У семьи Коцур к любому делу всегда грамотный подход

Общество

Бераг у першай яркай зеляніне, як зараз, ці ўсланы залатой лістотай – не важна. Расчахляюцца палаткі ў любую пару года. Анатоль Іванавіч хутка ўбівае калкі, Аляксандра Фёдараўна дастае вуды, дзеці збіраюць каменне. Яно абавязкова для лазні, якая распаліцца пазней таксама ў палатцы. Грэцца, парыцца, будуць усе разам, і есці смачную юшку са свежай рыбы. У каго яшчэ ёсць такое сямейнае хобі? А ў Коцураў яно з першых гадоў сумеснага жыцця.

Дакладней, Анатоль практыкаваў нават зімовыя лазні ў палатцы яшчэ з сябрамі ў студэнцтве, ну а Аляксандра прызвычаілася да паходнага жыцця на берагах Ушацкіх азёр. Была падрыхтаванай, паколькі з бацькам выязджала і на начныя, і на зімовыя рыбалкі. Так што захапленні ў маладых супалі. А вось Ушаччыну ў адрозненні ад мужа жонка прыняла не адразу. Хаця і не дзіўна, бо перад гэтым “забракавала” Віцебск, куды пасля заканчэння дарожнага факультэта БНТУ размеркавалі Анатоля. Так што паехалі ў Новалукомль да яго бацькоў, а праз паўтара года Анатолю Іванавічу прапанавалі месца галоўнага інжынера ў нашым ДРБУ-105, і самае галоўнае – з кватэрай.

Зараз у іх камфортны дом на беразе возера. Шыкоўнае месца па вуліцы А.Клопава разгледзелі 12 год таму сярод суцэльнага поля дзьмухаўцоў. А цяпер там вялізныя туі і вяйгела, махровы бэз, ружы, клямацісы… і вялікі сад. Уласных яблыкаў хапіла да Новага года, ну а з будаўніцтвам склепа мяркуюць працягнуць захаванасць пладоў і да лета. Дагледжаныя, адбітыя дарожкамі зоны дэкаратыўных раслін суседнічаюць з будоўляй крытай тэрасы ля лазні, міні-сажалкі. Прычым, кусты такія вялікія і сакавітыя, што не верыцца пра засяленне ў дом усяго чатыры гады таму. “Садзілі некаторыя паралельна з будоўляй, ну і пастаянна падкормліваю, мінеральнымі ўгнаеннямі, гноем”, – тлумачыць гаспадыня, і я бяру на заметку, што рададэндраны любяць кіслую глебу, гліцынія – многа калію, а пад кусты варта пакласці агратканіну, каб не палоць потым. Пад вінаградам для гэтых жа мэт Аляксандра заслала мешкавіну і сена, салому, чарот. А галіны адной з туй абрэзала і фарміруе напрамак з дапамогай грузу – мяркуе падстрыгчы пазней у форме шароў.

Літаральна да ўсяго ў Коцураў граматны, а не аматарскі падыход. І вельмі многія ноу-хау з’яўляюцца для эканоміі часу, якога так не стае сям’і з трыма дзецьмі, прычым, адзін з якіх немаўля. Як паспяваюць? “Мы ўсё робім разам, будоў­ля дома ці генеральная ўборка. Вячэра, значыць я чышчу бульбу, а Толя разроблівае мяса, ці наадварот. Рыба пераважна заўсёды за ім – вельмі смачна смажыць, варыць юшку, а яшчэ адна яго фірменная страва – бабка. За Дзіянай, яна ў нас сёлета выпускніца, – уборка дома ці заняткі з Лізаветай, якая заканчвае першы клас. Малодшая дачка таксама можа і бульбу камбайнам надзерці, салату пакрышыць, ну а двухгадовы Дзімка ўсё прыводзіць у пачатковы “парадак”, – смяецца Аляксандра, паглядаючы, каб не збег з поля зроку шустры малы.

Дарэчы, менавіта для зручнасці догляду за дзецьмі і планавалі дом. На першым паверсе акрамя гардэробнай і ваннай няма ніводнай перагародкі. Зона кухні адбіта ад залы-гасцінай-трэнажоркі толькі барнай стойкай. Таму, гатуючы ежу, бацькі трымаюць у полі зроку дзяцей.

У Анатоля Іванавіча ёсць тэзіс – працаваць павінна быць камфортна. На нерабочы час ён распаўсюджваецца тым больш. У іх паўсюдна камфортна, светла і прасторна. Кніжная шафа, падвясная лесвіца, арэлі, більярд. Уся сям’я можа знайсці любімы занятак у адным пакоі. Хаця і густы ў іх супадаюць, бо дзеці заўсёды з бацькамі. Усе спальваюць калорыі на бегавым трэнажоры, чытаюць, у більярд гуляе нават малы Дзіма, праўда, пакуль ганяе шары рукамі. Толькі вось бацькаў спартыўны ролік ніхто не бярэ – няпроста з такой прыладай качаць прэс.

Аляксандра гэта робіць на занятках у спарткомплексе, самастойна займаецца бодзіфлексам. А таксама разам з мужам здзяйсняюць пешыя прагулкі – не менш пяці кіламетраў. Летам, канечне, усе купаюцца, возера ж пад бокам. Захапленне спортам Анатоль, дарэчы, пераняў ад сваіх бацькоў, якія і зараз рухомыя, актыўныя. Накачаны малады хлопец выпраўкай і пакарыў у свой час Аляксандру. Пазнаёміў іх Смалявіцкі вакзал, з якога Анатоль штодня з сябрамі ездзіў ва ўніверсітэт. У раённым цэнтры здымалі дом, калі не было інтэрната. Не курыў, таму і купляць у ларку асабліва не было чаго, але прыгажуню за касай усё ж заўважыў і прыйшоў знаёміцца з яблыкамі. Чырванабокі плод дрэва жыцця сапраўды прынёс ім удачу. У Коцураў дружная сям’я, якая ў вольны ад работы і вучобы час заўсёды разам. Акрамя прыгаданых вышэй выездаў на прыроду, яны наогул актыўна падарожнічаюць. Мір і Нясвіж, Бярэзінскі запаведнік і Брэст. Ну а ў Мінск збіраюцца проста так, калі захочацца ў цырк, тэатр ці на выставу. Кожныя святы, а то і выхадныя ў іх госці – сябры, родныя, у Сашы трое сясцёр і брат. Ну а на Каляды ці Масленіцу чаму ж не пераапрануцца і не наведаць суседзяў, якія ў іх кампанейскія і пераважна равеснікі.

Для будаўніцтва дома маладая сям’я брала льготны, пад 1 працэнт, крэдыт, які са з’яўленнем трэцяга дзіцяці быў на 75 працэнтаў “пагашаны”. Дарэчы, наймалі толькі тынкоўшчыка для выраўнівання сцен і плітачніка, усё астатняе будавалі самі і з дапамогай родных.

А яшчэ ў сям’і ўхіл на здаровае харчаванне. У двух рыбакоў са стажам і аматара Лізаветы амаль заўсёды ўласная рыба. У цяпліцах падрастаюць баклажаны, перцы. Буйныя, а то і з двума жаўткамі яйкі нясуць падораныя ТЦСАНам летась як мнагадзетнай сям’і куры. Ціўкаюць у каробцы купленыя кураняты-бройлеры, Мяркуюць пабудаваць хлеў, каб пашырыць пагалоўе трусоў, а мабыць і завесці казу. У карысці малачка, што куплялі ў суседзяў, пераканаліся на сыне, які падужэў і ўжо пазбавіўся алергіі. Цукеркі і мучное яны імкнуцца замяняць фруктамі, мёдам, а хлеб пякуць свой, прычым, бездражджавы, на заквасцы.

Збіраюцца за вялізным абедзенным сталом, зробленым уласнымі рукамі. Драўляны, трывалы, зверху невялікія спілы-кругляшы заліты эпаксіднай смалой. Атрымалася прыгожа. Падобны робяць і на вуліцы. Бетануюць дарожкі, будуюцца клеткі для трусоў, вялізны пень хутка ператворыцца ў домік на курыных лапках… Наогул, у іх утульных палацах вельмі многае робіцца самімі і сумесна. Вось і ўчора пасля ўрокаў Дзіяна без усялякіх “стамілася” пафарбавала арэлі. Дзяўчына сёлета паступае – скончыла музычную школу па класе цымбал, выдатна малюе і схіляецца да архітэктурнага факультэта татавай альма-матэр. Але самыя цёплыя ўспаміны ў яе будуць звязаны з ім – бацькоўскім домам.

Гляджу на маладую мнагадзетную матулю і дзіўлюся яе дзённаму тэмпу. Дамовіцца на сустрэчу і тым больш сумесны фотаздымак было няпроста: у Дзіяны – рэпетытар, Лізу трэба везці ў Полацк на заняткі “Ментальнай арыфметыкі”, прывязуць будматэрыялы – для старэйшай рыхтуецца і асобны пакой. Дзеці – іх асноўны клопат, але не абавязак і тым больш не цяжар. Бацькоўства – як любімае хобі, што прыносіць задавальненне, грэе душу. Ну а розніца ва ўзросце паміж дзецьмі дазволіць захаваць яго на доўгія гады.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *