Первый районный субботник прошел на Ушаччине

Общество

Прывабнасць рэгіёну складаецца з многіх фактараў. Гэта і развітая інфраструктура, і наяўнасць цікавых гістарычных месцаў, славутасцяў, і канечне, чысціня навокал. Вясна – самы час навесці парадак, і красавік у раёне аб’яўлены месячнікам па добраўпарадкаванні. Першы раённы суботнік прайшоў на Ушаччыне 9 красавіка.

Паколькі па прагнозах надвор’я дождж мог сапсаваць планы па ўборцы, распачаўся ён раней звычайнага. З 8 гадзін раніцы арганізацыі ўжо наводзілі парадак на сваіх прылеглых тэрыторыях. Хоць у многіх яна і так выглядае ўзорна, як, напрыклад, у дашкольных установах гарпасёлка, каля школы мастацтваў ці раёна газазабеспячэння, аднак пасля зімы заўсёды знойдзецца работа. Прыгажэй і чысцей стала ўздоўж агароджы стадыёна і вакол Ушацкай школы, дзе шчыравалі яе супрацоўнікі. Традыцыйна ішла ўборка ў скверах па вуліцах Ленінскай і Савецкай. Некалькі працоўных калектываў дэлегавалі сваіх прадстаўнікоў на грамадзянскія могілкі па вуліцы Кастрычніцкай.

Многія арганізацыі правялі суботнік на сваіх працоўных месцах, а некаторыя накіраваліся на замацаваныя за імі брацкія магілы, помнікі, абеліскі і іншыя месцы, звязаныя з увекавечаннем памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр вайны.

Гарачая пара зараз у камунальнікаў, штодня ідуць работы па добраўпарадкаванні гарпасёлка, вось і суботні дзень не стаў для іх выхадным: у розных кропках раёна была задзейнічана тэхніка прадпрыемства, у гарпасёлку работнікі фарбавалі бардзюры, знакі, абразалі дрэвы.

Добраўпарадкаваннем займаліся і ва ўсіх сельсаветах. Напрыклад, у Кублічы на дапамогу сельвыканкаму накіраваўся практычна ўвесь калектыў раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. Прыкметна папрыгажэла пасля суботніка тэрыторыя каля былой школы, дзе зараз размяшчаюцца ўсе службы.

Ну а самы вялікі працоўны дэсант у суботу высадзіўся на “Прарыве”. Работнікі райвыканкама, аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, музея, лясгаса, ДРБУ-105, ЖКГ і іншых арганізацый на чале з старшынямі райвыканкама і райсавета С.С.Садоўскім і Н.М.Марковіч выканалі на мемарыяльным комплексе вялікі аб’ём работы. Жаночая палова ўдзельнікаў суботніка ўбірала сухое лісце, смецце, чысціла пліты. Мужчыны ж узялі на сябе складаную работу – поўным ходам ішоў рамонт зямлянак, агароджы летняй школы, пакрыцця з пліткі, вадой пад ціскам мылася ваенная тэхніка.

Аднак яшчэ нямала месцаў, якія па-ранейшаму чакаюць клапатлівых рук і псуюць агульны выгляд ушацкай зямлі. Адной працоўнай акцыі недастаткова, а таму работы па навядзенні парадку працягнуцца – у бліжэйшую суботу ўшачане будуць шчыраваць на рэспубліканскім суботніку.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *