Сонечным выдаўся чацвер і многія ўзяліся за навядзенне парадку з дапамогай запалак. Так, у Жарах па сухой траве агонь прыйшоў на адну з сядзіб, дзе загарэлася надворная пабудова. Яна пашкоджана, жыллё ж удалося захаваць. А ў Любжыне пажылая жанчына, убачыўшы полымя, якое па траве таксама набліжалася да падворка, кінулася тушыць, аднак атрымала апёкі 40 працэнтаў цела і ў цяжкім стане дастаўлена ў райбальніцу.

◆ З пачатку года ў раёне адбылося 11 пажараў, з іх 4 па прычыне выпальвання сухой расліннасці.
Напружаным для ўшацкіх выратавальнікаў выдаўся ўвесь бягучы тыдзень, неаднаразова выязджалі на тушэнні вялікіх ачагоў узгарання сухой травы ў экасістэмах.
У МНС нагадваюць, што ў выніку выпальвання сухой расліннасці можна не толькі застацца на папялішчы, а і “прагарэць” на ўнушальны штраф ад 10 да 30 базавых велічынь.