У мінулую нашу сустрэчу на восеньскім полі механізатар “Маяка-Ушацкага” Раман Ладзік з захапленнем дэманстраваў вартасці толькі што набытага гаспадаркай пасяўнога комплексу HORSCH. Таму, зноў убачыўшы на палетках прыгожую сеялку, першым чынам запыталіся ў яе гаспадара, як узышлі азімыя. “Прыгожыя, роўненькія! Не дарэмна грошы ўклалі”, – задаволена канстатаваў механізатар.
На новы прадукцыйны агрэгат на яравой сяўбе – асаблівая стаўка. Работніка ж для яго падбіралі скрупулёзна: Раман ужо дастаткова вопытны, разбіраецца ў камп’ютарных тэхналогіях. У кабіне ён зараз праводзіць большую палову сутак, а даведзеную дзённую норму ў 16 гектараў стабільна перавыконвае – у аўторак, напрыклад, засеяў 28. Ужо лягло ў глебу насенне аўсу на ўчастках ля Пяскоў, Сарочына і Бікульніч, ля Лутава Сяльца будзе каласіцца пшаніца, а ў наваколлі Шчарбёнак, дзе адбылася наша сустрэча, – гарох і яго сумесь з зернем. Вядома ж, пад кожную культуру трэба рабіць пераналадку – і з гэтым механізатар таксама спрытна спраўляецца. “Талковы і старанны хлопец. Бачна, што шануе тэхніку і імкнецца ва ўсім разабрацца”, – характарызуе маладога калегу Уладзімір Зелянік, заглушыўшы свой МАЗ з насеннем у чаканні, пакуль апусцее ўмяшчальны бункер сеялкі.
◆ “Маяк-Ушацкі” традыцыйна мае самы вялікі план яравой сяўбы зерневых і зернебабовых – 1017 гектараў. На ўчарашнюю раніцу тут было засеяна 30,4 працэнта плошчаў, што крыху перавышае агульнараённы паказчык. Лідзіруюць па ім ААТ “Ільюшынскі” (42,9) і “Агра-Селішча” (35,3 працэнта).
Зрэшты, гэтыя словы можна сказаць і пра самога вадзіцеля – грузавік ён атрымаў ужо дзесяць год таму і стараецца падтрымліваць машыну ў годным стане. Перадавік гаспадаркі застаецца верным нялёгкай хлебаробчай справе: так сталася, што летам з-за няшчаснага выпадку атрымаў складаны пералом нагі і выбыў са строю больш чым на паўгода – і прызнаецца, што літаральна дні лічыў да моманту, калі зноў зможа сесці за руль. Настрой у яго быў выдатны (раніцай павіншаваў па тэлефоне з днём нараджэння малодшую са сваіх шасці ўнучак), а вось выгляд – крыху стомлены: а трэцяй гадзіне ночы разам з суседзямі выбягаў тушыць падступаючы да сядзібы ў Пралетарыі агонь палаў – вось такая “размінка” перад працоўнай зменай атрымалася.
Асноўны ж пасяўны арсенал сканцэнтраваўся на гэтым тыдні ў наваколлі Бутава, дзе гаспадарка ў апошнія пару сезонаў вяртае ў севазварот закінутыя палі. Вось і гэтай вясной на шэрагу тутэйшых участкаў замест пустазелля і баршчэўніку зазелянеюць культурныя ўсходы.
У момант нашага візіту тут шчыравала каля дзясятка работнікаў. Радаваўся, што ўдалося пасля рамонту вывесці ў поле сеялку “LEMKEN”, прызнаны майстар аграрнай справы Пётр Караткевіч. А штатны сейбіт Міхаіл Ражноўскі ў гэты раз зачапіў за свой МТЗ глебаапрацоўчы агрэгат. З культыватарам шчыраваў непадалёк Рафаіл Мамедаў, з навакольных палёў даносіўся гул тэхнікі Андрэя Лапо, Сяргея Аўдошкі і Антона Коўшаля, якія ўзворвалі глебу. Чарговым рэйсам падвёз пшаніцу для сеялкі Ілья Шалонька, а Міхаіл Сталыга аператыўна ўносіў угнаенні.
Каб узяць з месца ў кар’ер і забяспечыць фронт для сеялак, на старце пасяўной работа па ўзворванні і падрыхтоўцы глебы была арганізавана кругласутачна: у гаспадарцы разумеюць, што кожная пратэрмінаваная гадзіна абярнецца стратамі ўраджаю. Па той жа прычыне зусім кароткай была паўза, калі механізатары сабраліся на ўскрайку поля, каб “падмацаваць” тэхніку падвезенай саляркай, а ўласныя сілы – смачным гарачым абедам, які з любоўю гатуюць для іх павары.
Нельга прадказаць, якім будзе сёлетні сезон у нашым рызыкоўным для раслінаводства рэгіёне, але маякоўцы свае стаўкі робяць на захаванне спрыяльных тэрмінаў і тэхналогій, каб атрымаць выйгрыш у хлебаробчай “рулетцы”.
Наталля БАГДАНОВІЧ.