Былая вучаніца Ушацкай школы Паліна Сазонава гэты навучальны год пачала ў Віцебскай гімназіі №2, дзе выбрала юрыдычны профіль і на павышаным узроўні асвойвае грамадазнаўства, англійскую і рускую мовы. Каб трапіць у лік гімназістаў, рыхтавалася ўсё лета – у выніку па тым жа грамадазнаўстве не толькі ведала “на зубок” параграфы падручніка, а і ілюстравала іх дадатковай інфармацыяй. Таму менавіта гэты прадмет Паліна і яе новыя выкладчыкі вылучылі для алімпіяднай падрыхтоўкі.
“Самым складаным было прайсці гарадскі этап: толькі ад нашай гімназіі на ім спаборнічала 14 дзесяцікласнікаў, таму трапіць на вобласць было вялікай перамогай, – адзначае Паліна. – Першага месца на заключным этапе ад мяне, дэбютанткі, ніхто і не чакаў, але я сама паставіла перад сабой максімальную задачу. У апошнія тыдні для нас зрабілі вольнае наведванне, таму рыхтавалася ва Ушачах. Пачынала вучобу а сёмай гадзіне раніцы, спаць клалася пасля поўначы – толькі так і змагла ахапіць усё запланаванае”.
Магчыма, нехта мяркуе, што грамадазнаўства – не настолькі складаная дысцыпліна, як тая ж хімія ці фізіка. Але гэта, канечне, не так. Механічна вывучыць тэмы па сацыялогіі, паліталогіі, эканоміцы, культуралогіі нельга, трэба глыбока разабрацца ў кожным паняцці. Вось хто з вас, напрыклад, зможа патлумачыць канцэпцыю вучэння Вільфрэда Парэта пра цыркуляцыю эліт? А Паліну гэтае пытанне ўзрадавала: у падручніку яму было прысвечана толькі некалькі радкоў, але дзяўчына прачытала дадатковыя артыкулы, таму падрабязна патлумачыла, што, на думку італьянскага сацыёлага, рэвалюцыі і змены рэжымаў у грамадстве адбываюцца, калі на месца старой, вычарпаўшай свой рэсурс правячай эліты прыходзіць новая, якая з цягам часу таксама дэградуе і змяняецца наступнай. Цікаўнасць дапамагла ёй набраць максімальны бал і за пытанне пра асветніка Сымона Буднага: убачыўшы аднойчы ў падручніку карціну У.Стэльмашонка “Слова аб Беларусі”, на якой адлюстраваны 14 дзеячаў айчыннай культуры, дзяўчына вырашыла падрабязна даведацца пра кожнага. Усё гэта па выніку склалася ў дыплом І ступені: Паліна набрала 281 бал з 300 магчымых, а ў адзінай дзесяцікласніцы краіны, якая здолела яе апярэдзіць, толькі на 1 бал больш.
“Рада, што зрабіла дастойны ўнёсак у вынік гімназіі. Вялікі дзякуй і ўшацкім настаўнікам за трывалую базу ведаў. А яшчэ я шчаслівая, што парадавала маіх бацькоў Сяргея і Алену Сазонавых, у якіх, дарэчы, кансультавалася па некаторых пытаннях эканомікі і культуры, бабулю Валянціну Іванаўну, якая за мяне вельмі перажывала!”, – не хавае радасных эмоцый наша зямлячка, за поспехамі якой мы, канечне, і надалей будзем сачыць.
Наталля БАГДАНОВІЧ.
Усё ідзе па плане!
Калі летась мы расказвалі аб прысуджэнні ўшацкаму школьніку Дзянісу Шуку прэміі спецфонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, то выказвалі ўпэўненасць, што адораны навучэнец яшчэ прымусіць прыгадаць аб сабе. І не памыліліся: мінулагодні дыплом ІІІ ступені заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па хіміі ён памяняў сёлета на яшчэ лепшы вынік.
І хоць “золата” Дзяніса папоўніла скарбонку ліцэя БДУ, дзе зараз вучыцца дзесяцікласнік, пачуць гук фанфар з трыумфальнай нагоды заслужылі і ўшацкія педагогі, а найперш выкладчык хіміі Ларыса Аркадзьеўна Струй, якая вельмі шмат уклала ў свайго былога вучня.
Сам жа Дзяніс распавядаў нам пра перамогу без залішняй эмацыянальнасці – як пра дакладна зробленую работу. “Выкладчыкі ліцэя грунтоўна рыхтавалі нас на дадатковых занятках, сам я планамерна рашаў праграму мінулагодніх алімпіяд, у тым ліку міжнародных, прачытаў шмат літаратуры. Зрэшты, сёлетнія заданні, асабліва ў практычнай частцы, аказаліся нестандартнымі і намнога больш складанымі за леташнія. Нам трэба было змяшаць два рэчывы, праз пэўныя прамежкі часу адбіраць пробы і вызначаць іх канцэнтрацыю, пасля чаго па формуле вылічыць канстанту хуткасці рэакцыі і скласці адпаведны графік. Згадзіцеся, гучыць усё гэта як алгарытм сапраўднага навукова-практычнага даследавання – ды і па сутнасці гэта было чымсьці падобным. Аднак я з практычным заданнем справіўся добра і набраў за яго 96 працэнтаў, што і паспрыяла перамозе. У час алімпіяды адчуў сябе часткай згуртаванай дружыны, бо мы перажывалі не толькі за сябе, а і за таварышаў: калі больш 50 працэнтаў ліцэістаў атрымаюць дыпломы, на наступны год каманда аўтаматычна трапляе на заключны этап. Мы перавыканалі задачу, узяўшы 9 дыпломаў з 12 магчымых, і ліцэй атрымаў “Залатую ладдзю” за самую вялікую колькасць узнагарод!”
Вучоба ў сталіцы Дзянісу падабаецца, а адаптацыя да самастойнага жыцця прайшла лёгка і непрыкметна. Магчыма, з-за ўласцівых яго характару самадысцыпліны, арганізаванасці, добразычлівасці. “Ён нават тыдзень адпачынку, вылучаны пасля алімпіяды, дома да канца не дабыў – так не цярпелася хутчэй вярнуцца ў ліцэй”, – з усмешкай зазначаюць бацькі хлопца Міхаіл і Наталля Шук. Дарэчы, прыклад Дзяніса натхніў і яго малодшага брата Кірыла, які таксама захапіўся хіміяй і нядаўна атрымаў дыплом І ступені на раённай алімпіядзе.