Прошел все должности и не боялся работы. Александр Рудасов четверть века посвятил Ушачскому лесхозу, из них 16 лет — директором

Общество

“Юбілей – слова ўрачыстае, 50, 60 – гэта свята, а 70 – ужо сумны дзень, – паўжартам кажа Аляксандр Паўлавіч Рудасаў і ўжо абсалютна сур’ёзна дадае. – Пасаджанаму мной толькі падчас работы ў лясніцтвах лесу ўжо больш 50 гадоў. А яшчэ я смела гляджу ў вочы ўсім, з кім працаваў. Вось у гэтым галоўны сэнс майго жыцця. А таксама сям’я, дзеці і ўнучкі, якім я патрэбны”.

Лепшых месцаў не выбіраў

Хоць і гомельскі хлопец, аднак кожны ўшачанін лічыць А.П.Рудасава сваім. Як і ён сам – чвэрць века аддаў Ушацкаму лясгасу, з іх 16 – дырэктарам. Хаця прызнаецца, што ніколі б не пакінуў роднага Петрыкаўскага раёна, калі б не Чарнобыль. І нават трагедыя, што адбылася паблізу, не прымусіла шукаць бяспечнага месца. Падштурхнула на пераезд здароўе сына, што аказалася цалкам апраўданай ахвярай. Без усякіх лекаў Жэня паправіўся. І хоць потым былі прапановы перабрацца ў развітыя раёны Гродзеншчыны і Міншчыны, Аляксандр Паўлавіч гэтыя варыянты не прымаў чыста па маральным аспекце. “Што ж я за чалавек такі акажуся, калі адпрацаваўшы год, некуды пабягу. Як бы Дарафеевічу ў вочы глядзеў?”. Так, галоўным ляснічым Ушацкага лясгаса з такой жа пасады на радзіме ішоў пераводам па ўзгадненні з М.Д.Бабаедавым. Знаёмы былі, але няблізка. Аляксандру Паўлавічу даводзілася быць на Ушаччыне – пераймалі вопыт па перапрацоўцы другасных дароў лесу. А папрацаваўшы поплеч, Мікалай Дарафеевіч называў яго сваім пераемнікам. Так і атрымалася.

Стаў ушацкім мальцам

ён намнога раней, яшчэ падчас студэнцтва ў Полацкім лясным тэхнікуме. На першых сельгасработах апынуліся на копцы бульбы ў Старым Сяле Жарскага сельсавета, жылі з сябрам на кватэры. І аднойчы гаспадыня папрасіла дапамагчы грабіць сена. Адмовіць не маглі, хаця вельмі перажывалі і меркавалі, як жа паступіць. Хацелі куратара папярэдзіць, ды вырашылі, будзь што будзе: зловяць – значыць адлічаць з тэхнікума. І якімі ж былі шчаслівымі, калі раніцай бабуля выдала ім пару грабляў і павяла на свой участак на сена. Слова “грабіць” яны ведалі толькі ў адным значэнні – “красці”. Так пятнаццацігадовы Аляксандр пазнаёміўся з мясцовымі дыялектызмамі, у прыватнасці, з яшчэ адным толькі нашым словам “мальцы”, ну а таксама з клёцкамі, якімі ў знак удзячнасці пачаставала іх гаспадыня.

Званні ў “спадчыну” не перадаюцца

Гэта страва даўно прапісалася ў сямейным меню, а Аляксандр Паўлавіч ведае тэрыторыю Ушацкага раёна лепш за мясцовых. “Зараз у лесе ля Тартака людзі грыбы збіраюць і не ўсе памятаюць, што некалі там былі палі. Як і на плошчы 20 тысяч гектараў, якія ў канцы дзевяностых перадалі Ушацкаму лясгасу з сельгаскарыстання. Так, у нас работы прыбавілася, але гэта было абсалютна правільнае рашэнне – развал Саюза, гаспадаркі не паспявалі апрацоўваць ворыва і нізкабальныя землі пайшлі пад пасадку лесу”.

Такім чынам тэрыторыя лясгаса з 52 тысяч стала 72, а да шасці лясніцтваў дабавілася сёмае – Сарочынскае. Гэта былі часы не проста аднаўлення, а стварэння новых лясоў. Засаджвалі па 800-900 гектараў лясных культур у год, прычым уласнымі сеянцамі, для чаго пашырылі Вялікадолецкі пітомнік і стварылі дадатковы Касарскі. Калі раней прадавалі на экспарт насенне шышкі, то ў пачатку двухтысячных у Расію пастаўлялі і маленькія сосны і елкі. Была створана лесапаляўнічая гаспадарка з цэнтрам у Мірным і закладзены дэндрапарк і міні – у кожным лясніцтве. Любімае месца прагулак ушачан выбіралася невыпадкова: ужо існавала разбітае зноў жа лесаводамі месца адпачынку з альтанкамі “пянькі”, і А.Рудасаў прыгадаў пра “паляну”, на якой М.Бабаедаў садзіў бульбу. Сімвалічна, што па ініцыятыве Міністэрства лясной гаспадаркі зараз там устаноўлены камень з мемарыяльнай дошкай у гонар Заслужанага лесавода БССР. А Аляксандр Паўлавіч, які ўтрымаў званне перадавога лясгаса на павялічаных напалову плошчах, у 2009 годзе ўдастоены звання Ганаровага лесавода Беларусі. Як разумееце, у спадчыну яно не перадаецца – толькі за асаблівыя заслугі.

Памятае па імя і леснікоў, і міністраў

Дарэчы, ні зоркавай хваробы, ні прыхілення перад “зоркамі” іншых у яго няма. Ацэньвае людзей па справах і годна адгукаецца, называючы па імя па бацьку, ці аб лесніках, з якімі пачынаў працаваць на радзіме, а пасля заканчэння інстытута ў Акцябрскім раёне, ці аб аднакурсніках, сярод якіх і былы міністр галіны, ці пра ўшацкіх калег.

Хаця, ушацкую прыроду і ўшацкіх людзей вылучае асобна. Кажа, што пашчасціла працаваць з прафесіяналамі. Калі прыйшоў – са старэйшымі калегамі Паўлам Якаўлевічам Мірановічам, Васілём Ануфрыевічам Долгім, Леанідам Андрэевічам Івашчанкам, Алегам Сцяпанавічам Рахманенкам. А потым з’явілася маладая змена: Сяргей Клопаў, Васіль Бяльковіч, Канстанцін і Аляксандр Баратынскія, Сяргей Ільюшэвіч, Вадзім Кальчэўскі, Мікалай Рахманенка. “У яго праз тыдзень, дарэчы, юбілей, – дадае Аляксандр Паўлавіч і ў чарговы раз здзіўляе, што памятае і ведае пра сваіх падначаленых усё. – На хлопцаў пасля інстытута ў нас была асаблівая стаўка, падчас практыкі мы абавязкова накіроўвалі іх у лясніцтвы – майстрам ці памочнікам, каб ведалі ўсё знутры”.

Ад мапеда да харвестара

Сам Аляксандр Паўлавіч прайшоў усе пасады і не баяўся ніякай работы. Калі пасля тэхнікума ў 1970 годзе размеркаваўся тэхнікам-лесаводам, з памочнікам лясніцтва самі выконвалі асвятленне кварталаў, каб падзарабіць, бо налічаная зарплата складала 70 рублёў. Праз дзесяць год спецыяльна ў красавіку браў адпачынак і жыў у лесе, нарыхтоўваючы за сезон з калегамі па 100 тон бярозавага соку. А ўсе пакупкі маладой сям’і прыпадалі выключна на восень, калі з уласных участкаў здавалі па некалькі тон бульбы. Станаўленне лясной галіны праходзіла на вачах і з непасрэдным удзелам. Аляксандр Паўлавіч прыгадвае, што “працоўнай машынай” леснікоў у сямідзясятых былі выключна коні, а на колы клаліся каністры з бензінам і пілы. Майстру ж і памочніку на двух выдавалі мапед. Калі выходзіў на заслужаны адпачынак, у арсенале ўшацкіх лесаводаў быў не адзін харвестар, маніпулятары, магутная тэхніка для тралёўкі.

Азартны паляўнічы і рыбак

Паляванне – гэта хобі, быў перакананы А.Рудасаў і калі ў тым ліку для заробку валюты ствараў на базе лясгаса паляўнічую гаспадарку, і калі ў васьмідзясятых узначальваў брыгаду па адстрэ­ле ваўкоў і шмат часу гублялі толькі на выстаўленні загонаў. “Загналі” і каня, і ЛуАЗ, праходзячы па заснежаным бездарожжы, аднак занялі ў 1985 годзе 5 месца ў рэспубліцы, адстрэліўшы 27 драпежнікаў. На рахунку асабіста Аляксандра Паўлавіча іх – 18, а 26 сакавіка 1986 года – дата, памятная асабліва. Двума выстраламі забіў двух ваўкоў. “Чакаю, калі ж калегі з транспартам з’явяцца пагрузіць трафей, а яны не едуць: думалі, што забіў аднаго, вось і стаялі па сваіх месцах, каб падстрэліць другога загнанага шэрага”. У трафеі былі ласі, кабаны. Ён настолькі азартны паляўнічы, што 4 гады нават узначальваў таварыства паляўнічых і рыбаловаў, а вуду ў рукі браў, толькі калі пачыналася забарона на адстрэл.

Равесніца спеламу дубу

Хоць больш пяцігодкі на заслужаным адпачынку – Аляксандр Паўлавіч у курсе ўсіх спраў Ушацкага лясгаса. Па-першае, узначальвае ветэранскую арганізацыю, у чым вельмі спатрэбілася яго выдатнае веданне людзей і памяць пра іх. Па-другое, былых сваіх калектываў, напэўна, проста не бывае. Ён аналізуе становішча спраў і прагназіруе будучае, радуецца за цяперашняе адраджэнне прадпрыемства, унікальныя навінкі тэхнікі, узорную тэрыторыю Ушацкага лясніцтва і крыху зайздросціць тым, хто працуе ў суперсучасным пітомніку. У ім расце чарговая змена сеянцаў. А Аляксандр Паўлавіч вырасціў дынастыю – равесніцу спеламу дубу. Такім будзе агульны стаж яго, жонкі Святланы Васільеўны, сына і нявесткі. Дарэчы, нават нумар мабільнага тэлефона ў яго “лясгасаўскі”, заканчваецца на дырэктарскія лічбы 19-10.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *