Ушачане присоединились к экологической акции «Дерево героя», приуроченной Году исторической памяти

Общество

Жывымі помнікамі спрадвеку лічылі дрэвы нашы продкі: садзілі іх і з прыемнай нагоды нараджэння дзяцей і ў памяць пра тых, каго страцілі. А таму вельмі годнай падаецца ідэя эколага-патрыятычнай акцыі “Дрэва Героя”, якая праходзіць у Беларусі з 26 сакавіка па 15 мая. Ініцыявала яе Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя ў рамках Года гістарычнай памяці, а сутнасць акцыі ў тым, што ў месцах баявой славы будуць закладзены гаі, паркі, сады і алеі.

Напрыканцы мінулага тыдня да акцыі актыўна далучыўся і наш раён. У пятніцу працоўны дэсант з прадстаўнікоў інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, актывістаў ветэранскай арганізацыі, вучняў і настаўнікаў Арэхаўскай школы, а таксама грамадскіх эколагаў высадзіўся ў пачатку Мосара. Менавіта тут устаноўлены памятны знак на месцы былой вёскі Замошша, дзе з’явіўся на свет легендарны камбрыг Полацка-Лепельскай партызанскай зоны, Герой Савецкага Саюза Фёдар Фаміч Дуброўскі.

Было прыемна бачыць, як людзі розных пакаленняў дружна працавалі поруч. “Спачатку трэба паліць, а потым ушчыльніць глебу”, – навучала школьнікаў актывістка ветэранскай арганізацыі Наталля Васільеўна Глінская. – Я тэхналогію добра ведаю, бо бацька і маці былі лесаводамі”. А якія пранікнёныя словы знайшла для моладзі старшыня мосарскай ветэранскай пярвічкі Тамара Ільінічна Галай на невялікім мітынгу, што быў арганізаваны перад пасадкай: “Фёдар Фаміч і яго саратнікі змагаліся за гэтую зямлю, каб мы з вамі жылі пад чыстым мірным небам, прачыналіся з сонейкам і не баяліся… Для мяне вельмі важна, што ёсць клопат дзяржавы, што мы памятаем нашых герояў!”

Начальнік прыродаахоўнай інспекцыі М.Шук падзякаваў усім удзельнікам акцыі, а таксама Ушацкаму лясніцтву, якое падзялілася насенным матэрыялам. 25 бярозак, высаджаных у гэты дзень ля памятнага знака, неўзабаве аздобяць яго маладой зелянінай, а дзеці і дарослыя, калі лёс зноў прывядзе іх у Мосар, з прыемным пачуццём прыгадаюць, што прыклалі руку да добрай справы.

А ў суботу “Алея Памяці” з’явілася на мемарыяльным комплексе “Прарыў”, маладыя туі ўпрыгожылі таксама тэрыторыю ля Ушацкага музея народнай славы імя У.Е.Лабанка.

Ініцыятарамі закладкі алей выступілі Мінпрыроды і Рэспубліканскі цэнтр аналітычнага кантролю ў сферы аховы навакольнага асяроддзя, удзел у акцыі прынялі таксама прадстаўнікі Віцебскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, Ушацкага райвыканкама. Госці з Мінска і Віцебска аператыўна справіліся з пасадкай ста дрэўцаў ­– актыўна дапамагалі ім у гэтым кіраўнік нашага раёна С.С.Садоўскі і старшыня райсавета Н.М.Марковіч. Усталявалі і таблічкі з інфармацыяй, з якой менавіта нагоды закладзены алеі.

Трэба сказаць, што практычна ўсе эколагі прыехалі на Ушаччыну ўпершыню, а таму з вялікай цікаўнасцю прайшліся на залах музея і мемарыяльным комплексе, якія моцна ўразілі іх сваёй велічнасцю. Часткай акцыі “Дрэва Героя” стаў мітынг-рэквіем, падчас якога прысутныя ўшанавалі памяць партызан, усклалі вянок і кветкі да мемарыяльных пліт “Прарыва”.
Карыстаючыся момантам, кіраўніцтва раёна абмеркавала з прафесіяналамі і надзённыя экалагічныя праблемы. Першачарговая з іх, канечне, баршчэўнік – як паведаміў С.Садоўскі, барацьбу з ім сёлета пачнуць у максімальна раннія тэрміны. Спецыялісты-эколагі пакінулі свае каардынаты і прапанавалі пры неабходнасці звяртацца да іх за практычнымі парадамі.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *