Руководство Ушачского района вручило материальную помощь ветеранам Великой Отечественной войны

Общество

На гэтым тыдні ў Беларусі пачалася выплата матэрыяльнай дапамогі ветэранам Вялікай Айчыннай і людзям, што пацярпелі ад наступстваў вайны. Аказваецца такая падтрымка адпаведна ўказа Прэзідэнта №281 ад 21 ліпеня 2021 года і атрымаюць яе сёлета амаль 12 тысяч беларусаў на агульную суму 11 мільёнаў рублёў.

Віншаванні прымае Д.Крупеня.

Каб момант атрымання матэрыяльнай дапамогі быў святочным і запамінальным, ва ўсіх рэгіёнах краіны праходзяць урачыстыя ўшанаванні ветэранаў. Учора з прыемнай місіяй да ўшачан гэтай, на жаль, ужо зусім нешматлікай катэгорыі накіраваліся прадстаўнікі раённай улады, актывісты «Белай Русі».

П.Мажэйка.

Жыхар аграгарадка Глыбачка Дзям’ян Уладзіміравіч Крупеня звычайна сустракае шаноўных гасцей у двары свайго дома, паказваючы тым самым, што ёсць яшчэ сілы і бадзёрасць. Прыемна, што так было і зараз. Да таго ж, ён з задавальненнем паказаў старшыні райвыканкама С.С.Садоўскаму, начальніку ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама С.П.Васілеўскай, дырэктару ­ТЦСАН К.В.Коршун свае карціны – нягледзячы на ўзрост ветэран і зараз прадаўжае пісаць!

Сяргей Сяргеевіч павіншаваў з надыходзячым святам і выказаў шчырыя словы падзякі за ўклад у вызваленне нашай Радзімы. У сваю чаргу, былы партызан расчулена зазначаў, што адчувае да сябе з боку дзяржавы і землякоў вялікую ўвагу і пашану. Грашовая дапамога, канечне, будзе для яго нялішняй.

Радасна сустракаў гасцей на парозе свайго дома ва Ушачах і былы вязень фашысцкіх канцлагераў Пётр Мечыслававіч Мажэйка. «Як чалавек, што нарадзіўся ў нямецкім палоне, добра ведаю, якія жудасныя нягоды нясе вайна, і вельмі хачу, каб неба над Беларуссю заўсёды было мірным!» – зазначыў ён.

Усяго матэрыяльную дапамогу да Дня Перамогі атрымаюць 14 жыхароў нашага раёна, з іх 4 ветэраны Вялікай Айчыннай вайны.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *