В Ушачах заложили аллею, посвященную Году исторической памяти

Общество

Алею, прысвечаную Году гістарычнай памяці, заклалі на мінулым тыдні ва Ушачах. Адметна, што адбылася падзея 22 красавіка, у Міжнародны дзень зямлі.

Вечназялёныя іглічныя дрэвы, вядомыя як сімвал стойкасці, даўгалецця, неўміручасці і светлай памяці, будуць упрыгожваць тэрыторыю Ушацкай сярэдняй школы. Пасадзілі ж іх у прысутнасці ганаровых гасцей і вучняў юныя выхаванцы дома сямейнага тыпу, непаўналетнія з мнагадзетных і замяшчальных сямей, дзеці-інваліды. Ініцыятарам і спонсарам мерапрыемства выступіла Віцебскае абласное аддзяленне РГА “Беларускі дзіцячы фонд” пры падтрымцы Ушацкага раённага выканаўчага камітэта.

Як адзначыла падчас урачыстасці дырэктар прыгаданага грамадскага аб’яднання В.А.Обухава, раённае аддзяленне створана зусім нядаўна – у 2021-м, аднак пад кіраўніцтвам Людмілы Васільеўны Давыдавай ужо паспела паўдзельнічаць у многіх карысных справах. За іх фінансаванне намеснік старшыні райвыканкама А.В.Пашковіч падзякавала абласному аддзяленню Беларускага дзіцячага фонду ў асобе Вольгі Алегаўны. Набыты для хлопчыкаў і дзяўчынак з пэўных катэгорый сямей абутак, канапа для дома сямейнага тыпу, а таксама маскі, дэзсродкі ў перыяд напружанай эпідабстаноўкі аказаліся на Ушаччыне вельмі дарэчы. Алена Васільеўна выказала спадзяванне на далейшае плённае супрацоўніцтва з грамадскім аб’яднаннем.

І вось настаў самы адказны і хвалюючы момант – пад музычнае суправаджэнне, апладысменты дзеці, бацькі прыступілі да закладкі памятнай алеі. Не навічкі ў садовых справах – прадстаўніцы прыёмнай сям’і Зяньковых з Двор Пліна (на здымку зверху). Усіх сваіх дачушак Ганна Антонаўна прывучыла не баяцца работы – і тыя прадэманстравалі “клас”, першымі справіўшыся з заданнем.

Не першае ў свае юныя гады дрэўца пасадзілі і хлопчыкі з мнагадзетнай ушацкай сям’і Рэвенкаў. Дарэчы, старэйшы Арцём, якому зараз дзесяць, адразу папярэдзіў: самую цяжкую работу ён возьме на сябе. Ніколькі не разгубіліся, пакуль маці Анастасія Анатольеўна Залатая давала віцебскім журналістам інтэрв’ю, юныя выхаванцы дома сямейнага тыпу – узброіўшыся рыдлёўкай, лейкай, дапамагалі іншым сем’ям.

Літаральна 15 хвілін – і прыгожая алея з малодзенькіх туй, адзначаная яркім указальнікам, гатова. Аднак разыходзіцца было яшчэ рана – удзельнікаў акцыі арганізатары запрасілі ў раённы цэнтр дзяцей і моладзі. У знак падзякі за годную справу ад Віцебскага абласнога аддзялення РГА “Беларускі дзіцячы фонд” сем’ям уручаны вялікія караваі, а непасрэдна хлопчыкам і дзяўчынкам – памятныя падарункі.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *