«Поддержим любую инициативу»


Прыём грамадзян у вёсцы Астравенец і дзень інфармавання перад калектывам тэлерэтранслятара старшыня райвыканкама А.А.Кавалёнак традыцыйна спалучыў са знаёмствам з прадпрыемствам. Канечне, на гэтым унікальным аб’екце ён не ўпершыню, аднак час не стаіць на месцы… На тэлерэтранслятары зараз уласнымі сіламі вядзецца пераўзбраенне на абсталяванне апошняга пакалення, вяшчанне вядзецца як у аналагавым, так і ў лічбавым фармаце. У бліжэйшым часе павінны з’явіцца яшчэ два дадатковыя каналы – “8” і “Мір”. Тут жа ўстаноўлены і антэны ўсіх трох аператараў мабільнай сувязі.
Пра ўсё гэта ішла гаворка са старшынёй райвыканкама, а вось у работнікаў тэлерэтранслятара пытанняў падчас дня інфармавання не было. Пэўна, таму, што старшыня райвыканкама дэталёва давёў да прысутных асноўную думку: кіраўніцтва раёна падтрымае любую ініцыятыву, адкрыццё любога прадпрыемства, хіба што акрамя выдачы ліцэнзій на продаж алкагольнай прадукцыі. Алег Анатольевіч дадаў, што яшчэ дастаткова ніш, якія не запоўнены. Ён падрабязна расказаў і пра ўсе прыватныя прадпрыемствы, якія былі створаны ў раёне апошнім часам.
Галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама Д.Л.Раманоўскі расказаў прысутным пра тое, што робіцца ў краіне па падтрымцы дзелавой ініцыятывы. Дырэктыва №4 “Аб развіцці прадпрымальніцкай ініцыятывы і стымуляванні дзелавой актыўнасці ў Рэспубліцы Беларусь” была прынята Прэзідэнтам краіны ў апошні дзень мінулага года. Упершыню ж такі прыярытэт сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, як “прадпрымальніцкая ініцыятыва”, быў агучаны на ІV Усебеларускім сходзе. Невыпадкова і 2011 год названы Годам прадпрымальніцтва. Поспех пяцігодкі, на якую намечаны такія вялікія планы, у многім будзе залежыць ад стартавага года. Таму ў цэлым па краіне зараз прымаюцца законы, аказваецца фінансавая падтрымка, робяцца падатковыя і іншыя льготы для падтрымкі прадпрымальніцтва. Прыярытэтнымі з’яўляюцца развіццё турызму, імпартазамяшчальных тэхналогій, укараненне інавацыйных тэхналогій. У рамках дзяржаўнай праграмы занятасці насельніцтва ствараюцца ўмовы для адкрыцця бізнесу беспрацоўнымі. Толькі летась на адкрыццё ўласнай справы 15 беспрацоўным ушачанам былі выдадзены субсідыі, а пяць юрыдычных асоб і адзін прадпрымальнік атрымалі 314 мільёнаў ільготных пазык у рамках Дэкрэта №9 “Аб некаторых пытаннях рэгулявання прадпрымальніцкай дзейнасці на тэрыторыі сельскіх населеных пунктаў”. На 1 студзеня 2011 года ў раёне налічвалася 69 малых і мікраарганізацый, што на 15 працэнтаў больш, чым у 2009 годзе, і 193 прадпрымальнікі. Найбольшая колькасць малых прадпрыемстваў (28,3 працэнта) занята гандлем і грамадскім харчаваннем, 18,3 – прамысловасцю, 13,3 – будаўніцтвам, 6,7 – турызмам. Доля паступленняў у бюджэт ад прадпрымальніцкай дзейнасці склала 10,9 працэнта.
У краіне і да гэтага былі створаны спрыяльныя ўмовы для развіцця малога бізнесу. Напрыклад, указы 108 і 113 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, падпісаныя яшчэ ў 2007 і 2008 гадах, дазволілі перадаваць для гэтых мэт бязвыплатна ці за адну базавую велічыню пустуючыя будынкі. Але Дырэктыва №4 накіравана на тое, каб яшчэ больш палепшыць іх, стварыць безбар’ернае дзелавое асяроддзе. Гэта праграмны, шырокі дакумент, які ахоплівае стымуляванне ў падаткаабкладанні, спрашчэнне працэдуры рэгістрацыі, удасканаленне сістэмы фінансавання малога бізнесу, абарону і развіццё прыватнай уласнасці. На рэалізацыю гэтай мэты працуе і ўказ па лібералізацыі цэн. За дзяржавай пакінуты кантроль за цэнаўтварэннем на найбольш значныя тавары, паслугі. На астатнія дадзена права ўсім гаспадарнікам і вытворцам фарміраваць цэны самастойна з улікам рыначнай сітуацыі і спрыяць развіццю здаровай канкурэнтаздольнасці.
2011 год павінен стаць Годам прадпрымальніцтва не толькі для бізнесменаў, дырэктарскага корпуса, а і простых грамадзян.  
В.КАРАЛЕНКА.
На здымку: А.А.Кавалёнак падчас наведвання цэхаў тэлерэтранслятара.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *