О состоянии дорог, больнице и привлекательность регионов: Субботин встретился с представителями СМИ

Общество

Развіццё і добраўпарадкаванне рэгіёнаў, будучыня АПК вобласці, падбор кадраў, барацьба з санкцыямі – на гэтыя і іншыя пытанні прадстаўнікоў рэспубліканскіх і рэгіянальных СМІ адказаў на сваёй першай у новай пасадзе прэс-канферэнцыі старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Міхайлавіч Субоцін.

Зносіны з прэсай кіраўнік вобласці пачаў з падзякі: “Дзякуй за плённую працу, аб’ектыўнасць і непрадузятасць у падачы інфармацыі. Нашы СМІ, бясспрэчна, важныя і патрэбныя”.

Журналісты закранулі адно з вострых пытанняў – стан дарог, па іх агульнай працягласці (звыш 16 тысяч км) Віцебшчына займае другое месца ў рэспубліцы. На жаль, на належны рамонт транспартных артэрый апошнія некалькі сезонаў не вылучалася дастатковая колькасць сродкаў. Сёлета з усіх крыніц фінансавання запланавана выдаткаваць амаль 60 млн руб. Планавалася мадэрнізаваць дарогі рэспубліканскага значэння ад Віцебска да Оршы, ад Лепеля да Полацка, завяршыць абход абласнога цэнтра. “Раней будаўніцтва такіх аб’ектаў ішло з прыцягненнем крэдытных сродкаў еўрапейскіх банкаў. У цяперашняй сітуацыі разглядаем варыянты супрацоўніцтва з іншымі, у тым ліку кітайскімі. Са з’яўленнем сучасных трас можна будзе гаварыць аб развіцці прыдарожнага сэрвісу, а таксама павышэнні турыстычнай прывабнасці Віцебшчыны. Транспартную інфраструктуру будзем падцягваць”, – падкрэсліў старшыня аблвыканкама.

Не менш важная тэма – сельскагаспадарчая. Сёлета ад аграрыяў як ніколі чакаюць важкага ўраджаю. У А.М.Субоціна спыталі, як ён ацэньвае работу аграпрамысловых аб’яднанняў на пасяўной. “Час паказаў, што стварэнне холдынгаў было правільным рашэннем. Аграструктуры жыццяздольныя, дэманструюць вынік. Што датычыцца сяўбы-2022, то для Віцебшчыны з-за ўмоў надвор’я яна пачыналася няпроста, але пры гэтым ідзе даволі бадзёра. У параўнанні з мінулым годам удалося назапасіць удвая больш угнаенняў, забяспечыць усю тэхніку палівам, а сельскагаспадарчыя кадры мабілізаваны для працы ў гэты напружаны час. Так што ўсе складнікі для паспяховай сельскагаспадарчай кампаніі ёсць”, – адказаў старшыня аблвыканкама.

Падчас назначэння А.М.Субоціна паўгода таму на пасаду адной з задач, якую паставіў кіраўніку рэгіёну Прэзідэнт Беларусі, была мадэрнізацыя абласной клінічнай бальніцы. Журналісты пацікавіліся, на якой стадыі гэтае важнае пытанне. “Ужо завяршаецца распрацоўка праекта, па якім установа аховы здароўя стане больш тэхналагічнай, камфортнай і будзе адказваць сучасным патрабаванням у аказанні медыцынскіх паслуг. Мы паскорылі працэс, тады як звычайна такая работа вядзецца каля года. Паводле папярэдніх падлікаў, на поўнамаштабную мадэрнізацыю абласной бальніцы неабходна каля Br400 млн. Вядома, сваімі сіламі з такім аб’ёмам не справімся, будзем падаваць праект на ўключэнне ў рэспубліканскую інвестпраграму. Мы плануем не проста пабудаваць новы корпус і адрамантаваць ужо наяўныя будынкі. Хацелася б сабраць разам усе звёны аднаго ланцуга сферы аховы здароўя, уключаючы ўстановы адукацыі медыцынскага профілю – універсітэт і каледж, і стварыць на базе абласной бальніцы лячэбна-вучэбна-вытворчы кластар. Такім чынам там можна будзе не толькі аказваць медыцынскія паслугі, але і вучыцца, а таксама прасоўваць перадавыя медыцынскія тэхналогіі”, – паведаміў Аляксандр Міхайлавіч.

Абмяркоўваючы работу жыллёва-камунальнай гаспадаркі, старшыня аблвыканкама адзначыў, што ў плане добраўпарадкавання кожны жыхар можа ўнесці свой пасільны ўклад у справу. “Хочацца, каб наш рэгіён быў чыстым, прыгожым, нас ставілі ў прыклад. Але адзін я не спраўлюся, трэба ўсім разам паклапаціцца пра гэта – прыбраць крыху далей сваёй агароджы, падняць паперку, пасадзіць кветку, пафарбаваць лавачку. Гэта свайго роду флэшмоб, марафон – патраціць час не на скаргі, а на парадак. Да таго, што зроблена сваімі рукамі, як правіла, больш беражлівыя адносіны”, – адзначыў А.М.Субоцін. У прадаўжэнне тэмы ўспомнілі і пра сталіцу “Дажынак-2022” – Глыбокае. Па плане ў горадзе зменяцца не менш за 100 аб’ектаў. Абновіцца набярэжная ў горадзе, прыме іншы від амфітэатр, які прэтэндуе на званне галоўнай сцэнічнай пляцоўкі мерапрыемства. У райцэнтры вельмі шмат аб’ектаў, якія патрабуюць увагі. Яны або атрымаюць новае жыццё, або як мінімум стануць больш прэзентабельнымі.

Адказаў кіраўнік вобласці і на пытанне “Патрыёта”: што трэба зрабіць, каб невялікія раёны заставаліся прывабнымі для жыцця, а моладзь не імкнулася ў буйныя гарады? “Лічу, што для павышэння прывабнасці жыцця ў рэгіёнах неабходна годная заработная плата, добрая адукацыя на месцах і аператыўная медыцынская дапамога. Таксама на якасць жыцця ўплывае інфраструктура. Гэта ўстановы культуры і спорту, бытавыя паслугі, транспарт, даступнасць высокахуткаснага інтэрнэту. Усё гэта ў сукупнасці дасць новы імпульс. Людзі зразумеюць, што і ў аддаленым ад сталіцы райцэнтры можна жыць таксама годна, а яшчэ праводзіць час на ўлонні прыроды”, – выказаў свой пункт гледжання А.М.Субоцін.

* * *

Прэс-канферэнцыя прайшла ў рамках сустрэчы А.М.Субоціна з прадстаўнікамі СМІ, паліграфічных прадпрыемстваў і арганізацый сувязі з нагоды прафесійных святаў – Дня друку і Дня работнікаў радыё, тэлебачання і сувязі. Упершыню фармат гэтага мерапрыемства быў выязным, а месцам абраны музей-сядзіба Ільі Рэпіна ў Здраўнёва Віцебскага раёна. Для ўдзельнікаў сустрэчы была арганізавана экскурсія, інтэрактыўная выстава СМІ, паліграфічных прадпрыемстваў і арганізацый сувязі. Так, “Патрыёт” падрыхтаваў выставу “Газета ад рэтра да сучаснасці” (на здымку), “Витебские вести” прэзентавалі лагатып Года гістарычнай памяці. Віцебскі філіял РУП “Белпошта” пазнаёміў з Нацыянальнай паштовай электроннай сістэмай, праграмным комплексам “мабільны паштальён”. “Белтэлекам” прадставіў праект “Мой горад”, распрацаваны ў рамках Дзяржаўнай праграмы “Лічбавае развіццё Беларусі”.

На мерапрыемстве былі ўручаны і ўзнагароды пераможцам абласнога конкурсу сярод СМІ. Сёлета лепшымі газетамі сталі “Лепельскі край” і “Браслаўская звязда”, сярод тэлебачання – “Вектар ТВ”, а лепшы інтэрнэт-сайт у газеты “Віцьбічы”.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *