За прайшоўшы год у “Ільюшынскім” адбыліся значныя змены. Памер гаспадаркі павялічыўся ўдвая за кошт далучэння СВК “Старасельскі-Агра”, і з 1 верасня два сельгаспрадпрыемствы сталі адзіным цэлым. Таксама ў снежні 2010-га была зменена форма ўласнасці – сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў пераўтвораны ў адкрытае акцыянернае таварыства. Гэта зазначыў у пачатку свайго выступлення на справаздачным сходзе дырэктар гаспадаркі С.А.Халімоненка. Нягледзячы на тое, што два СВК больш чым паўгода існавалі паасобку, гучалі агульныя лічбы. Так, летась у аб’яднанай гаспадарцы атрымана прадукцыі на 5 мільярдаў 513 мільёнаў рублёў, што на 14 працэнтаў ніжэй прагнознага паказчыка. Дзейнасць гаспадаркі была накіравана на забеспячэнне стабільнасці і нарошчванне тэмпаў вытворчасці. Выкананы ўсе перадумовы для добрага ўраджаю зерневых, аднак неспрыяльным аказалася надвор’е і валавы збор зерневых склаў толькі 3362 тоны пры ўраджайнасці 17,3 цэнтнера з гектара. Засушлівае надвор’е паўплывала і на вытворчасць рапсу. Нарыхтавана кармоў высокай якасці больш запланаванага – 25,3 кармавых адзінкі на ўмоўную галаву.
У жывёлагадоўлі валавы надой малака склаў 3107 тон, а сярэдні на адну карову 2762 кілаграмы. За год больш 20 працэнтаў малака было здадзена “экстрай”, у той час як у 2009 годзе такім гатункам было рэалізавана толькі 7 працэнтаў прадукцыі. Сярэднясутачныя прывагі склалі 502 грамы.
У 2010 годзе машынна-трактарны парк гаспадаркі папоўніўся каля 50 адзінкамі новай тэхнікі – высокапрадукцыйнымі зерне- і кормаўборачнымі камбайнамі, пасяўнымі агрэгатамі, энерганасычанымі трактарамі. Таксама быў пабудаваны зернесушыльны комплекс ЗСК-40, які здольны высушваць да 40 тон зерня ў гадзіну.
На 2011 год намечаны сур’ёзныя і складаныя задачы. Паколькі ў раёне запланавана атрымаць зерневых больш 50 тысяч тон, то ўклад “Ільюшынскага”, як адной з вялікіх гаспадарак, у раённы каравай павінен быць немалым. Запланавана сабраць 9 тысяч тон зерня ў бункернай вазе пры ўраджайнасці 34 цэнтнеры з гектара. Для дасягнення гэтай мэты палепшана структура азімых культур, іх сяўба праведзена ў лепшыя агранамічныя тэрміны, захавана тэхналогія, набыта насенне больш высокай рэпрадукцыі. Плануецца далейшая мадэрнізацыя машынна-трактарнага парка.
У жывёлагадоўлі запланавана надаіць на адну карову каля 4 тысяч кілаграмаў малака, прадаць дзяржаве 3974 тоны, а каб атрымліваць прыбытак і не губляць грошы, павялічыць вытворчасць “экстры” да 50 працэнтаў. Сярэднясутачныя прывагі павінны быць не менш 600 грамаў. На 2011 год запланавана рэканструкцыя цялятніка і малочнатаварнай фермы ў Старым Сяле.
Патэнцыял для дасягнення вышэй названых паказчыкаў ёсць, многае залежыць і ад жывёлаводаў, таму намечана павысіць заработную плату на 25 працэнтаў, прадугледзець іншыя меры матэрыяльнага стымулявання. Дарэчы, сярэдняя зарплата працаўнікоў “Ільюшынскага” ў 2010 годзе склала 780 тысяч рублёў. Каб павысіць гэтыя сціплыя лічбы, неабходна працаваць, павышаць і нарошчваць тэмпы вытворчасці. Чым большай будзе выручка ад рэалізацыі прадукцыі, тым вышэйшай стане аплата працы, – зазначыў С.А.Халімоненка.
ААТ “Ільюшынскі” – адна з гаспадарак, у якой няма праблем з кадравым забеспячэннем. Сёння ў сельгаспрадпрыемстве працуе 224 чалавекі. Былі названы прозвішчы лепшых працаўнікоў.
У сувязі з пераўтварэннем у адкрытае акцыянернае таварыства на сходзе быў зацверджаны новы калектыўны дагавор. Таксама абраны члены рэвізійнай камісіі і назіральнага савета.
Перад працаўнікамі выступіў старшыня раённага выканаўчага камітэта А.А.Кавалёнак. Ён ахарактарызаваў работу аб’яднанага сельгаспрадпрыемства, адказаў на хвалюючыя пытанні.
Ва ўрачыстай абстаноўцы былі ўшанаваны працаўнікі, якія ідуць на заслужаны адпачынак. Ім уручаны падарункі. У адрас жаночай паловы прагучалі віншаванні з 8 Сакавіка. Завяршыўся справаздачны сход выступленнем артыстаў мастацкай самадзейнасці з Лепеля.
В.ПОЛАЗАВА.