Вось ужо месяц, як у пустуючым крыле КБА гарыць святло. Замест вяровак, на якіх сушылі бялізну, — швейныя машынкі з электроннай начынкай, сталы, асвятленне… Васемнаццаць рабочых месцаў і новае прадпрыемства “Патоля” створаны ў суперкароткія тэрміны.
Выбар памяшкання, рамонт, устаноўка абсталявання, падбор кадраў і першая прадукцыя. На “Мілавіцу” ўжо адпраўлена дзве партыі бялізны. Ніжняя – танюткая, мадэльная, дарагая і тым не менш запатрабаваная — з’яўляецца канчатковай прадукцыяй прадпрыемства. Нічога іншага тут шыць не будуць, аднак гэта не азначае, што аднастайна і проста. Наадварот. Нягледзячы на тое, што кожны выконвае канкрэтную функцыю, ёсць кантралёр якасці, ды і машынкі з “мазгамі”, тым не менш частка першай партыі вернута назад. І не з-за няроўных швоў ці іншага яўнага браку – проста недастатковая расцяжка. Такія тут патрабаванні. Ды і норма выпрацоўкі таксама немалая. Удзень змена ў 15 швачак павінна выпускаць тысячу штук. Плануемы абарот – 50 мільёнаў рублёў. А пры двухзменцы, якая пачнецца ўжо ў канцы гэтага месяца – усе сто. Вось такая хуткая наша ”Патоля”.
Галоўнае ў любой справе – жаданне, ініцыятыва і, канечне, разлік. Тут жа справа бяспройгрышная. У “Мілавіцы” ёсць гучнае імя і трывалы рынак збыту, а вось рабочых рук не стае. Таму сёння прадукцыю з маркай “Мілавіца” шыюць на 7 прадпрыемствах накшталт нашага і 50 брыгад. Як выбар паў на Ушачы?
Дырэктар “Патолі” – Віктар Іванавіч Драгун. Карэнныя ўшачане, мяркую, ужо зразумелі. Наша, ушацкае прозвішча, ушацкія карані, таму і выбар паў на родны раён, дзе, дарэчы, заснавальнік сустрэў самы цёплы прыём. Сам старшыня райвыканкама прапанаваў на выбар два пустуючыя памяшканні, якія можна было ўзяць дарма. Аднак па месцазнаходжанні, інфраструктуры больш спадабалася памяшканне КБА, ды і рамонт абышоўся танней.
— Замінак з боку кіраўніцтва раёна ніякіх: поўнае паразуменне і дапамога, не было праблем з рэгістрацыяй. Вось толькі прадпрыемства працуе, а сродкі з Фонда занятасці на адкрыццё новых працоўных месцаў пакуль не атрымалі (патрэбны бізнесплан). Лічу, што для карысці справы, для развіцця малога бізнесу, падтрымання ініцыятывы прыватнікаў можна было б спрасціць саму працэдуру выдзялення гэтых сродкаў. Самая вялікая складанасць для кожнага пачынаючага прыватніка – стартавы капітал. На адкрыццё вытворчасці патрэбна каля ста мільёнаў рублёў. Канечне, у малых гарадах ёсць ільготы ў падаткаабкладанні, але асноўная перавага канкрэтна для “Мілавіцы” ў тым, што прасцей знайсці работнікаў. У Мінску, дзе наогул вялікі выбар рабочых месцаў, складаней набраць швачак. А ў “Мілавіцу” ўжо званілі з Верхнядзвінска і прасілі адкрыць такое ж прадпрыемства, як ва Ушачах.
У выніку выйгралі ўсе. Раён атрымае дадатковыя паступленні ў бюджэт, людзі – рабочыя месцы з неблагім заробкам. “Мілавіца” пашырыла вытворчасць. Ды і камбінат не пацярпеў: арэнда, плюс “падарунак” ад новых гаспадароў – сушылка зараз усталявана ў адным пакоі побач з пральнай машынай. І яшчэ адзін немалаважны “пабочны эфект”: на 30 працэнтаў павышаны заробкі швачак на “Прамкамбінаце”, адтуль ніхто не прыйшоў на новае прадпрыемства.
В.КАРАЛЕНКА.