Многае з былых абрадаў і звычаяў нашых продкаў адышло ў нябыт. А вось веснавыя святы з вясёлымі гульнямі, песнямі, забавамі ўвайшлі ў традыцыю.
Менавіта такое свята адбылося ў аграгарадку Ільюшына. Дзень выдаўся цёплым, сонечным, таму сабралася шмат гледачоў і ўдзельнікаў. Добраму настрою спрыяла бадзёрая музыка.
На імправізаваную сцэну выйшлі вядучыя. Яны шчыра віталі жыхароў аграгарадка і гасцей з іншых населеных пунктаў і гаспадарак раёна.
– Ці дазволіце, добрыя людзі, нам вясну гукаць, зіму доўгую замыкаць у каморачку, а цёплае лецейка выпускаць на вулачку? – звярнуліся вядучыя да прысутных. І, вядома ж, атрымалі дружны дазвол. Святочную дзею падхапілі песнямі самадзейныя артысты народнага гурта “Матырынская спадчына”.
Хапіла клопатаў і вестунам-скамарохам. Яны настойліва прапанавалі розныя прысмакі – абаранкі, беларускія бліны і аладкі. Запрашалі памерацца спрытам і знаходлівасцю.
Народнае свята праходзіла на некалькіх пляцоўках: “Вясёлая печка”, “Зімовыя забавы” (гушканне на арэлях, бой на бервяне мяшкамі, набітымі саломай, зімовая рыбалка), “З пылу, з жару”. Але самым цікавым і запамінальным было тэатралізаванае прадстаўленне, якое адбывалася на сцэнічнай пляцоўцы, дзе прынялі ўдзел народны клуб беларускай нацыянальнай кухні “Прысмакі” раённага метадычнага цэнтра, народны клуб нацыянальных культур “Дружба” Ільюшынскага СДК, дзіцячы вакальны гурт Сарочынскага сельскага клуба, дарослы вакальны гурт Арэхаўскага СДК.
У развіццё сцэнарыя свята ўключаліся ўсё новыя дзеючыя асобы. Гэта і адмоўныя персанажы Лясуніха і Марэна, і прыгажуні-Вяснянкі, і ўрэшце рэшт паўнапраўнай гаспадыняй усё урачыстай дзеі стала Вясна-красна.
Адзін за другім змяняліся на сцэне калектывы спевакоў і танцораў з мясцовага СДК і РДК, з Сарочына і Жараў. Пад заліхвацкія пералівы гармонікаў гучалі прыпеўкі.
А затым канцэртная праграма доўжылася ў зале сельскага Дома культуры, там жа была арганізавана багатая выстаўка народных майстроў.
М.ШАЎЧЭНКА.