Активно и продуктивно на Ушаччине прошел республиканский субботник

Общество

Рэспубліканскі суботнік прайшоў у Беларусі ў мінулыя выхадныя. Удзел у ім прынялі 2 мільёна 345 тысяч чалавек. Беларусы прыводзілі ў парадак вытворчыя будынкі і тэрыторыі, добраўпарадкоўвалі аб’екты населеных пунктаў, гісторыка-культурныя каштоўнасці, мемарыяльныя комплексы, месцы баявой і воінскай славы часоў Вялікай Айчыннай вайны. Больш дзесяці з паловай мільёна рублёў, сабраных у час суботніка, будуць накіраваны на рэканструкцыю нашай святыні – мемарыяльнага комплексу “Хатынь”. Дарэчы, менавіта на гэтым аб’екце шчыраваў у суботу Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік краіны даручыў да 80-годдзя трагедыі (гэта значыць, да 22 сакавіка наступнага года) пабудаваць на комплексе музей і правесці ўсе неабходныя рэстаўрацыйныя работы.

Работнікі Ушацкай школы.

Шмат карысных спраў зрабілі ў мінулую суботу і ўшачане. Самым масавым аб’ектам стаў новы школьны стадыён у райцэнтры, дзе працавала больш сотні чалавек. Працэс быў добра арганізаваны, людзі падзяліліся на некалькі груп і выконвалі кожны сваю справу. Работнікі навучальнай установы, раёна электрасетак, райбальніцы, камунгаса, выратавальнікі, кааператары прафілявалі ўчасткі, ачышчалі іх ад камення, убіралі смецце з прылеглай тэрыторыі. Падрадчыкі з полацкай будаўнічай кампаніі “Гравеліт” сеялі траву і фарбавалі канструкцыі. Дэсант са спарткомплексу рыхтаваў да афарбоўкі стары будынак ДЮСШ. “Прыемна прыкласці руку да аб’екта, які ўпрыгожыць гарпасёлак!” – дзяліўся ўражаннямі вядучы энергетык Ушацкага філіяла райспажыўтаварыства Уладзімір Сіцько, а яго калега Валерый Волах прызнаўся, што працуе з асаблівым жаданнем, бо тут будзе займацца яго сын. “Набліжаю доўгачаканы момант, калі выведу вучняў на новы стадыён!” – з усмешкай зазначала настаўнік фізкультуры Святлана Краснова, лоўка выцягваючы са схілу чарговы камень.

Камунгасаўцы працуюць на “Прарыве”.

Каля сотні ўшачан шчыравала ў гэты дзень і на яшчэ адным стратэгічным аб’екце – комплексе “Прарыў”. Дарэчы, менавіта тут прыкладалі свае сілы старшыні райвыканкама і райсавета С.Садоўскі і Н.Марковіч. Мерны гул бензапіл даносіўся з боку “лясной школы”, антураж якой абнаўлялі работнікі ЖКГ. А непадалёк дружная брыгада пад кіраўніцтвам начальніка ўпраўлення капітальнага будаўніцтва А.Лосева аздабляла месца партызанскага прывалу – “пазычыўшы” старажытную тэхналогію продкаў, майстравала з сухога трыснягу дах над дрывотнікам. Лясгасаўцы, культработнікі, райвыканкамаўцы перабудоўвалі зямлянкі, наводзілі парадак у навакольных зарасніках, дарожнікі аднаўлялі плітку. Адным словам, спраў тут хапіла ўсім.

У гэты дзень былі прыведзены ў парадак многія помнікі і абеліскі. Так, напрыклад, работнікі “Беларусбанка” і раёна газазабеспячэння працавалі на мемарыяльных аб’ектах у Жарах. Трапілі пад увагу і месцы грамадзянскіх пахаванняў. Шмат было зроблена на цэнтральных могілках гарпасёлка па вуліцы Кастрычніцкай, куды дэлегавалі сваіх супрацоўнікаў некалькі ўшацкіх арганізацый. Напрыклад, пяцёра работнікаў раённага вузла электрасувязі не адну гадзіну выносілі смеццевыя кучы, што “назапасілі” між магіл нядбайныя наведвальнікі.

У Турасполлі.

Шмат людзей мы сустрэлі і на вясковых могілках між Двор Плінам і Угрынкамі – яны зграбалі лісце, рыхтавалі да афарбоўкі агароджу. Узначальваў працоўны дэсант старшыня Ушацкага сельвыканкама М.Хоміч, а ў яго склад уваходзіла моладзь з БРСМ і мясцовыя жыхары, арганізавала якіх новая старэйшына Двор Пліна Ганна Зянькова. “Вядома ж, мы адгукнуліся на прапанову далучыцца да ўборкі могілак, а як жа інакш? У мяне, напрыклад, тут сынок пахаваны, ды і суседзяў, знаёмых шмат”, – эмацыянальна тлумачыла сваю прысутнасць на суботніку Тамара Уладзіміраўна Калачова.

Прыкладаў, калі вяскоўцы выйшлі на ўборку грамадскіх месцаў, у сельсаветах было нямала. Але здаралася, што яны перакладалі гэта на плечы работнікаў арганізацый – як быццам акуратны выгляд населенага пункта патрэбны шэфам, а не самім яго жыхарам.

На ўшацкіх могілках.

Ды ўсё ж аграгарадкі і многія вёскі ў мінулую суботу прыкметна папрыгажэлі. Так, у Кублічах работнікі сельвыканкама і некалькіх арганізацый з райцэнтра займаліся ўборкай яўрэйскіх могілак, рэшткаў Петрапаўлаўскай царквы, добраўпарадкаваннем грамадскіх месцаў. Страхоўшчыкі, міліцыянеры, сацработнікі, мясцовыя аграрыі прыводзілі ў парадак вёску Селішча. Тут было высаджана больш 550 елачак! Стала чысцей у грамадскім парку Вялікіх Дольцаў і ля двухпавярховак па вуліцы Маладзёжнай у Ільюшыне.

Маштабныя работы былі праведзены ў Турасполлі, дзе рыхтавалі да летняга сезона дзіцячы аздараўленчы лагер. Прадстаўнікі аддзела па адукацыі, цэнтра забеспячэння дзейнасці бюджэтных арганізацый займаліся ўборкай тэрыторыі, абрэзкай дрэў, рамонтам будынка лагера і помніка загінуўшым у час вайны мясцовым жыхарам. А актывісты пярвічкі Беларускага саюза жанчын “Белаграпрамбанка” пад кіраўніцтвам начальніка ЦБП №237 у г.п.Ушачы Д.Садоўскай і старшыні раённай арганізацыі ГА БСЖ А.Пашковіч абнавілі гульнявое абсталяванне (фарба, дарэчы, у якасці спонсарскай дапамогі была набыта “Белаграпрамбанкам”). “Як бачыце, работа праведзена каласальная!” – з задавальненнем канстатавала загадчык гаспадаркі лагера Людміла Ягадка, праводзячы пазней па яго тэрыторыі старшыню райвыканкама.

Жыхары Двор Пліна.

Зрэшты, падобнае падагульненне можна было агучыць і наконт усіх асноўных аб’ектаў суботніка. Ён сапраўды атрымаўся вельмі плённым, бо ўшачане бачылі, што робяць годную і патрэбную справу, працавалі дружна і старанна – як і належыць руплівым гаспадарам сваёй зямлі.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *