Новы сезон добраўпарадкавання толькі пачаўся, а тэрыторыя Ушацкага раёна газазабеспячэння ўжо ў кветках! Дзясяткі вазонаў з “анютиными глазками” і маргарыткамі розных сартоў ужо выстаўлены на тэрыторыі і высаджаны на клумбах. Ва ўсю цвітуць тут і чырвоныя цюльпаны.
Між тым, гэта толькі пачатак кветкавага марафону. Літаральна ўсе вокны кабінетаў і вытворчых памяшканняў зараз застаўлены расадай іншых раслін, падрастае яна і ў спецыяльнай для гэтых мэт цяпліцы. Пасадачны матэрыял прадпрыемства ніколі не закупляе, а вырошчвае самастойна. Напрыклад, толькі насення петуній сёлета было набыта каля 2 тысяч штук. Кветкаводы добра ведаюць, якая патрабавальная гэта прыгажуня. Каб улетку яна радавала сваімі фарбамі, працаваць трэба пачынаць ужо зімой – сеяць, рассаджваць, пікіраваць. Петуніі, а таксама аксаміткі, цыніі і многія іншыя хутка зацвітуць і яшчэ больш упрыгожаць акуратную тэрыторыю прадпрыемства.
Традыцыйна на агульную прыгожую “карцінку” працуюць усе без выключэння работнікі арганізацыі, а галоўным куратарам азелянення з’яўляецца кладаўшчык Святлана Васільеўна Дрозд. Стараюцца падтрымліваць статус лепшага прадпрыемства гарпасёлка, стартаваў ужо і агляд-конкурс па добраўпарадкаванні тэрыторый вытворчых баз, які ў некалькі этапаў праводзіцца сярод структурных падраздзяленняў УП “Віцебскаблгаз”.
Дарэчы, паклапаціліся ўшацкія газавікі не толькі пра сваю тэрыторыю: кветкі яны высадзілі і каля замацаванага за імі помніка загінуўшым у гады вайны ў Жарах.
Вольга КАМАРКОВА.