Хто такія абавязаныя асобы, сёння ведае кожны. Яны “праславіліся” тым, што ўласных дзяцей прамянялі на бутэльку, па прытулках ды інтэрнатах параскідвалі, а самі не хочуць працаваць, рэшткі сумлення топяць у спіртной атруце. Ці актуальная гэтая праблема для нашага раёна? Як паўплываць на сітуацыю, каб прымусіць гора-бацькоў вяртаць расходы, якія затрачвае дзяржава на ўтрыманне дзяцей? Менавіта пра гэта наша размова са старшым суд.
– Адна з задач суда – выкананне Дэкрэта №18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядобранадзейных сем’ях”. Алена Віктараўна, ці характэрна для нашага раёна ненармальная тэндэнцыя сацыяльнага сіроцтва?
– На вялікі жаль, яна з’яўляецца ў нас даволі актуальнай. З боку дзяржавы прымаюцца ўсе меры, каб дзеці былі шчаслівыя ў сем’ях, аднак дзіцячы сацыяльны прытулак у гарпасёлку ніколі не бывае пустым. Ніхто не здольны прымусіць гора-бацькоў любіць сваіх дзяцей, аднак закон можа прымусіць плаціць за іх утрыманне.
– Наколькі вялікі памер запазычанасці абавязаных асоб перад дзяржавай?
– Асобы, пазбаўленыя бацькоўскіх правоў з 05.08.2005 па 28.02.2011 у раёне, павінны вярнуць дзяржаве за ўтрыманне дзяцей у дзіцячых установах і апякунскіх сем’ях 940 мільёнаў 730 тысяч рублёў. Вернута толькі 345,8 мільёна, што складае 36,7 працэнта.
– Як ідуць справы з працаўладкаваннем такіх грамадзян?
– На сённяшні дзень 5 абавязаных асоб знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі, 20 – у лячэбна-працоўным прафілакторыі, 2 – у вышуку, а вось 53 працуюць на сельскагаспадарчых прадпрыемствах і ў іншых арганізацыях раёна. З заробку даўжнікоў утрымліваецца да 70 працэнтаў. Такіх ненадзейных грамадзян прымусова дастаўляюць на месца работы, аднак гэтыя меры не заўсёды з’яўляюцца эфектыўнымі. За ўхіленне ад пакрыцця сродкаў па артыкуле 174 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь судом Ушацкага раёна асуджана ў 2011 годзе два даўжнікі.
– Напэўна, няма нічога больш страшнага, чым адабранне дзяцей з сям’і. Ці былі ў гэтым годзе выпадкі пазбаўлення ўшачан іх бацькоўскіх правоў?
– Так, у 2011 годзе рашэннем суда Ушацкага раёна тры сям’і пазбавіліся дзяцей. У адносінах чацвёртай справа аб пазбаўленні бацькоўскіх правоў знаходзіцца ў стадыі разгляду.
Бацькам быў дадзены шанц вярнуць дзяцей, пакуль тыя знаходзіліся ў сацыяльным прытулку, – працаўладкавацца, навесці парадак у доме, адмовіцца ад п’янства. Аднак яны выбралі іншы шлях.
Кожная справа, якая разглядаецца ў судзе, – гэта пакалечаны лёс.
Часта гора-бацькі абвінавачваюць законы, уладу, службовых асоб і яшчэ шмат каго і што, аднак нічым нельга растлумачыць іх бяздушша і абыякавасць у адносінах да ўласных непаўналетніх дзетак.
Падрыхтавала
К.КАВАЛЕЎСКАЯ