішчанскую васьмігодку і Кубліцкую дзесяцігодку, служыў ва Узброеных Сілах краіны. Пасля дэмабілізацыі зноў вярнуўся на Ушаччыну, дзе стаў працаваць інспектарам мясцовага райсабеса. Пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай, Вольгай Мікалаеўнай, з якой атрымалі кватэру ў гарпасёлку. У сям’і нарадзілася двое сыноў – Руслан і Мікалай. З 1974 па 1999-ы І.Х.Басуеў з’яўляўся супрацоўнікам раённага прадстаўніцтва Белдзяржстраха. Як прызнаецца Іван Харытонавіч, асаблівую асалоду прыносілі зносіны з людзьмі: да кожнага імкнуўся знайсці свой падыход, даведацца аб жыцці-быцці, падзяліцца інфармацыяй. У 2000 годзе працаўладкаваўся ў раённае аддзяленне дэпартамента аховы і па сённяшні дзень спраўна нясе тут службу, ахоўвае будынак райвыканкама.
– Работа адказная, – кажа Іван Харытонавіч. – У ноч, калі ўстанова не працуе, быццам бы і прасцей. Аднак не зусім так. Нам не тое, што прылегчы нельга, нават чытаць не маем права. Уся ўвага – службе!
Не кожны ведае пра асаблівасці работы ахоўніка дзяржустановы. А яму неабходна рэгулярна абыходзіць усе паверхі, раскладваць і мяняць спецыяльныя жэтоны, па тэлефоне дакладваць абстаноўку. Калі званок не паступіў – прыязджае нарад, правярае. Часта і сваё начальства кантралюе, і супрацоўнікі з вобласці наведваюцца. Днём трэба сачыць за наведвальнікамі, а іх у райвыканкаме, зразумела, заўсёды шмат. Часта ім трэба дапамагчы небходнай інфармацыяй: падказаць патрэбны паверх ці нумар кабінета. А так, усё як і на другіх пастах – тэлефон, трывожныя кнопкі, вогнетушыцель, аптэчка…
Днямі І.Х.Басуеў адсвяткаваў свой юбілей, на які запрасіў усіх родных, сяброў, таварышаў, калег па рабоце. Да вечарыны была прымеркавана і яшчэ адна не менш яркая і асаблівая падзея – урачыстасць з нагоды провадаў юбіляра на заслужаны адпачынак. Шмат шчырых слоў было сказана Івану Харытонавічу ў гэты вечар. І гэта апраўдана: мала хто можа пахваліцца такім пастаянствам і адданасцю справе, працоўнаму абавязку.
Зараз, калі за плячыма мужчыны доўгі час працоўнай дзейнасці, І.Х.Басуеў сцвярджае, што ні аб чым не шкадуе: работа заўсёды прыносіла задавальненне. Аднак працягваць службу ён не збіраецца, бо хоча, як кажуць, пажыць для сябе, больш часу праводзіць за любімымі заняткамі.
— Выйду на заслужаны адпачынак і буду займацца сельскай гаспадаркай, завяду качак, бычка, трусоў, — жартам і ўсур’ёз дзеліцца сваімі планамі Іван Харытонавіч.
У душэўнага, вясёлага, таварыскага чалавека многа надзейных таварышаў і знаёмых. Спецыяльна для іх юбіляр напісаў верш пра сваё жыццё, працу і сяброўства. Дарэчы, паэтычных твораў у І.Х.Басуева назбіралася нямала, усе яны прысвечаны сябрам, жонцы.
Ёсць у Івана Харытонавіча і шматлікія іншыя захапленні. З пяці гадоў умее граць на губным гармоніку, любіць спяваць. Вольны час праводзіць на дачы ў вёсцы Паперына. У грыбны сезон Іван Харытонавіч часта ходзіць у лес, ведае многа грыбных месцаў, аднак сваіх сакрэтаў не выдае. Трымае пчол. З асаблівым захапленнем І.Х.Басуеў расказваў пра тое, як узімку “размаўляў” са сваімі гадаванцамі: прыкладзе вуха да вулля, пачуе гул і радуецца, што жывыя.
Іван Харытонавіч упэўнены, што наперадзе яго чакаюць запамінальныя падзеі, яркія ўражанні і светлыя пачуцці. А таму мужчына смела крочыць па жыццёвай дарозе, не губляючы аптымізму.
К.КАВАЛЕЎСКАЯ.



1 комментарий по теме “Иван Харитонович Басуев

  1. Поздравляю Уважаемого Ивана Харитоновича с Юбилеем!
    Желаю ему здоровья,успехов,хороших и преданных друзей!
    Иван Харитонович, мы с вами проработали в отделении Департамента «Охрана» много лет. Знаю вас как отзывчевого и преданного делу человека. Счастья Вам и вашей семье!
    С уважением Александр .

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *