40-летний юбилей отметил ясли-сад №2 г.п.Ушачи

Общество

40 гадоў таму ўпершыню адчыніліся дзверы ясляў-сада №2 г.п.Ушачы і ў яго сценах загучалі дзіцячыя галасы. Такі час – для гісторыі ўсяго імгненне, а для многіх пакаленняў выхаванцаў, былых і цяперашніх работнікаў – незабыўнае падзея, якая дорыць цудоўныя ўспаміны, адкрывае новыя старонкі творчай дзейнасці.

У мінулую сераду “Малышок” сустракаў гасцей: кіраўніцтва раёна і сістэмы адукацыі, прадстаўнікоў дашкольных устаноў Ушаччыны, шэфаў, ветэранаў працы. Дарэчы, не толькі прымаў віншаванні ды падарункі, але і дзяліўся імі – спецыяльна да юбілею была выраблена сувенірная прадукцыя з выявай садка.

Пра такую асаблівую гасціннасць, цеплыню, якія пануюць ва ўстанове, казала ў вітальным слове старшыня раённага Савета дэпутатаў Н.М.Марковіч. Яна шчыра падзякавала калектыву за годнае выкананне прафесійных абавязкаў і ад раённай арганізацыі РГА “Белая Русь”, якую ўзначальвае, уручыла ў якасці падарунка набор посуду.

Не змог прыняць удзел у мерапрыемстве, аднак не пакінуў віноўнікаў урачыстасці без віншаванняў кіраўнік раёна С.С.Садоўскі. Ад яго імя выступіла і падарыла прынтар намеснік старшыні райвыканкама В.Л.Хамёнак.

Перамог і здзяйсненняў за ўвесь гэты час у “Малышка” было нямала, пра што ў спецыяльнай прэзентацыі расказала намеснік загадчыцы ўстановы А.А.Банеўская. Прозвішчы пецярых педагогаў – Алены Уладзіміраўны Кавалёвай, Людмілы Цімафееўны Севярын, Любові Іванаўны Шаўчэнкі, Алены Венедзіктаўны Грышчанкі і самой Алены Аляксандраўны – заносіліся на раённую Дошку гонару. Двойчы ўдастойваўся гэтай высокай адзнакі і калектыў дашкольнай установы.

Не з пустымі рукамі прыйшла і загадчык вучэбна-метадычнага кабінета А.В.Касіч. Ад аддзела па адукацыі яна ўручыла калектыву ўстановы сертыфікат на 1 тысячу рублёў на набыццё спартыўнага інвентару. Пад гучныя апладысменты прысутых Ганаровыя граматы аддзела атрымалі спецыялісты, работа якіх часта неапраўдана застаецца ў ценю. Гаворка – пра памочнікаў выхавацеляў. Больш за 30 гадоў выконваюць такую неабходную справу Валянціна Пятроўна Ануй і Таццяна Уладзіміраўна Хамякова, больш за 20 – Алена Мікалаеўна Лемеш, 15 – Алена Яўгенаўна Магерка.

Шмат шчырых слоў прагучала ў гэты дзень у адрас загадчыцы ясляў-сада №2 г.п.Ушачы Л.А.Напрыенкі. У “Малышку” Людміла Андрэеўна працуе з моманту яго адкрыцця – усе 40 гадоў. Пачынала выхавацелем, кіраўніком жа з’яўляецца ўжо больш за тры дзесяцігоддзі.

Самай жа першай загадчыцай была Ларыса Міронаўна Фаміна, якая проста не магла прапусціць юбілейнае мерапрыемства. Завіталі на яго і іншыя ветэраны: Зінаіда Кірылаўна Марковіч, Таіса Уладзіміраўна Усцін, Любоў Іванаўна Шаўчэнка, Таццяна Пятроўна Міхейка, Тамара Мікалаеўна Катушонак, Зоя Паўлаўна Рудзёнак. Чатыры дзесяцігоддзі таму пачынала тут кар’еру на пасадзе выхавацеля, больш за 20 гадоў была намеснікам загадчыцы Ірына Уладзіміраўна Акулёнак, якая зараз працягвае працаваць у якасці педагога-псіхолага.

З карыснымі падарункамі – кнігамі для дзяцей і педагогаў – прыйшла былы начальнік аддзела па адукацыі Л.Р.Карабань. Пра сваё даўняе сяброўства з установай расказала дырэктар раённага цэнтра дзяцей і моладзі Л.В.Давыдава – “Малышок” у свой час наведвалі двое яе дзяцей. Падтрымлівае цёплыя зносіны з садком, калектывам і яго былая работніца Наталля Генадзьеўна Дабравольская.

За больш чым 30 гадоў прафесійнай дзейнасці і 25 – непасрэдна на пасадзе загадчыка гаспадаркі не атрымала ніводнай заўвагі ад правяраючых Святлана Уладзіміраўна Алексяёнак. Тыя ж прыгажосць, камфорт і бяспечнасць, якія пануюць у садку, – заслуга ўсяго калектыву і бацькоў выхаванцаў.

Яркай канцэртнай праграмай, якую падрыхтавалі вопытны музычны кіраўнік Вераніка Васільеўна Герасімава і выхавацелі, парадавалі ў гэты дзень як работнікі, так і выхаванцы “Малышка” – у 5 групах іх зараз 88. Пасля іх выступлення госці стоячы апладзіравалі, а некаторыя не змаглі стрымаць слёз. Завяршылася ж сустрэча вершаванымі радкамі загадчыцы, якія сталі своеасаблівым дэвізам дашкольнай установы і ўсіх яе работнікаў:

Вот так живём, одной мечтой согреты,
Бывает всякое у нас, но всё ж
Мы помним мудрые советы:
Что ты посеешь, то пожнёшь!

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *