На мінулым тыдні у Мінску прайшоў V медыяфорум “Работа рэгіянальных СМІ ў сучаснай лічбавай прасторы”, арганізатарамі якога выступілі Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі і Міністэрства інфармацыі. Гаворка ішла не толькі пра работу прэсы, а і прафсаюзаў. Удзел у маштабным мерапрыемстве прыняло каля 100 журналістаў з усёй краіны, у іх ліку і карэспандэнт “Патрыёта”.
Без вытворчага траўматызму
Сваё выступленне старшыня ФПБ М.Орда пачаў з важнейшай тэмы – аховы працы. “Галоўная наша мэта – скарачэнне вытворчага траўматызму, – падкрэсліў ён. – Для гэтага працуюць тэхнічныя і грамадскія інспектары аховы працы. Дзякуючы ім штогод выяўляюцца дзясяткі тысяч парушэнняў”. Аднак гаварыць аб кардынальным паляпшэнні сітуацыі, на жаль, пакуль нельга. У 2021 годзе на вытворчасці загінулі 132 работнікі, цяжкія траўмы атрымалі яшчэ 656. Асноўная прычына здарэнняў – чалавечы фактар: наймальнік недаглядзеў ці сам работнік паспадзяваўся на авось. Летась прафсаюзамі выяўлена звыш 52 тысяч парушэнняў патрабаванняў заканадаўства аб ахове працы, прыпынена эксплуатацыя больш 1580 адзінак небяспечнага вытворчага абсталявання. Разам з тым маецца каля 4 тысяч буйных арганізацый, дзе ўжо некалькі гадоў увогуле няма няшчасных выпадкаў. Усё гэта дзякуючы наладжанай культуры вытворчасці.
Звышурочнае – не на карысць
Важнае пытанне – колькі працуе чалавек. Нагадаем: зараз Канстытуцыя гарантуе 40-гадзінны працоўны тыдзень. Але ў надзвычайных сітуацыях работніка з яго згоды могуць прыцягнуць да звышурочных спраў – не больш за 180 гадзін у год. Аднак у апошні час гучаць прапановы павялічыць гэтую норму. Пазіцыя ФПБ тут адназначная: такога быць не павінна, паколькі звышурочная работа ўплывае на здароўе чалавека. Тым больш што ў нас і так ўстаноўлена самая вялікая норма (у большасці краін – 120 гадзін у год).
Новыя магчымасці
Прафсаюзы шчыльна працуюць з урадам па ўдасканаленні заканадаўства. Толькі ў мінулым годзе разгледжана каля 150 праектаў дакументаў. Так, ФПБ ініцыіравала шэраг прынцыповых змяненняў і дапаўненняў у Працоўны кодэкс, які будзе разглядацца дэпутатамі ў бліжэйшы час. “Сярод важных норм – прадастаўленне работнікам бюджэтных арганізацый аплатнага сацыяльнага водпуску, – расказаў М.Орда. – Сёння такой магчымасці няма, што несправядліва. Да прыкладу, работнік завода па калектыўным дагаворы мае права атрымаць 3 аплатных дні з нагоды вяселля, а работнік ВНУ – не. Нас пачулі: цяпер гэтая норма прапісана ў адпаведным праекце закона”.
Яшчэ прафсаюзы настаялі на тым, каб наймальнік быў абавязаны прадаставіць работніку адпачынак для атрымання адукацыі – незалежна ад таго, вучыцца ён па накіраванні ці па ўласным жаданні.
З турыстычным запалам
Яркім завяршэннем паездкі ў Мінск стала магчымасць ацаніць прафсаюзны турыстычны форум “Спадчына Беларусі”, які праходзіў у Палацы культуры прафсаюзаў. Арганізатары на адной пляцоўцы сабралі шматвекавую гісторыю, традыцыі і сучаснасць нашай краіны – усё, чым ганарацца і што шануюць беларусы. На форуме быў прадстаўлены экскурсійна-турыстычны патэнцыял кожнага рэгіёну, вобласці і раёны прэзентавалі маршруты, знакавыя гістарычныя артэфакты. Асабліва прыемна было бачыць на выставе прадстаўнікоў ушацкага санаторыя “Лясныя азёры”.
Зарплата і занятасць
Нягледзячы на санкцыйны ціск з боку Захаду, у эканоміцы нашай краіны захоўваецца дастаткова стабільная сітуацыя. У прыватнасці, летась рэальныя грашовыя даходы павялічыліся на 2 працэнты пры запланаваных 1,6. Таксама выконваюцца ўсе гарантыі сацыяльнай падтрымкі насельніцтва. Узровень беспрацоўя склаў каля 3,7 працэнта (да прыкладу, у Іспаніі – звыш 13).
Безумоўна, ёсць і праблемныя моманты. Так, прафсаюзы занепакоены ўзроўнем зарплаты ў бюджэтнай сферы. У Генеральным пагадненні зафіксавана, што яна павінна складаць не менш 80 працэнтаў да сярэдняй зарплаты па краіне. І летась гэты паказчык практычна выкананы. Аднак шмат у чым – за кошт росту зарплаты работнікаў сферы аховы здароўя, дзе былі значныя выплаты за работу ва ўмовах пандэміі. У той жа час некаторыя іншыя бюджэтнікі па-ранейшаму маюць невысокія даходы. Складаная сітуацыя ў сферы культуры, дзе суадносіны ўзроўню налічанай сярэднямесячнай зарплаты да сярэдняй па краіне не перавышае 56 працэнтаў.
Дзякуючы прафсаюзам у 2021-м работнікам вернута больш за 7 мільёнаў рублёў, незаконна ўтрыманых ці нявыплачаных наймальнікамі, на рабоце адноўлена 38 чалавек.
За абаронай – да журналістаў
На думку міністра інфармацыі У.Пярцова, і Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі, і Міністэрства інфармацыі займаюцца адной справай – абараняюць чалавека працы. Журналісты гэта робяць публікацыямі, расследаваннямі, неабыякавасцю да тых, хто часта проста не ведае, куды звярнуцца.
Удзельнікі медыяфоруму мелі магчымасць задаць свае пытанні старшыні ФПБ і міністру інфармацыі. Атрымаўся жывы дыялог. Журналісты пыталіся пра выжывальнасць раённых друкаваных СМІ без датацый, чуткі пра блакіраванне сацыяльных сетак, уносілі свае прапановы наконт Года гістарычнай памяці. Прадоўжыўся медыяфорум пазнавальнымі лекцыямі і майстар-класамі ад вядучых прадстаўнікоў прафесіі.
Падрыхтавала
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.