Ужо не ўпершыню на двары УА “Ушацкая ДАСШ” напрыканцы зімы, якраз перад Масленічнымі святамі, ушачанам адкрываецца прыемнае відовішча. Нібыта з зямлі вырастаюць казачныя героі, дзікія звяры, адмысловыя пабудовы. Не сакрэт для сучасных вучняў-творцаў, што і снег можна выкарыстоўваць у якасці будаўнічага матэрыялу для ўвасаблення сваіх самых смелых задум. Хаця і не лёгка гэта, тым больш што на двары на тэрмометры ідзе адмоўны адлік. І тут на дапамогу прыходзяць вада і цярпенне. Але, паглядзеўшы на творы мастацтва, з гонарам адзначаеш, што з апошнім у вучняў усё ў парадку. На самой справе, не толькі сем вёдзер вады спатрэбіцца, але і сем патоў сыйдзе са старанных, мэтанакіраванных, апантаных справай вучняў, перш чым глыба снегу ператворыцца ў задуманую выяву. Але нездарма з дзяцінства вучылі бацькі і настаўнікі, што цярпенню і працы ўсё падуладна.
І вось ужо на заснежанай палянцы праглядваюцца абрысы чарапахі і мядзведзя, васьмінога і божай кароўкі. Дзіцячая фантазія бязмежная, але ў рабоце са снегам у вучняў ёсць свае ўлюбёнцы. Амаль штогод вучні школы лепяць са снегу кракадзіла. Цікава, чым спадабаўся дзецям гэты заморскі земнаводны? Можа неверагоднымі памерамі. І ў гэтым годзе таксама вучнямі з паралелі 11-х класаў быў створаны сапраўдны алігатар. Вялізны кракадзіл нібыта дрэмле з прыплюшчанымі вачыма і адначасова, здаецца, за ўсімі сочыць. Вучні з паралелі 9-х класаў стварылі афрыканскага слана. Ён атрымаўся ў іх добрым, вясёлым, цыркавым і нават іграе на барабане.
Як толькі “снежная галерэя” была закончана, за наведвальнікамі справа не стала. Ідучы з работы, дарослыя людзі з цікаўнасцю збочвалі ў абыход школы, каб разгледзець снежныя скульптуры, вучні-аўтары (а ўдзельнічалі ў іх стварэнні ўсе класы з 5 па 11) прыводзілі на школьны двор падзівіцца сваіх малодшых брацікаў і сястрычак. Радуе тое, што самымі актыўнымі наведвальнікамі школьных дзіваў штогод з’яўляюцца маленькія выхаванцы садоў – увечары, ідучы дадому, бацькі з задавальненнем прыводзяць сваіх дзетак на школьны двор. Прыемна пасля працоўнага дня прайсціся няспешна, пры гэтым яшчэ і палюбавацца на снежныя выявы.
Малыя – самыя сур’ёзныя крытыкі: ад іх вачэй не схаваеш, што кракадзіл – злы, а слон – добры. Дзеці бегалі вакол снежных жывёлін, дзівіліся, радаваліся.
Але, вось бяда, палюбавацца гэтай прыгажосцю можна вельмі кароткі прамежак часу. Ужо на другі дзень заўважаеш, што ў слана адбіты хобат, а ў васьмінога пашкоджаны канечнасці. Міжволі задаешся пытаннем: каму маглі перашкаджаць гэтыя забаўныя бездапаможныя звяркі? Безумоўна, не тым вучням, якія іх будавалі. Магчыма, хтосьці з тых, хто адлыньваў ад сумленнай працы, потым без асаблівага шкадавання на фігурах адпрацоўваў сілу свайго ўдару.
Чаму некаторыя дзеці на такое здатныя – пытанне з галіны псіхалогіі. Магчыма, калісьці ў маленстве ім не змаглі правільна растлумачыць прадвызначэнне мастацтва ў жыцці, а можа своечасова не прачыталі верш У.Маякоўскага “Што такое добра, і што такое дрэнна…” Невядома.
Але хочацца спадзявацца, што сярод тых маленькіх хлопчыкаў і дзяўчынак, якія прыходзілі на школьны двор разглядаць прыгажосць, створаную дзіцячымі рукамі, не вырасце разбуральнікаў…
Л.ДАВЫДАВА,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце УА “Ушацкая ДАСШ”.
На здымку: экспанат “снежнай галерэі”.