На заседании президиума районного Совета депутатов обсудили тему сохранения памяти о погибших в годы ВОВ

Общество

Беражлівае захоўванне і ўвекавечванне памяці пра загінуўшых у барацьбе за свабоду і незалежнасць Беларусі ў часы Вялікай Айчыннай вайны стала часткай нацыянальнай ідэі. Менавіта пра гэта ішла гаворка на апошнім пасяджэнні прэзідыума раённага Савета дэпутатаў.

Як адзначыў у сваім дакладзе начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама П.А.Алексяёнак, ва Ушацкім раёне распрацаваны рэгіянальны комплекс мерапрыемстваў па рэалізацыі дзяржаўнай праграмы “Ушанаванне памяці аб загінуўшых пры абароне Айчыны” на 2021-2025 гады. На Ушаччыне налічваецца 110 аб’ектаў, звязаных з Вялікай Айчыннай вайной. На дзяржаўным уліку ў Міністэрстве абароны Рэспублікі Беларусь знаходзіцца 38 пахаванняў воінаў і мірных ахвяр. На кожнае існуе пашпарт, згодна якім колькасць ахвяр вайны складае 5237 чалавек, з іх невядомых – 2786.

У Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь унесены мемарыяльны комплекс “Прарыў”, пахаванне ў г.п.Ушачы па вуліцы Савецкай, аграгарадках Вялікія Дольцы, Глыбачка, Кублічы, у вёсках Антунова, Дубраўка, Павулле, Малыя Дольцы.

Адной з задач праграмы з’яўляецца ўлік і ўтрыманне ў належным стане брацкіх магіл. Так, 70 працэнтаў з узятых на ўлік знаходзяцца ў добрым стане і ў бліжэйшай перспектыве не патрабуюць значных фінансавых укладанняў. Такога нядрэннага на фоне астатніх раёнаў выніку ўдалося дасягнуць дзякуючы агульнай працы – усе пахаванні, памятныя месцы рашэннем райвыканкама замацаваны за арганізацыямі раёна, якія на іх падтрыманне ў належным стане летась выдаткавалі больш за 1,5 тысячы рублёў уласных сродкаў. Гэтай вясной ужо практычна ўсе прадпрыемствы правялі добраўпарадкаванне на замацаваных тэрыторыях.

Штогод з раённага бюджэту выдзяляюцца грошы на бягучы рамонт воінскіх пахаванняў, летась на гэта затрачана больш за 16 тысяч рублёў – абнавіліся помнікі ў Жарах і Павуллі. Кожны год фінансавую падтрымку аказвае і Ушацкая раённая арганізацыя Беларускага Фонду міру – у 2021 годзе ў памеры 2400 рублёў, якія ў асноўным пайшлі на рамонт элементаў “Прарыву”.

Вялікая работа праводзіцца па ўвекавечанні памяці – у аўтаматызаваны банк даных “Кніга Памяці Віцебскай вобласці” ўнесена 2687 прозвішчаў загінуўшых ва Ушацкім раёне. Музеем народнай славы імя У.Е.Лабанка ў 2020-2021 гадах устаноўлена 190 імёнаў загінуўшых або прапаўшых без вестак у гады Вялікай Айчыннай вайны воінаў-землякоў. Выяўлены яшчэ 3 няўлічаныя пахаванні ў Завячэллі, Воцькавічах, Жарах. Яны падлягаюць ўвекавечанню пасля правядзення неабходных працэдур.

Разам з тым маецца шмат пытанняў, якія патрабуюць вырашэння. Напрыклад, да цяперашняга часу на 7 воінскіх пахаваннях, якія з’яўляюцца аб’ектамі гісторыка-культурнай каштоўнасці, з-за адсутнасці ва ўласнікаў фінансавых сродкаў не распрацаваны зоны аховы. У месцах пахаванняў не ўстаноўлены інфармацыйныя банеры. Не адноўлены 12 згубленых мемарыяльных дошак. Як зазначыў старшыня райвыканкама С.С.Садоўскі, які прымаў удзел у пасяджэнні, старшыням сельвыканкамаў трэба быць больш актыўнымі і ў вырашэнні падобных пытанняў прыцягваць спонсараў. Куды складаней вырашаць пытанні з утрыманнем помнікаў, да якіх складана праехаць. Да прыкладу, да Губінкі Сарочынскага сельсавета самы просты спосаб – дабрацца на лодцы, а да былой спаленай вёскі Мурагі ў Вялікадолецкім сельсавеце наогул няма ніякай дарогі. Ёсць і іншыя падобныя прыклады, таму будзе дэталёва вывучацца магчымасць і мэтазгоднасць перапахавання.

Падводзячы вынікі, старшыня раённага Савета дэпутатаў Н.М.Марковіч падкрэсліла, што беражліва захоўваць памяць аб загінуўшых, якія заваявалі цаной свайго жыцця перамогу – наш святы абавязак. А ўлічваючы важнасць пытання было вырашана, што недастаткова разглядаць яго адзін раз у год, на прэзідыуме яно будзе абмяркоўвацца раз у квартал.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *