“Глядзіце Алену Васільеўну адзначылі – яна цалкам гэта заслужыла, выдатная настаўніца!”. “А вось і наш доктар Вольга Аляксандраўна – правільна, што яна сярод лаўрэатаў”. “У лясгасе шмат добрых работнікаў, цяжка выбраць, але наконт кандыдатуры Сашы Захарэнкі ніхто не паспрачаецца”. Такія рэплікі мы “падслухалі” ў першыя майскія дні на цэнтральнай плошчы гарпасёлка, дзе ўшачане з цікавасцю разглядалі здымкі на абноўленай раённай Дошцы гонару.
Самі ж перадавікі і кіраўнікі прызнаных лепшымі па выніках дзейнасці ў мінулым годзе працоўных калектываў сабраліся ў пятніцу ў зале раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. “Сёння мы адзначаем свята людзей, якія не баяцца працы, хочуць дабрабыту для свайго раёна, забяспечваюць лепшае жыццё для дзяцей, унукаў”, – з такіх слоў пачаў віншавальную прамову старшыня райвыканкама С.С.Садоўскі. Ён падкрэсліў, што менавіта дзякуючы нашым агульным дасягненням 2021 год захаваў станоўчую тэндэнцыю ў сацыяльна-эканамічным развіцці раёна.
Прырост забяспечаны па ўсіх прадпрыемствах і ўсіх таварных групах. Так, у цэлым па раёне вытворчасць прамысловай прадукцыі ў супастаўных цэнах павялічылася на 17,8 працэнта, абарот рознічнага гандлю – на 3,8, экспарт тавараў – на 13,6, паслуг – на 41 працэнт. Сяргей Сяргеевіч шчыра падзякаваў героям свята за стваральную працу, уручыў ім дыпломы і кветкі.
Не так даўно пачаў сваю дзейнасць на Ушаччыне вытворчы ўчастак “Хадакова” ЗАТ “Віцебскаграпрадукт”, але паспеў стаць флагманам жывёлагадоўлі. Увогуле ж таварыства выпускае зараз больш трэці валавой сельгаспрадукцыі раёна. Дуэт начальніка ўчастка Вольгі Шумінскай і аператара на адкорме Аксаны Макаранкі мы ўжо бачылі паўгода таму на ўшанаванні перадавікоў аграрнай галіны. Вось і ў гэты раз абедзве жанчыны ўзняліся на сцэну: першая ў знак перамогі ўчастка, якім кіруе, другая – як лаўрэат асабістага працоўнага заліку. Аксана Генадзьеўна прыйшла ў жывёлагадоўлю не так даўно, але апантана асвойвала новыя спецыфічныя веды і дасканала спраўляецца з доглядам “ясельнай групы”, у якой 60 свінаматак з малымі парсючкамі. На абед можа адвесці ўсяго 15 хвілін, каб паспець пакарміць з соскі ці нават піпеткі 700-800 падапечных, якія менш чым за месяц важаць у сярэднім па 7,5 кілаграма. Прыбяжыць і ў выхадны, каб пракантраляваць сваіх гадаванцаў.
Ужо як звычайны факт успрымаецца прысутнасць сярод лепшых арганізацый Ушацкага лясгаса. У 2021-м тут здолелі ўзяць яшчэ больш высокую планку, прычым такія паказчыкі, як прыбытак ад рэалізацыі прадукцыі і ўкладанне сродкаў у развіццё, у параўнанні з папярэднім годам выраслі ў некалькі разоў.
Таксама другі год запар мы бачым на працоўным Алімпе Ушацкую спецыялізаваную дзіцяча-юнацкую школу алімпійскага резерву – змянілася хіба што назва ўстановы, якая за свае поспехі атрымала больш высокі статус. Цалкам прадказальным было і з’яўленне сярод лаўрэатаў калектыву “Лясных азёр”. З-за эпідэмічных абмежаванняў санаторная сфера перажывала няпростыя часы, аднак здраўніца здолела павялічыць экспарт паслуг і рэнтабельнасць продажаў, прырасла камфартабельнымі катэджамі і адкрыла SPA-комплекс з басейнам. “А няма хвалявання, што вы надта шмат зрабілі летась і гэтую планку сёлета будзе нерэальна перавысіць?” – паспрабавалі мы азадачыць пытаннем дырэктара ўстановы Віктара Грынкевіча. Але той усміхнуўся: “Гэта зусім не пік развіцця, а толькі пачатак узыходжання! У нас безліч планаў, так што нават не спадзявайцеся, што мы саступім сваё месца сярод лепшых”.
Тэрытарыяльны цэнтр абслугоўвання насельніцтва Ушацкага раёна заносіўся нават на рэспубліканскую Дошку гонару, ну а на раённай увогуле часты госць. Сёлета ж апроч самой арганізацыі тут будзе красавацца і прозвішча дастойнага яе прадстаўніка – сацработніка Васіля Літвіновіча. Дарэчы, перад пачаткам імпрэзы мужчына хваляваўся не аб тым, як сядзіць на ім парадны касцюм, а пра тое, колькі часу зойме ўшанаванне: перажываў, што не паспее выпісаць дошкі для рамонту падлогі дома сваёй пажылай падапечнай. На зіму бабулю забірала ў горад пляменніца, і сацработнік хоча паднавіць хату да яе вяртання, хоць гэта, канечне, не ўваходзіць у яго абавязкі. “А што зробіш? Набыў радню – трэба апякаць!” – з уласцівым яму гумарам зазначае Васіль Васільевіч.
Адразу выклікала да сябе сімпатыю ў размове і спецыяліст па продажы вузла электрасувязі Надзея Віннік, што і нядзіўна, бо без гэтай якасці немагчыма плённа працаваць з абанентамі. “Сваю работу я вельмі люблю і штодня іду на яе з радасцю!” – агучыла дзяўчына няхітры сакрэт поспеху. Не хавала ўзнёслага настрою і плінскі бібліятэкар Ірына Марковіч, а занясенне на раённую Дошку гонару сама для сябе палічыла падарункам да прайшоўшага юбілею. Горача падтрымлівалі свайго лаўрэата калегі з УП ЖКГ. “Кандыдатуру Уладзіміра Маркевіча адобрылі ўсе, бо ён не толькі работнік, а і чалавек выдатны”, – патлумачыла галоўны інжынер Анжаліка Хахлова.
Аж па два букеты атрымалі ў гэты вечар Алена Марозава і Алена Радзіеўская: першую апроч раённага кіраўніцтва персанальна павіншавалі школьныя калегі, другую – сын Максім, які прызнаўся нам, што ў яго самая лепшая і добрая мама ў свеце. Зрэшты, згодныя з ім былі б і сотні малышоў, якія прайшлі праз пяшчотныя рукі памочніка выхавальніка. Сама ж Алена Афанасьеўна падкрэслівае, што яе поспех – плён усяго дружнага калектыву ясляў-сада №1, асабліва ж раздзяліць яго яна хоча з выхавальнікам Аленай Падгола, з якой разам працуе ў інтэграванай групе. Сваіх калег Таццяну Багданаву і Святлану Уладзіёнак, брыгадзіра комплексу Галіну Літвін папрасіла ўзгадаць жывёлавод філіяла “Маяк-Ушацкі” Наталля Коршун, бо таксама лічыць, што годныя прывагі – іх агульнае дасягненне.
Самай жа прыкметнай фігурай імпрэзы была, напэўна, Дзіна Пенкальская, якая паспела і цырымонію ўзнагароджання распачаць, і яе непасрэднай гераіняй стаць, і ў нумарах выступіць. Ну а работнікі раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, якія разам з прадстаўнікамі школы мастацтваў рыхтавалі святочны канцэрт, у гэты дзень выходзілі на сцэну з асаблівым настроем, бо іх калектыў таксама ўвайшоў у лік лепшых.
Наталля БАГДАНОВІЧ.